Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах адбыліся затрыманьні актывістаў дэмакратычнага руху, каб яны не патрапілі ў Менск 25 сакавіка


Міхал Стэльмак, Менск Паводле затрыманых, гэткім чынам улады перашкодзілі іх намеру ўзяць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

У Жодзіне затрымалі чатырох сяброў мясцовай суполкі “Маладога фронту”, у тым ліку яе кіраўніка Паўла Красоўскага. Уначы ў горадзе вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. Як паведаміў актывіст моладзевага руху, міліцыянты падазраюць яго ў дачыненьні да гэтага:

(Красоўскі: ) “Прыехалі да мяне раніцай міліцыянты: маўляў, нехта разьвесіў сьцягі, і мы, яшчэ Яўген Валкавец, Алесь Смольскі і Сяржук Слабуха, першыя падазраваныя, як я разумею. Я правёў чатыры з паловай гадзіны ў будынку міліцыі. Яны бяруць з нас тлумачальныя. Што нібыта мы зрабілі. Гавораць: хто яшчэ, апроч вас гэта зрабіў! Паводле зьвестак міліцыянтаў было вывешана пяць сьцягоў. Яшчэ яны казалі, што нехта зрабіў фарбай надпіс “ганьба” на будынку адміністрацыі. Такое ўражаньне, што міліцыянты трымалі нас дзеля таго, каб цягнуць час. Увесь час пыталіся, “ці едзем мы на рэвалюцыю”.

Дарэчы, жодзінскія міліцыянты зьвярнулі сёньня пільную ўвагу і на асобу лідэра тутэйшай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Ваўчаніна:

(Ваўчанін: ) “Тэлефанавалі дадому, шукалі мяне. Але я сёньня працую на хуткай дапамозе. І тэлефанавалі на хуткую дапамогу: дзе Ваўчанін?”

На Кастрычніцкую плошчу ў Менск зьбіраліся прыехаць і некалькі дзясяткаў жыхароў Салігорску. Аднак дабрацца да сталіцы ўдалося ня ўсім. У прыватнасьці, быў затрыманы аўтамабіль зь пяцьцю пасажырамі, якім кіраваў лідэр мясцовай прадпрымальніцкай суполкі “Пэрспэктыва” Аляксандар Цэцура. Вось што распавяла пра гэта каардынатарка жаночага руху ў Салігорску Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Мы ехалі ў Менск на акцыю, якую праводзіць Андрэй Клімаў. Ня даяжджаючы да вёскі Пагост, нас затрымалі. Мы паехалі акружной дарогай. Але і там стаяла ДАІ. “Даішнікі” спынілі машыну, урэшце забралі ў Цэцуры дакумэнты і заявіліАляксандру, што машына яго лічыцца ва ўгоне”.
XS
SM
MD
LG