Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым патлумачыць антыгуманныя дзеяньні ўладаў адносна Міхаіла Марыніча?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 24 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: юрыст Сяргей Балыкін і старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

(Валер Карбалевіч: ) “Здароўе Міхаіла Марыніча выклікае трывогу ня толькі ягоных родных і блізкіх, але і шырокай дэмакратычнай супольнасьці. Антыгуманнасьць дзеяньняў уладаў праяўляецца ня толькі ў тым, што яго фактычна пэўны час адмаўляліся сур’ёзна лячыць. З самага пачатку ягонага арышту яго лічаць палітычным зьняволеным. Праваабаронцы, дэмакратычная грамадзкасьць ацанілі прысуд Марынічу як вельмі сумнеўны з прававога гледзішча. Вось гэты статус палітзьняволенага ў зьвязку зь цяжкай хваробай дае падставы падазраваць улады, ацэньваць іхныя дзеяньні як сродак барацьбы з палітычным апанэнтам. А як вы ацэньваеце гэтую сытуацыю зь Міхаілам Марынічам?”

(Сяргей Балыкін: ) “Я ўпэўнены, што Марыніч не вінаваты ў тым злачынстве, за якое ён быў асуджаны. Тыя падзеі, якія разьвіваліся пасьля прысуду, толькі пацьвярджаюць гэты пункт гледжаньня. Марыніч цяпер хворы, у яго некалькі цяжкіх захворваньняў, напрыклад, ішэмічная хвароба сэрца. У адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам зьняволены можа быць вызвалены ад пакараньня па стане здароўя. Пералік такіх захворваньняў ёсьць у адпаведным палажэньні, якое зацьверджанае міністрам унутраных справаў. Нашае крымінальнае заканадаўства зыходзіць з прынцыпу гуманнасьці, паводле якога асноўны сэнс пакараньня — гэта выпраўленьне злачынцаў, а не спрычыненьне ім нейкай фізычнай шкоды ці маральных пакутаў. Але, на жаль, прынцып гуманнасьці ў дачыненьні да Марыніча неяк буксуе. Улады не сьпяшаюцца вызваляць яго з нагоды хваробы”.

(Алесь Бяляцкі: ) “Адразу пасьля таго, як было прад’яўленае абвінавачаньне Марынічу, праваабарончы цэнтар “Вясна” заявіў, што гэта ёсьць палітычны заказ. Такога ж гледзішча прытрымліваюцца ўсе праваабарончыя арганізацыі Беларусі. Суд над Марынічам — гэта быў палітычны працэс. І на сёньняшні дзень ён зьяўляецца палітычным зьняволеным. Сама сытуацыя з Марынічам паказала гніласьць усёй пэнітыцыярнай сыстэмы Беларусі. Нашая сыстэма зьняволеньня людзей вызначаецца такімі рысамі як цынізм, бесчалавечнасьць. Усё гэта можна назваць адным словам — сталіншчына. Тое, што было пабудавана ў 1930-я гады, яно і працуе цяпер. Проста калі, чалавек, да лёсу якога прыкаваная ўвага грамадзкасьці, трапляе ў такія жахлівыя ўмовы, тады і выяўляюцца ўсе гэтыя мэтастазы.

Паглядзіце, што адбылося з Марынічам. Яго перавозяць у Аршанскую калёнію, якая лічыцца адной з найгоршых у Беларусі па ўмовах утрыманьня. Яна перанаселеная, там дрэнныя санітарна-гігіенічныя ўмовы. І па дарозе туды губляецца мэдыцынская карта Марыніча. А ў яго абвастраецца хвароба. І яго ня лечаць. Чакалі, калі знойдзецца гэтая карта. У Марыніча здараецца прыступ, хвароба абвастраецца, чалавек літаральна на вачах становіцца інвалідам. І мы звонку нічога ня можам зрабіць. Сыстэма пабудаваная такім чынам, што хутчэй працаваць яна ня можа.

Гэтая сыстэма, якая павінна спрыяць выпраўленьню чалавека, на самай справе настроена на тое, каб нішчыць здароўе зьняволеных. І мы з жахам убачылі, як гэта адбываецца на прыкладзе Марыніча. Ці спэцыяльна зрабілі гэта ўлады? У нас ёсьць сумненьні, розныя вэрсіі. Можна разглядаць пытаньне аб асаблівым цынізьме, жорсткіх адносінах да Марыніча. І гэта адбываецца з чалавекам немаладым і дастаткова заслужаным, які шмат што зрабіў для Беларусі. І вось такое, фактычна, павольнае забіваньне чалавека, магло мець калі і не спэцыяльную скіраванасьць, але, прынамсі, да апошняга часу ніхто з прадстаўнікоў улады не паварушыў пальцам, каб дапамагчы яму”.

(Карбалевіч: ) “Сытуацыя вакол Марыніча выклікае тым большыя пытаньні, у зьвязку з тым, што адбываецца адначасова, паралельна з гэтым у справе Жураўковай. Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта, абвінавачаная ў крадзяжы звыш трох мільёнаў даляраў, асуджаная на чатыры гады, але так і не апынулася ў месцах зьняволеньня, знаходзіцца дома пад хатнім арыштам, з-за хваробы. Відавочна, можна казаць пра двайныя стандарты. Па-першае, злачынства, зьдзейсьненае Жураўковай, не параўнальнае з тым, за што асуджаны Марыніч. Там скрадзеныя звыш трох мільёнаў, тут, нібыта, шэсьць кампутараў. Па-другое, Жураўкова праходзіць курс лячэньня дома, прычым, улады ня хочуць аб’яўляць дыягназ, а міністар унутраных справаў Навумаў заявіў, што ён нават ня ведае дыягназу. Можа, там гаворка ідзе пра вострае рэсьпіраторнае захворваньне. Тут улады праяўляюць звышгуманізм, не ўласьцівы нашай сыстэме правасудзьдзя. А Марыніча з дыягназам інсульт і ішэмічная хвароба сэрца знаходзіцца за кратамі. Як бы вы пракамэнтавалі такое дыямэтральна процілеглае стаўленьне да розных зьняволеных?”

(Балыкін: ) “Гэтыя падзеі якраз і зьяўляюцца пацьверджаньнем таго, што ў нашай краіне існуюць двайныя стандарты. Жураўкова — прадстаўніца кіроўнай намэнклятуры. Калі яна раскаялася ў сваіх злачынствах, прынесла прабачэньне Лукашэнку, то апошні не настойвае на тым, каб да Жураўковай ўжывалі нейкія жорсткія захады. Фармальна нашае заканадаўства дазваляе трымаць асуджанага пад хатнім арыштам. Гэткім чынам ён можа чакаць адпраўкі ў папраўчую ўстанову. І хвароба Жураўковай можа зьяўляцца падставай, каб адтэрмінаваць час адпраўкі ў гэтую ўстанову. Для мяне не будзе нечаканым, калі Лукашэнка афіцыйна памілуе Жураўкову.

А Марыніч зьяўляецца палітычным праціўнікам Лукашэнкі і існай улады. Таму да яго прымяняюцца больш жорсткія захады. Яго трымаюць у турэмным шпіталі. Але ж тамтэйшыя ўмовы не дазваляюць вылечыць чалавека ад такіх цяжкіх захворваньняў. Гэта і пацьвярджае існаваньне двайных стандартаў”.

(Бяляцкі: ) “З аднаго боку, не хацелася б, каб падумалі, што мы сквапныя да крыві Жураўковай. Асабіста ў мяне няма такога зларадзтва, што вось, урэшце, яна даскакалася, што чалавека, які быў пры целе Лукашэнкі, нарэшце судзілі. Але зь іншага боку, гэтыя судовыя працэсы над Марынічам і Жураўковай яскрава паказалі, што судовая сыстэма ў Беларусі знаходзіцца на службе выканаўчых уладаў, яна ня ёсьць самастойнай. Судовая сыстэма згубіла ўсялякі аўтарытэт у вачах грамадзкасьці, тых людзей, якія ўмеюць аналізаваць. Кожны можа падумаць: што такое адбываецца на судзе, да якога прыцягнутая ўвага грамадзкасьці? А што ж тады адбываецца ў нас у звычайных судах, з звычайнымі грамадзянамі Беларусі? Мы бачым, што пануе “тэлефоннае права”, суб’ектыўнае стаўленьне да прысуду, мала залежнае ад закону. Так ламаюць лёсы людзей.

Таму несуцяшальныя высновы можна зрабіць пасьля гэтых двух гучных працэсаў. І не адзін беларускі грамадзянін ня можа адчуваць сябе спакойна, бясьпечна, быць упэўненым, што ягоныя правы ахоўваюцца пры той сытуацыі, якая ёсьць сёньня ў нашай краіне”.

(Карабалевіч: ) “Сытуацыя з Марынічам выклікала моцны міжнародны рэзананс. Розныя міжнародныя інстытуты і асобныя палітыкі патрабуюць ягонага вызваленьня, мэдычнай дапамогі. Упершыню ў найноўшай беларускай гісторыі ўжо колькі дзень запар дзесяткі людзей пратэстуюць супраць трыманьня за кратамі Марыніча і іншых палітзьняволеных на цэнтральнай плошчы Менску. Як можна ацаніць гэтыя акцыі салідарнасьці і які ўплыў яны могуць аказаць на лёс Марыніча?”

(Балыкін: ) “З прававога гледзішча гэтыя пратэсты ня могуць аказаць ніякага ўплыву. Але існуе і іншы аспэкт гэтай справы, палітычны чыньнік. Парадокс існага рэжыму ў тым, што ён у нейкай ступені баіцца міжнароднай рэакцыі. Таму пратэсты міжнароднай супольнасьці, тыя лісты, якія накіроўваюцца ў Вярхоўны суд, асабіста Лукашэнку, даюць нейкі плён. Мэнавіта па гэтай прычыне Марынічу скарацілі тэрмін зьняволеньня. І калі гэтыя пратэсты будуць працягвацца, я не выключаю, што адміністрацыя калёніі, дзе адбывае пакараньне Марыніч, зьвернецца ў суд з прадстаўленьнем аб вызваленьні Марыніча з нагоды ягонай хваробы”.

(Бяляцкі: ) “Мы горача вітаем любую актыўнасьць у падтрымку Марыніча. Натуральна, што мы падтрымліваем тыя штодзённыя ланцугі, якія ладзяцца цяпер на Кастрычніцкай плошчы Менску. Наш цэнтар дапамог арганізаваць шырокую міжнародную акцыю лістоўнай падтрымкі Марыніча. У прыватнасьці, такая агульнавядомая міжнародная арганізацыя, як “Amnesty International”, пасьля прадстаўленьня інфармацыі пра тое, што адбылося з здароўем Марыніча, арганізавала маштабную акцыю пасылкі лістоў да ўраду Беларусі ад звычайных замежных грамадзянаў, з патрабаваньнем вызваліць вязьня.

Пэўны псыхалягічны ціск аказалі і тыя рэзалюцыі, якія былі прынятыя міжнароднымі структурамі, найперш, гэта рэзалюцыя Эўрапарлямэнту. Пытаньне правоў чалавека ў Беларусі знаходзіцца цяпер у фокусе міжнароднай увагі, выклікае заклапочанасьць міжнароднай супольнасьці. А справа Марыніча зьяўляецца такім яскравым увасабленьнем парушэньняў такіх правоў”.

(Карабалевіч: ) “Такім чынам, сытуацыя вакол хваробы Марыніча яшчэ раз паказала і негуманнасьць беларускіх уладаў, і двайныя стандарты ў адносінах да розных зьняволеных, і ўсплёск грамадзкай салідарнасьці. Акрамя таго, міжнародны рэзананс, які набыла гэтая справа, яшчэ больш дыскрэдытуе ў вачах міжнароднай супольнасьці цяперашні палітычны рэжым”.
XS
SM
MD
LG