Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці існавала б Рэспубліка Беларусь, калі б у 1918 годзе не была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка?


Галіна Абакунчык, Менск 25 сакавіка спаўняецца 87 гадоў з часу абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйныя ўлады краіны замоўчваюць гэтую дату і сьвята ўсталяваньня беларускай дзяржаўнасьці на неафіцыйным узроўні адзначае толькі дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі. “Як вы ставіцеся да абвяшчэньня БНР? Ці адзначаеце гэтую падзею? І ці быў бы ў беларусаў гістарычны шанец стаць незалежнай дзяржавай без абвяшчэньня БНР?”

(Спадар: ) “Я лічу, што сапраўды БНР была першай беларускай дзяржавай, але яна была пранямецкай. Зьнікла нямецкая імпэрыя, зьнікла і БНР. Але я, як вайсковец, да прыкладу, лічу, што вайсковае сьвята ў Беларусі павінна адзначацца не 23 лютага, а 8 верасьня — у дзень Аршанскай бітвы”.

(Юначка: ) “Ня буду аспрэчваць важнасьці гэтага сьвята, але думаю, што яно больш вядомае толькі ў пэўных колах грамадзтва. Што да мяне, то я яго не адзначаю, але лічу, што без БНР не было б таго шляху разьвіцьця гісторыі Беларусі, не было б незалежнай дзяржавы ў тым выглядзе, якім яна існуе цяпер”.

(Юнак: ) “Ня вельмі сьвяткую, але вельмі было б добра, каб гэтае сьвята сталася дзяржаўным. Бо абвяшчэньне БНР — адна з найважнейшых падзеяў у гісторыі Беларусі. І, пэўна, дзяржаўнасьці ў нас не было б”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы ведаеце пра такую дату — 25 сакавіка, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка? Як вы ставіцеся да гэтай падзеі, ці сьвяткуеце і ці лічыце, што Беларусь мела б яшчэ нейкі іншы шанец мець сваю дзяржаўнасьць, калі б не БНР?”

(Спадарыня: ) “Чула і чытала некалі ў газэтах. Быў жа і свой сьцяг, і “Пагоня” — усё ж было. Канечне, хацелася б, каб Беларусь была незалежнай. І я толькі веру ў адно, што, можа, мы ўсё ж такі пабачым свабоду. Якой бы яна ні была, але свабода будзе”.

(Юначка: ) “Я вельмі станоўча стаўлюся да гэтай падзеі, абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Бо я лічу, што гэта быў адзіны шанец, калі нашая дзяржава магла разьвівацца асобна ад іншых, каб магла разьвіваць сваю мову, культуру і сваю самастойнасьць. І цяпер, калі ідзе інтэграцыя з Расеяй, гэта ўжо немагчыма. І мы вельмі залежым ад расейскай мовы і ад расейскай культуры. Быў шанец, але мы яго згубілі, і я думаю, што наўрад ці ён зьявіцца яшчэ раз”.
XS
SM
MD
LG