Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: “Відавочна, што Аскар Акаеў быў спрытным прыстасаванцам”


Уладзімер Глод, Менск Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч добра ведае Аскара Акаева. На пачатку 1990-х гадоў лідэраў Беларусі і Кіргізстану зьвязвалі сяброўскія стасункі — абодва прыйшлі да ўлады насуперак камуністычнай намэнклятуры, абодва былі прыхільнікамі дэмакратычных зьменаў, вядомымі навукоўцамі. Потым іх дарогі разышліся. Чым Станіслаў Шушкевіч тлумачыць мэтамарфозы ў палітыцы Аскара Акаева?

Станіслаў Шушкевіч згадвае, што Аскар Акаеў пачынаў з радыкальных зьменаў — на самым пачатку свайго кіраўніцтва ён праводзіў рынкавыя рэформы, прыцягнуў у краіну замежныя інвэстыцыі, спрыяў працэсам дэмакратызацыі і нацыянальнага адраджэньня. Акаеў не падтрымаў ГКЧП, забараніў кампартыю і канфіскаваў яе маёмасьць на карысьць дзяржавы:

(Шушкевіч: ) “Я ніколі ня думаў, што такі чалавек, якога я так моцна паважаў, пойдзе такім антыдэмакратычным шляхам. Мабыць, яму ўсё больш і больш падабалася ўладарыць. Бо калі я пайшоў у адстаўку, дык яго жонка амаль штодня талэфанавала маёй, і ўсё абуралася: як гэта дрэнна ў вас і як дэмакратычна і вольна ў Кіргізстане. А пасьля гэта паціху-паціху згасла, і апошнія гады ўжо не было ніякай сувязі”.

Я спытаў Станіслава Шушкевіча, ці можна на прыкладзе Акаева казаць аб трагедыі чалавека, які спачатку імкнуўся да дэмакратыі, але якога прага ўлады завяла зусім на іншы шлях? Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі гаворыць, што першапачаткова і ён так думаў. Але потым пераканаўся ў іншым:

(Шушкевіч: ) “Я трагізму ня бачу. Відавочна, ён вельмі лоўка прыкідваўся адкрытым чалавекам, бо чалавек з сапраўды дэмакратычнымі перакананьнямі ня мог пайсці такім шляхам. Я думаю, што ён навучыўся прыстасоўвацца да любога часу — спачатку да савецкага, потым да нацыянальнага адраджэньня, калі стаў гарачым прыхільнікам кіргізскай мовы як дзяржаўнай. Але калі зразумеў, што без падтрымкі Расеі ён там не ўтрымаецца, павярнуўся да Масквы, увёў другую дзяржаўную мову. Потым зьвярнуўся да амэрыканцаў, адкрыў для іх вайсковую базу. Пабачыў, што на гэта коса глядзіць Расея — запрасіў расейскую базу. Ён адаптаваўся да ўсяго, чаго хочаш, абы толькі захаваць сваю ўладу. Я думаю, што я напачатку ўспрымаў яго абсалютна няправільна”.
XS
SM
MD
LG