Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ў Вільні беларусы сьвяткуюць Дзень Волі


Тацяна Поклад, Вільня Беларусы у Вільні адзначаюць Дзень волі. Апрача ўрачыстых акадэміяў, якія ладзілі некалькі арганізацыяў, сёньня перад беларускай амбасадай адбыўся пікет.

Пікет ладзіла Таварыства беларускай культуры у Літве, яго старшыня Хведар Нюнька сказаў:

(Х.Нюнька: ) “Мы пратэстуем супроць таго, што гэта сьвята, якое зьяўляецца самым вялікім сьвятам для беларусаў на усіх кантынэнтах, у Беларусі забаронена. І сёньня мы ня ведаем, колькі людзей там пацерпіць, будзе арыштавана, колькі будзе пабіта, асуджана, – як заўсёды, – таму мы выказваем гэтым (пікетам) свой пратэст супраць таго рэжыму, які давёў да такога стану наш беларускі народ. Нам сорамна за тое, што робіцца сёньня у Беларусі!”

Пікетоўшчыкі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, вялікія плякаты з надпісамі “87 гадоў БНР. Жыве Беларусь!”, “Свабоду палітычным вязьням!”, “Ідзе вясна, вясна Свабоды!”

(В.Акуневіч: ) “Чакаў гэтага дня, каб разам са сваімі сябрамі выказаць сваю нязгоду са становішчам на сваёй Бацькаўшчыне, – Бацькаўшчыне для кожнага беларуса, дзе б ён ня жыў, ці у Беларусі, ці за межамі. Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі будуе мінулае, якое ня мае пэрспэктывы і ня можа мець. Таму я і хачу разам са сваімі сябрамі паказаць, што ня усе так думаюць, як тыя хто цяпер яшчэ падтрымліваюць Лукашэнку. Таму я тут.”

(Ю. Гіль: ) “Гэта нашае сьвята – Зьвеставаньне, і дзень змаганьня за ідэалы 25 сакавіка. Каляровая рэвалюцыя набліжаецца і да Беларусі, думаю, і у нас адбудзецца васільковая, ці іншая рэвалюцыя (чутны голас: “альбо бульбяная рэвалюцыя”) – нам толькі трэба усе сілы аб’яднаць, і тады мы здолеем з дапамогай сусьветнай супольнасьці атрымаць перамогу!”

На ўсе пікеты віленскіх беларусаў супраць аўтарытарнага лукашэнкаўскага рэжыму амбасада РБ адрэагавала толькі аднойчы, прыняўшы пісьмовы зварот ад грамадзкіх арганізацыяў.

(Спадар: ) “Хаця яны хаваюцца там за фіранкамі, але яны вельмі пільна сочаць за кожным крокам нашым. Я нядаўна пачаў удзельнічаць у жыцьці Таварыства беларускай культуры, але ужо адчуў на сабе, што КГБ беларускае ужо мае мяне на ўвазе. Таму я перакананы, што ўсё роўна гэта дойдзе, і хай супрацоўнікі амбасады знойдуць час пазнаёміцца з нашай пазыцыяй і яны можа і самі задумаюцца, чаму ёсьць людзі, якія думаюць ня гэтак, як хоча Лукашэнка.”

Сёньняшні пікет перад будынкам амбасады Рэспублікі Беларусь быў больш шматлюдны, чым мінулыя пікеты у Вільні. Выступоўцы казалі пра палітычныя рэпрэсіі у Беларусі, шматлікія факты парушэньняў правоў чалавека. Мастак Станіслаў Зялёнка чытаў свае патрыятычныя вершы.

(С.Зялёнка: ) “...а колькі ж ты народ, цярпець будзеш, няўжо ж ты на калені навекі стаў?”

(П.Саўчанка: ) “Усе людзі сьвяткуюць гэтае сьвята – Дзень Волі, і толькі адна Беларусь маўчыць. 87-ы раз! Гэта такое сьвята, якое супадае сёлета з уваскрашэньнем Хрыста, падвоенае сёлета сьвята, і уздым такі на душы і верыцца, што прыйдзе гэтае сьвята як сьвята У Беларусь і Беларусь зажыве сапраўдным жыцьцём, бо ёсьць ужо прыклады –сёньня Кіргізія, учора – Украіна, Грузія, – будзе гэтак і у Беларусі. Жыве Беларусь!”

Беларускія арганізацыі у Літве сёлета падрыхтавалі некалькі урачыстых акадэміяў і вечарынаў, прысьвечаных Дню Волі, а Руская мастацкая галерэя ў Вільні да Дня незалежнасьці Беларусі дабрачынна зладзіла выставу выпускніцы закрытага беларускімі ўладамі Коласаўскага ліцэю В. Порах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG