Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Ці магчымы ў Беларусі паўтор кіргізскіх падзеяў?”


Галіна Абакунчык, Менск Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Кіргізстане сталіся падставай для зьмены ўлады ў гэтай краіне. Апазыцыя захапіла ўрадавыя будынкі, рэзыдэнцыю кіраўніка краіны і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Праваахоўчыя органы саступілі іх без супраціву, а прэзыдэнт Аскар Акаеў разам зь сям’ёй пакінуў краіну. Як вы ставіцеся да зьмены ўлады ў Кіргізстане і ці магчымы паўтор кіргізскіх падзеяў у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “У Кіргізіі, там народ даведзены да крайнасьці. У іх безвыходнае становішча. Прэзыдэнт зьбег — гэта таксама факт. А ў Беларусі гэтага ня будзе. Я заўсёды за прэзыдэнта, і яшчэ буду раз галасаваць, бо ў нашым горадзе прыгожа і чыста”.

(Юнак: ) “Калі народ выбірае, што так яму будзе лепш, то гэта правільна. Але беларуская сытуацыя ў гэтым пляне можа адрозьнівацца ад кіргізскай тым, што па-першае, мэнтальнасьць іншая, а па-другое, я лічу, што сытуацыя крыху розьніцца. Там нешта кшталту манархіі, у нас жа аўтарытарная ўлада — гэта зразумела, але не нагэтулькі ўсё крытычна”.

(Спадарыня: ) “Усёмагчымыя ператрусы — гэта кепска. І падобнага ў Беларусі не павінна адбыцца. Бо, як мне аднойчы сказалі расейцы, мы прымарожаныя, мы прытарможаныя, мы проста міралюбны народ”.

(Юнак: ) “Калі ва Ўкраіне гэтыя падзеі я ўспрымаю станоўча, то ў Кіргізстане адмоўна. Бо, калі сама апазыцыя ня хоча браць улады ў свае рукі і кажа, што яна ня думала пра тое, што будзе, то гэта вельмі дрэнна. Гэта ўжо анархія”.

(Спадар: ) “Беларусь — гэта болей цывілізаваная краіна, цэнтар Эўропы. І казаць пра тое, можа такое быць ці не… Пэўна, не. Азіяцкія краіны — там кланавасьць, а тут магутны дзяржаўны апарат, і гэтым усё сказана”.

(Юначка: ) “У Кіргізіі, думаю, вельмі цяжкая эканамічная сытуацыя, і цяжка вызначыць — станоўчы гэта факт ці адмоўны. Ня ведаю, наколькі гэта магчыма ў Беларусі, бо ў нас іншы народ, іншыя людзі, але хочацца верыць, што гэта магчыма”.

(Юнак: ) “У Беларусі наўрад ці атрымаецца. Спэцназ, АМОН — сёньня ж у Беларусі мусіла быць васільковая рэвалюцыя. І дзе яна?”

(Спадар: ) “Калі народ так захацеў, то гэтак і павінна быць. Калі прэзыдэнт уцёк, то значыць, было чаго. Канечне ж, можа і ў нас такое быць. Трэба нешта мяняць, каб у нас было лепш”.

(Спадар: ) “Ня вельмі падабаецца, што адбылося ў Кіргізіі, бо Аскар Акаеў нечым падобны да Станіслава Шушкевіча — з той жа акадэмічнай супольнасьці. Мне ён імпануе сваёй інтэлігентнасьцю. Але хацелася б нейкіх зьменаў і ў Беларусі”.

(Юначка: ) “Гэтая зьмена ўлады, яна ня проста так адбываецца. Народ сам да гэтага прыходзіць, і гэта добра, я станоўча стаўлюся да зьмены ўлады ў Кіргізіі. Што тычыцца нашай краіны, то мы ня хутка прыйдзем да гэтага, але прыйдзем, я вельмі спадзяюся”.
XS
SM
MD
LG