Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заляшаны


Віталь Сямашка, Заляшаны, Клецкі раён (эфір 12 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Рэдкі пакуль, але шчасьлівы выпадак, калі адрасу не выбіраў: слухач сам знайшоў сваё радыё — Радыё Свабода — ды выказаў намер, запрасіўшы да сябе, публічна выказацца менавіта ў нашым эфіры і пра наш эфір. Вольга Мароз зь вёскі Заляшаны Клецкага раёну пачула сэрыю адмысловых выпускаў “Палітычнай геаграфіі”, прысьвечаных фэрмэрскаму руху.

(Мароз: ) “Я раскажу, чаму я вырашыла ўдзельнічаць у перадачы “Свабоды”. Я не люблю выступаць, але любы чалавек мае права мець альтэрнатыву нашай прапагандзе. Дзяржтэлебачаньню трэба альтэрнатыву! Патрэбная свая думка, свой погляд на ўвесь сьвет. Гэта права кожнага чалавека. Таму “Свабода” — добрае радыё. Народ мусіць мець магчымасьць паслухаць такое радыё!”

Якраз напярэдадні майго прыезду з экранаў дзяржаўнай тэлевізіі было абвешчана пра маючае адбыцца прыняцьце новага Кодэксу аб зямлі, што, паводле меркаваньня маёй новай знаёмай, адкідае рух мінімум на дзесяцігодзьдзе. Спадарыня Вольга не магла ўжо стрымліваць эмоцыяў:

(Мароз: ) “Як чыноўнікі ў нас ставяцца да фэрмэраў — гэта верх цынізму! Нядаўна нас запрасіла афіцыйна раённая вэртыкаль выказаць свой пункт погляду. Прыехалі, калектыўна адстойвалі, што зямля павінна пердавацца ў спадчыну. Пра гэта напісалі нават у “Беларускай ніве”. І тут па БТ чую: прымаецца закон, згодна зь якім спадчыннай арэнды ня можа быць! Навошта нас было выклікаць і слухаць, калі нашае меркаваньне нікому не патрэбнае?! І вось гэтых дзяцей адным махам адкінулі ад зямлі! Наўрад яны захочуць на яе прыйсьці, наўрад мы захочам пашырацца!”

Не чакаў я ўбачыць і гэткага, як раней сказалі б, поўнага адзінства фэрмэраў ды народу.

(Зацэпіна: ) “Арандатары даюць людзям зарабіць! А як ім, бедным, — рынкаў збыту няма добрых. Як яны круцяцца, ня ведаюць ніякага спакою!”

Галіна Зацэпіна ды ейныя сяброўкі Праскоўя Васько ды Марыя Дундук працуюць на тутэйшай мэблевай фабрыцы сельскагаспадарчага каапэратыву “Кухчыцы”, які лічыцца ў Клецкім раёне адным зь перадавых. Я засьпеў іх у сховішчы гародніны, што належыць сямейству Марозаў, дзе жанчыны да пачатку працоўнай зьмены церабілі фэрмэрскую капусту. Марыя Дундук пачала, не задумваючыся:

(Дундук: ) “Вясна, лета, восень — за кошт фэрмэра і жывем. Як няма тут працы, можна пакласьці зубы на паліцу. Каб тут была ўвесь год праца, я б кінула фабрыку, а тут у дзьве зьмены рабіла б”.

(Карэспандэнт: ) “А што на мэблевай фабрыцы?”

(Васько: ) “О, там ладу няма. Сёньня дзясятага, а мы толькі першы дзень на працу выйшлі. 75 мільёнаў запазычанасьці за сьвятло! Ужо хочуць зрабіць адну зьмену — дзьве не выпадае. А з заробкамі! Разьнясуць на астатнія дні тыя капейкі і атрымліваецца 100 тысяч мінус камуналка — што нам застаецца?! Камуналку дзяруць невядома за што, вады гарачай у адным доме ё, у двух няма — аднолькава плацім”.

(Дундук: ) “Я плачу за газ, тэлефон, сьвятло, і я раблю толькі на гэта. А на фабрыцы мы тыдзень стаім, дзень папрацуем, два дня ізноў стаім. А ў фэрмэра шэсьць гадзінаў — 10 тысяч. Мы парабілі — і адразу разьлік”.

(Зацэпіна: ) “І капусту, і бульбу танную тут выпісаць можна, і сарты добрыя, раньнія тыпу “Аксаміт”. Яны хочуць мо болей зямлі ўзяць, а чаму ім не дазваляюць?! Колькі зямлі пустуе, а чалавеку ня даць — дрэнны закон!”

Сямейства Вольгі ды Лявона Марозаў у фэрмэрскай справе дзесяцігодзьдзе. Абодва высокакваліфікаваныя аграномы. Не бяз гумару высьвятляем, што за гэты час пераплюнулі самых Радзівілаў. 380 гадоў таму Заляшаны ўзьніклі як магнацкі фальварак са сьвірнам, сырніцай, броварам, гумном ды трыма хлявамі. У Марозаў 25 гектараў зямлі, 2 гектары саду, сховішча, цяпліцы, чатыры трактары, дзьве грузавыя, тры легкавыя машыны. Аднак наперадзе ў Марозаў, як яны кажуць, адны маразы. Вольга ды Лявон жадалі б займацца жывёлагадоўляй, але…

(Вольга Мароз: ) “Па сучасных тэхналёгіях трэба мінімум 100 галоваў трымаць, а на 100 галоваў трэба мець 100 гектараў пашні, пасьвіць — па 40 сотак на карову. Зямлю пабралі тыя, у каго быў адміністрацыйны рэсурс альбо ведалі загадзя, што чалавек ня справіцца. Калі ж спэцыяліст, зямлі не давалі, бо канкурэнцыя: старшыні калгасаў, райвыканкамаў бачылі ў фэрмэрах сілу, што эканамічна ня будзе падпарадкоўвацца, лісьлівіць”.

(Лявон Мароз: ) “Каб займацца на зямлі, трэба мець вышэйшую адукацыю. Бухгальтэрыю, будаўніцтва ведаць, быць мэханізатарам, заатэхнікам, інжынэрам. Гэтым годам на 18 гектараў пашні ў мяне прыбытак 18 мільёнаў — ня кожная гаспадарка зь іхнымі сотнямі гектараў зможа. Хацелася б пашырыцца, але ў нас няма рынку зямлі. Мінулы закон аб фэрмэрскай гаспадарцы быў недасканалы, а гэты горай будзе. Атрыманьне зямлі празь сельсавет, праўленьне — усё гэта неакуратна. Дзяржавай на ўзроўні райвыканкамаў павінна выдзяляцца зямля. Калі чалавек альбо калгас не спраўляецца — аддай прыватніку! Па новым Кодэксе не было зямлі і ня будзе — не атрымаем яе!”

* * *

Вандраваньне па Заляшанах працягваю празь мясцовую “гарачую кропку” — дарэчы, адзіную ў раёне школу-садок, што пад пагрозай закрыцьця. Гэта пацьвярджае мне дырэктарка Сьвятлана Гарбуз.

(Гарбуз: ) “Школа ў нас на мяжы выміраньня. Мяжа — 25 вучняў. Трымаемся, што ў нас школа-садок, таму ўсіх больш за 40. У садку плянуем наступным годам 14 дзетак, ведаем усіх, хто і калі нарадзіўся. Гэта пагражае перш за ўсё ня школе, а вёсцы. Геаграфічнае становішча вёскі — ледзь ня ў цэнтры Эўропы. Школа — культурны цэнтар. Ля нашага клюбу ляжыць прыгожы камень, знак з часоў ледавіка. Аралі, вярхушку знайшлі — вялікі валун! Мы прывезьлі й паклалі. І калі згадваюць Заляшаны, згадваюць камень. Была падпольная арганізацыя КПЗБ — мой дзядуля вымушаны быў эміграваць у Францыю. Напісалі гісторыю арганізацыі…”

Тым ня менш, калі гаворка заходзіць на ідэалягічныя тэмы, вочы спадарыні Гарбуз становяцца насьцярожанымі. Чую — падобна, як у савецкай школе — словы пра “адзіна слушную лінію навучаньня” ды зьверху расшыфраваны “патрыятызм”.

(Гарбуз: ) “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава” — вельмі цікавы прадмет. У нас маленькія дзеці, калі папытаць, хто прэзыдэнт, яны ведаюць. Добра, што вяртаемся да патрыятызму, які прапаў”.

(Карэспандэнт: ) “Пра прэзыдэнта вы расказваеце. А пра бел-чырвона-белы сьцяг, пра Пагоню?”

(Гарбуз: ) “Не, вось не расказваем гэтага. Напрыклад, я не прыхільніца апазыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ж старажытнабеларускія сымбалі, гісторыя!”

(Гарбуз: ) “Не, я лічу, на дзіцячыя галовы ня варта залішне інфармацыі даваць. Мы не пачынаем урок з гімна прэзыдэнту. Але, я лічу, калі ў нас законная ўлада, дзеці павінны пра яе ведаць”.

(Карэспандэнт: ) “Толькі пра яе?”

(Гарбуз: ) “Не зьбівайце мяне з толку!”

У дзейнага прэзыдэнта ў Заляшанах ёсьць свае перакананыя прыхільнікі. 33-гадовы Андрэй Станіславовіч працуе трактарыстам у фэрмэраў.

(Станіславовіч: ) “За Лукашэнку я цалкам “за”. Я думаю, што ён ня ведае… Што зь месцаў падалі яму на сподачку, тое ён перамыліў — і дае ці дапамогу, ці бізуна…”

Сорак заляшанцаў, аднак, прагаласавалі супраць яшчэ аднога тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла мне старшыня Заляшанскай участковай выбарчай камісіі, загадчыца бібліятэкі-клюбу Валянціна Місюкевіч. Але наступствы ідэалягічнага ціску адбіліся і на ёй.

(Місюкевіч: ) “Ня можа кожны чалавек думаць аднолькава — я з гэтым згодная. Нельга ўсіх паставіць у адну лінію”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, а вас не насьцярожыла, што такі адсотак — “адна лінія” прайшла?”

(Місюкевіч: ) “Вы мне скажыце, якое радыё вы прадстаўляеце? Радыё “Свабода” — апазыцыйнае радыё. Чаму вы запісваеце? Ня буду нічога я казаць на “Свабоду” — не запісвайце!”

У мястэчку СВК “Кухчыцы” трымае машынна-трактарны парк, куды таксама не прамінуў зайсьці. Мэханізатары Аляксандар Чывель, Іван Журык ды Аляксандар Нупрэйчык узрадваліся сьвежаму чалавеку — шостую гадзіну ад раніцы сядзелі бяз працы.

(Журык: ) “Запчасткі прывязуць — працуем. Як зрабіў трактар, выехаў кармы вазіць — капейка ідзе. А на рамонце — пагадзінна”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі зарабляеце?”

(Чывель: ) “50–60–80 рублёў. Канечне, праблема за 50 тысяч пражыць. Гаспадарка свая: карова, сьвіньні, трусы. Сельскі савет прыйдзе, усё апіша, а потым — ф’юць! — падаткі. Пад 60 тысяч у мінулым годзе было за карову”.

(Карэспандэнт: ) “А самі, як прыйшлося, змаглі б гаспадарку цягнуць?”

(Нупрэйчык: ) “Пачатковы капітал, трактар каб быў, дык і гектар-другі ўзяў бы. Нават коняў няма! Трэба хадзіць за 6 кілямэтраў, каб абрабіць свае соткі і запісвацца за месяц. І пэнсіянэры запісваюцца ў брыгадзіра”.

(Журык: ) “Прадпрыемствы паставілі цану на трактар 70 мільёнаў — таньней яго не прададуць. А прыватнік малако здае, тлустасьць да 4%, сельсавет па 300 бярэ. Паедзем у краму — 600 рублёў. Дык карова цэлы год здае малако, каб тыя падаткі аплаціць! Гэта ўдаўка. Не зьдзіўлюся, калі падаткі на яблыкі ды на тытунь увядуць”.

У мястэчку цяпер за дзьве сотні жыхароў. Нараджальнасьць сёлета нулявая. Памерла ж шасьцёра старых. Я ў 80-гадовай Марыі Захарчук — карэннай заляшанкі. Ёй застаецца жыць успамінамі…

(Захарчук: ) “Сынок мой, было людзей у хатах па пяць-шэсьць душаў, па дзесяць дзяцей. Бяз хлеба былі, але ж гадавалі…”

(Карэспандэнт: ) “А што на сьвяты зь печы даставалі?”

(Захарчук: ) “Якія ў нас блюды, сынок… Ламанцы пяклі — такія, як блінцы, але нагуста робленыя і падсушаныя на патэльні. І іх ламалі на кавалкі, мачалі ў мак. Цукрыну разьвядзеш з вадой і падсалодзіш тыя ламанцы. Засталіся старыя бабы, як я. З палкамі ходзім…”

18-гадовы фэрмэрскі нашчадак Міхась Мароз відавочна адрозьніваецца на гэтым тле сваім сьветапоглядам ды жыцьцёвай актыўнасьцю, што дае спадзеў на будучыню тых жа Заляшанаў. Міхась, дарэчы, тройчы станавіўся пераможцам агульнанацыянальнай біялягічнай алімпіяды.

(Міхась: ) “Пасьля біялягічнага змагу пайсьці ў навуку, вярнуцца ў Заляшаны, працягваць бацькаву справу. Заляшаны — гэта стабільнасьць. Зразумела, цяжкая праца, але зарабляеш грошы. Усё больш залежыць ад маёй працы, вопыту бацькоў. Вучыцца на тым жа біялягічным факультэце ды экспэрымэнтаваць з рознымі відамі паліва, абагрэву дому, з культываваньнем новых гатункаў!”

І, нарэшце, маналёг ад сэрца — вольным голасам у вольным эфіры — якога прагне і на які, безумоўна, мае права заляшанская фэрмэрша, спадарыня Вольга Мароз.

(Мароз: ) “Вернуцца дзеці з вышэйшай адукацыяй, веданьнем біялягічных працэсаў. Можна браць і 100, і 200, і 2000 га зямлі! Укладаць замежныя інвэстыцыі зь іх больш перадавымі тэхналёгіямі. Ня толькі наш прэзыдэнт — наш народ разьвіваўся пры дыктатуры. Савецкая ўлада — таксама была дыктатура. Вельмі цяжка зразумець і перайсьці на новы лад жыцьця, поглядаў. Мы не абураемся, як выступае БТ, Лукашэнка, бо 40% народу яго падтрымліваюць, лічаць, што ва ўсім ён правы. Усе скардзяцца яму, пішуць у адміністрацыю. Мы на гэтым полі ня роўныя. Але нам ня трэба дзяржпадтрымкі. Мы самі ўсё зробім, толькі не вяжыце па руках. Дайце нам свабоду! Атрымаем танны ўраджай, прададзім народу. Не перашкаджайце!”
XS
SM
MD
LG