Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ячонка


Віталь Сямашка, Ячонка, Стаўпцоўскі раён (эфір 28 лютага). Перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Сюды, у Ячонку, што на Стаўпцоўшчыне, я прыехаў, можна сказаць, на параду Менскай абласной асацыяцыі сялянскіх фэрмэрскіх гаспадарак — маўляў, рух тут на ўздыме. На месцы ўсё аказалася яшчэ цікавей, бо мястэчка на сваім узроўні акурат у разгары эканамічных ды, калі хочаце, геапалітычных зьменаў. Гэта можна параўнаць хіба з сытуацыяй ХІХ стагодзьдзя, калі яно з-за перанаселенасьці падзялілася на Вялікую ды Малую Ячонкі. Толькі цяпер разьмежаваньне ідзе празь сьвядомасьць тутэйшых — так бы мовіць, на Ўчорашнюю, Сёньняшнюю ды Заўтрашнюю Ячонкі. Мы пабываем у кожнай.

Дарэчы, учора тут была адна з брыгад калгасу “Праўда”. Заўтрашні дзень, здаецца, за фэрмэрствам: прынамсі, тут пра гэта мараць. Цяпер землі належаць cельгасвытворчаму каапэратыву “Каганец”, паходжаньне назвы якога тут ведае любы, бо яно крэўнае.

(Голас: ) “Жонка-настаўніца беларускай мовы старшыні Віктара Караля падказала ідэю. Паэт Карусь Каганец нарадзіўся ў гэтых краях”.

У сьмяшлівай паварыхі цёткі Леакадзіі зь мясцовага дзіцячага садка свая вэрсія назвы вёскі — “ячонка-пячонка”. Я выказваю іншую.

(Карэспандэнт: ) “Можа, зь яечняй зьвязана?”

(Цётка Леакадзія, сьмяецца: ) “Ня ведаем… Нам дык палягчала, што тут Філіпавіч. Я замяніла ў яго насеньне бульбы, у мяне цяпер “Скарб” — добра накопваю. Пасадзілі “Скарб” — і скарб у хаце завёўся”.

Пра старшыню ячонкаўскага каапэратыву фэрмэрскіх гаспадарак “Сула” — гэта і назва мясцовай рачулкі — спадара Ўладзімера Філіпавіча Радзевіча ды ягоных паплечнікаў пазьней. Я ж у кабінэце 24-гадовай дырэктаркі дзіцячага садка Вольгі Ляўшэвіч, якая прыехала з Салігорскага раёну. Пры згадцы пра ейны сёньняшні стан твар дзяўчыны цямнее. Акурат напярэдадні зачынілі ячонкаўскую сярэднюю школу — не прыйшло ніводнага новага навучэнца. У вёсцы з колькасьцю насельнікаў за трыста чалавек не праведзены газ ды вадаправод. Няма вулічнага асьвятленьня. Ужо два гады — амбуляторыі. Распытваю Вольгу:

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць небясьпека закрыцьця садка?”

(Вольга: ) “Ёсьць. У гэтым годзе будзе выпуск, і застанецца восем дзетак. Калі стане меней за восем — зачыняць. Пагроза беспрацоўя вісіць! Няма кватэры, дзе б тут жыць. Прапануюць у суседняй вёсцы. Працаваць у Ячонцы і ўвечары невядома як дабрацца — вельмі цяжка. Мне падаецца, моладзь не застанецца”.

Спрабую крыху зьмяніць настрой, у чым з энтузіязмам падтрымлівае выхавацельская грамада дзіцячага садка.

(Карэспандэнт: ) “Так што адзінае выйсьце —загадчыцы трэба тэрмінова тут замуж выскокваць?!”

(Галасы: ) “Канечне… Вядома! Каб пагалоўе трымаць (Сьмяюцца.)”.

Дарэчы, палова ячонкаўцаў — людзі працаздольнага веку. Праўдападобна і тое, што здольнасьці свае праяўляюць збольшага ў іншых месцах. Бо былыя калгасныя землі, 250 гектараў, неўзараныя. Малочнатаварная фэрма на 400 галоваў кульгае з нагі на нагу. Апавядае мой суразмоўца — інвалід, былы камбайнэр 65-гадовы Пётра Лагвін:

(Лагвін: ) “Часам і загадчык фэрмы кароваў пасе. П’яніцы засталіся. Грошы атрымаюць — пакуль не прап’юць, на працу не ідуць. Выжані іх — няма кім замяніць. І сеяць, капаць няма каму, бо хаты прыватызавалі ды паўцякалі на лепшую працу. Лукашэнка гаворыць: добра дапамагаюць састарэлым. А толькі агароджы прывезьлі — і ўся дапамога. Дык яны паставілі, што тут прыпынак і начальства праяжджае. А былі б далей ад дарогі, хто б дапамог?! І сельсавет вінаваты”.

Тым часам мяне адвёў у бок ячонкаўскі стараста ды былы дырэктар школы Ўладзімер Ігнатавіч Яўсейчык. А пагутарыць, як ён выказаўся, з “таварышам зь Менску” вырашыў, нягледзячы на чарговае перачытваньне трылёгіі “Ціхі Дон” сталінскага ўлюбёнца — пісьменьніка Шолахава.

(Яўсейчык: ) “У школе “Паднятая цаліна” абавязковай была. Вучыць, як трэба быць ідэйна ўстойлівым, не хістацца, як Мелехаў — то да белых, то да чырвоных”.

(Карэспандэнт: ) “А вы самі сёньня за якіх?”

(Яўсейчык: ) “Я 100 адсоткаў за палітыку, што праводзіць нашае кіраўніцтва начале з прэзыдэнтам.Таму і старастам стаў. Я старшыня вэтэранскай арганізацыі сельсавету. Партбілет захаваў яшчэ”.

Задаю суразмоўцу пытаньні рубам, на якія атрымліваю цікавыя адказы:

(Карэспандэнт: ) “Што вы за пяць гадоў здолелі прабіць для вяскоўцаў?”

(Яўсейчык: ) “О-о! Канкрэтна — магілкі. Агароджу паставілі. Бур’яном зарастае ў каго ў непаложаным месцы — укажу!”

(Карэспандэнт: ) “Але ж людзі кажуць: жыць становіцца горш…”

(Яўсейчык: ) “Ад каго вы гэта чулі?! Ні да чорта падобнага! Я ня чуў, каб хтосьці ў нас сказаў, што цяпер горш, чым раней. Наадварот — хапае ўсяго ў краме!”

* * *

Далейшы сюжэт падарожжа пачаў разьвівацца весела ды нечакана. Памянёны стараста Яўсейчык амаль кінуўся наўцёкі, убачыўшы, як да нас падыходзяць Іван Валадзько ды Васіль Скроб, адпаведна былы калгасны доктар ды трактарыст. 10 кастрычніка мінулага году яны лічаць сваім другім нараджэньнем — юрыдычна аформіліся фэрмэрамі. Іван узяў 36 гектараў зямлі, Васіль — на гектар меней. І вось вам фэномэн. Аказалася, што палкі камуністы Яўсейчык, паводле партыйнай тэрміналёгіі, ня грэбуе наймацца ў парабкі да новых гаспадароў, ахвотна бярэ за гэта бульбу якасных гатункаў, што вырашчаная на фэрмэрскіх палетках. Падчас сустрэчы твар у твар старасту было б, як кажуць, няма чым крыць. Кажуць спадары Валадзько ды Скроб:

(Валадзько: ) “Звольніўся з калгасу, бо той стаў валіцца ў пастку. Спачатку хацелі зрабіць, як ва Ўкраіне, падзяліць зямлю на паі. Гэта тое самае фэрмэрства: хто ня здольны, аддаваў бы зямлю ў арэнду альбо б яе прадаў. А ў нас напісалі заявы, каб ізноў аб’яднацца — добраахвотна-прымусова. Лукашэнка кажа: купляйце фэрмы, наводзьце парадак. Няма такога — словы. Мы сутыкнуліся з афармленьнем гэтых дакумэнтаў — год і чатыры месяцы! Ідыятызм!”

(Скроб: ) “Розьніца вялікая. За свае 35 гектараў я сам буду перажываць, каб добры вырас ураджай. А ў калгасе толькі выгляд робяць, што працуюць. А тут глядзіш, каб добра апрацаваць, паўтары тоны саляркі “на дурку” нікуды ня сыдуць, бо гэта маё”.

(Карэспандэнт: ) “Ячонка бяз фэрмэраў сёньня выжыла б ці не?”

(Валадзько: ) “Уся зямля, 1200 гектараў — валялася б бяз справы, магла б бур’янам зарасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Настрой падняць Ячонцы ў вас ёсьць?”

(Галасы: ) “Ёсьць!”

А цяпер, урэшце, пра чалавека, які падахвочвае гэты настрой. Як вы чулі, у вёсцы яго завуць Філіпавічам. Спадар Уладзімер Рудзевіч — аўтар ідэі каапэратыву фэрмэрскіх гаспадарак, яго рухавік. Калі хочаце, гарантыя фэрмэрскай будучыні Ячонкі. Доўгае жыцьцё кідала яго ў розныя бакі. Першы сакратар Стаўпцоўскага райкаму камсамолу ды Менскага райкаму КПБ у савецкі час, старшыня калгасу, райвыканкаму ды сталічнага гараграпраму. Але найперш яго называюць чалавекам справы. Я хачу, каб пачулі гэта і вы.

(Рудзевіч: ) “Вось у нас новыя дзьве гаспадаркі створаны, будзе чацьвертая, і адкрыем яшчэ. Каапэратыў фэмэрскіх гаспадарак — адзіны севазварот, агульнае выкарыстаньне тэхнікі, таму што кожнаму ўсе віды тэхнікі мець ня мае сэнсу. Адным камбайнам у сябе ўбралі 150 гектараў. Трактароў трэба менш, хапае аднае сеялкі ды бульбакапалкі, бухгальтара аднога на ўсіх. Не павінен кожны варыцца ва ўласным саку!”

(Карэспандэнт: ) “Каб цяпер перад вамі паўстала б альтэрнатыва: вярнуцца на намэнклятурную пасаду альбо быць на вольных хлябах?”

(Рудзевіч: ) “Толькі! Толькі на асабістай гаспадарцы. Я за тое, каб былі шматгаліновыя гаспадаркі, дзе даюць аддачу, дзе ёсьць кіраўнікі, каб гаспадарка ня легла. Але я за тое, каб аддаваць ляжачыя гаспадаркі фэрмэрам на самых ільготных умовах. Выцягнуць Ячонку з фэрмай, зямлёй, людзьмі — з усімі клопатамі пэнсіянэраў — мы гатовыя!”

Да размовы падключаецца жонка, спадарыня Зінаіда:

(Зінаіда: ) “Справаздачна-выбарчы сход быў, дык людзі гаварылі: бяры, Радзевіч, Ячонку — і мы будзем дапамагаць. А ён: скажыце вы на сходзе гэта! Як вы захочаце, так і будзе. Ага, кажуць, а раптам не аддадуць гэтую Ячонку, мы ж ізноў застанемся з тым самым старшынём. Дык тады ён нам і каня ня дасьць бульбу пасадзіць ці заараць — адпомсьціць!”

(Радзевіч: ) “Улада… Таму што лягчэй працаваць з падняволенымі”.

Таму надзея, лічыць Рудзевіч, на моладзь. І гэтае спадзяваньне тут пакрысе спраўджваецца. У 21-гадовым Алесю Валадзьку. Вось што ён расказаў мне:

(Алесь: ) “Прыйшоў я з войска ў пятніцу. Выхадныя мы зь сябрамі папілі гарэлкі і праз пару дзён прыйшоў сюды, сеў на ЗІЛ кіроўцам. Зарабляю нашмат болей, чым у калгасе — там 100 тысяч, тут у тры-чатыры разы болей. Працаваў на камбайне. І ёсьць ахвота да зямлі”.

(Рудзевіч: ) “Зірніце: гэты самы Алесь, канечне б, не застаўся. А тут ён пры справе — кіроўца ды камбайнэр. Пачынае фармавацца фэрмэрская дынастыя!”

Між іншым, ад’езд у вёску спадарыні Зінаіды, зь цёплай менскай кватэры для многіх яе нядаўніх калег з рэспубліканскага Міністэрства фінансаў дагэтуль незразумелы.

(Зінаіда: ) “Міністар фінансаў Корбут казаў, калі ішла на пэнсію: хай робіць, чаго звальняецца. О, кажу, мая Ячонка, вы толькі б бачылі, якая яна добрая! Я безь яе жыць не магу! Менскую кватэру прадаем. Я тут выйшла на вуліцу: гэй, Райка, што ў цябе чуваць, што ты тут сёньня смажыла? А ў Менску глядзіш у тае акно: той выйшаў з сабачкам пагуляць, той тое. А тут печку натапіла, булак напячэш. Капусту ў чыгунік: кідаю костку сьвіную, потым морквы, бульбы, прыправаў, стаўлю ў печку. Яна там падпарыцца, смачная, духмяная атрымаецца. На газе трэба цэлы дзень стаяць, а тут паставіла і пайшла сабе ў гарод. Дранікі напяку, бабкі натру з бульбы!”

Зноў да размовы з Рудзевічам. Ён сядлае свайго ўлюбёнага канька — геаграфічнае прабіваньне сваёй ідэі каапэратываў фэрмэрскіх гаспадарак.

(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, новыя формы гаспадараньня праб’юць браню ізаляцыі, у якой апынулася Беларусь?”

(Рудзевіч: ) “Праб’юць абавязкова! Таму трэба даваць зялёную вуліцу гэтым кірункам, бачыць іх, прагназаваць. І даваць рух, бо прыйдзецца ствараць нанова тое, што цяпер трэба толькі падтрымаць”.

(Карэспандэнт: ) “Можна гаварыць пра ваш каапэратыў як пра адмысловую ячонкаўскую мадэль?”

(Рудзевіч: ) “Фэрмэру самому цяжка пражыць. Таму і закрываюцца многія. А каапэратыў фэрмэрскіх гаспадарак узаемна дапаўняе асабістую працу кожнага аб’яднаньнем, якому лягчэй выжыць і даць працы больш эфэктыўны вынік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG