Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць рэвалюцыйныя падзеі ў Кіргізстане


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі ўладаў асуджаюць”вулічныя бунты”, апазыцыянэры ж наадварот вітаюць рэвалюцыю і гавораць пра зьмену эпох на постсавецкай прасторы.

Афіцыйны Менск занепакоены падзеямі ў Кіргізстане. Вось зь якой заявай выступіла Міністэрства замежных справаў Беларусі. Гаворыць намесьнік начальніка ўправы інфармацыі гэтага міністэрства Руслан Есін:

(Есін: ) “У Рэспубліцы Беларусь уважліва сочаць за разьвіцьцём крызіснай сытуацыі ў Кіргізстане. Выклікае занепакоенасьць дэстабілізацыя становішча ў паўднёвай частцы Кіргізстану. Арганізацыя масавых беспарадкаў і захоп грамадзкіх будынкаў ня могуць быць канструктыўным інструмэнтам у вырашэньні палітычных рознагалосьсяў. Падкрэсьліваючы, што ўсё гэта ёсьць унутранай справай Кіргізстану, заклікаем усе зацікаўленыя бакі ўрэгуляваць любыя спрэчныя пытаньні выключна ў рамках прававога поля”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян упэўнены, што рэвалюцыйныя падзеі кшталту кіргізскіх у Беларусі немагчымыя. На ягоную думку, прырода ўлады ў Беларусі іншая:

(Касьцян: ) “У Беларусі гэта немагчыма. Бо ня тыя ўмовы. Урад, парлямэнт, прэзыдэнт Беларусі –– гэта ня нейкія фінансавыя кланы. Гэта выбраньнікі народу, якія не зьвязаныя ні зь якімі кланамі. А там кланы, кіраўніцтва адарвалася ад свайго народу. Акаеў хістаўся то ў бок Амэрыкі, то ў бок Расеі. І ў выніку ні тым, ні другім ня стаў патрэбны”.

Сяргей Касьцян таксама выступае супраць усялякіх “вулічных бунтаў”.

А грамадзкі дзеяч, прэтэндэнт на пасаду адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч вітае кіргізскую рэвалюцыю, якая мае быць прыкладам для беларусаў:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што гэта ўсё ж такі працэс не фундамэнталісцкага ўплыву, а дэмакратычныя працэсы ў Кіргізстане. Кіргізстан быў найбольш дэмакратычнай краінай у Цэнтральнай Азіі, аднак і там дэмакратычныя працэсы павінны ісьці значна хутчэй, чым ішлі. Я думаю, што для Беларусі вельмі важныя такія падзеі — Украіна, Тбілісі і цяпер Бішкек. Таму што для Беларусі гэта прыклад таго, што толькі народ мае права вырашаць лёс выбараў, а не махінацыі ў часе іх”.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі зьвязвае кіргізскую, а таксама грузінскую і ўкраінскую рэвалюцыі з заканчэньнем постсавецкай эпохі і лічыць, што гэты працэс не абміне і Беларусь:

(Дабравольскі: ) “Ёсьць тэндэнцыя, і гэта даволі цікава. Думаю, што гэтага шэрагу рэвалюцыяў ніхто не чакаў. Можна спрачацца было наконт Грузіі і Ўкраіны, але проста цяпер ёсьць тэндэнцыя. Відаць, сканчаецца такі постсавецкі, я б сказаў, СНДоўскі пэрыяд — і пачынаецца новы. І ў гэтых варунках Беларусь наўрад ці будзе выключэньнем. Я думаю, што раней ці пазьней такое адбудзецца і ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG