Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масты (з фотагалерэяй і аўдыё)


Ягор Маёрчык, Масты, Гарадзеншчына (эфір 14 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Чорны сьнег — гэта ня нейкі там аксюмаран. Гэта рэчаіснасьць Мастоў. Тут знаходзіцца буйное дрэваперапрацоўчае прадпрыемства. На дзясяткі мэтраў ад заводзкага плоту сьнег пафарбаваны на чорнае і шэрае.

Masty

Я гутару з працоўным, які пажадаў застацца неназваным.

(Карэспандэнт: ) “Калі глядзець на прадпрыемства, можна заўважыць некалькі комінаў, зь якіх увесь час ідзе дым. Наколькі завод уплывае на экалягічную сытуацыю ў горадзе?”

(Спадар: ) “Вельмі вялікі ўплыў. Часам, калі вецер дзьме ў бок гораду, нават пад райвыканкамам адчуваецца пах фармаліну. Калі ісьці побач з самім прадпрыемствам, вельмі адчуваецца забруджанасьць паветра”.

(Карэспандэнт: ) “Ці гарадзкія службы экалягічнага нагляду ўздымалі гэтую праблему перад райвыканкамам і прадпрыемствам?”

(Спадар: ) “Прадпрыемству нават выпісвалі нейкі штраф. Але то былі мізэрныя спагнаньні, таму я ня думаю, што ён неяк паўплываў”.

Каму да экалягічных калізіяў не прызвычайвацца, дык гэта перасяленцам з чарнобыльскіх раёнаў. Пасьля аварыі ў 1986-ым у Масты іх прыехала ажно 350 сем’яў. За 19 гадоў палова вярнулася на малую радзіму. Астатнія доўгі час наракалі на нядобразычлівае стаўленьне з боку карэнных жыхароў гораду. Доказам прывяду выказваньні актывісткі тутэйшага прадстаўніцтва фонду “Дзецям Чарнобылю” Сьвятланы Шульгі. Запісана гэта чатыры гады таму, цягам падрыхтоўкі выпуску “Палітычнай геаграфіі”.

(Шульга: ) “Калі я перайшла на новае месца працы — у суд, там начальнікам была жанчына. Яна мне заўсёды казала: “Чарнобыльцы — гэта ня людзі”. Неяк мы хадзілі да кіраўніцтва гораду і патрабавалі даць гарачую ваду. А нам адказалі: “А чаго вы хочаце?! Этыёпы даўно жывуць без гарачай вады”.

Masty

Пры мікрафоне зноў спадарыня Шульга. Тэма размовы не мяняецца: стаўленьне да перасяленцаў.

(Шульга: ) “Ёсьць істотныя зрухі ў лепшы бок. Мясцовыя людзі зразумелі нашыя праблемы. І яны па-іншаму сталі глядзець на нас. Але для нас як беспрацоўе было, так яно і засталося. Гэта самая вялікая праблема, празь якую людзі адсюль зьяжджаюць. Яны перакананая, што калі вернуцца назад, яны прыдбаюць усё тое, што згубілі. Але гэтак не адбываецца. Калі яны сутыкаюцца з рэчаіснасьцю там, яны шкадуюць, што зьехалі”.

(Карэспандэнт: ) “Праблема гарачай вады. Што зьмянілася?”

(Шульга: ) “Вялікія зьмены з гарачай вадой. Цяпер яна ў нас кожны дзень. Яшчэ хутка ў нас будзе станцыя абезжалезьваньня. Ужо час насьпеў — у нашай вадзе столькі жалеза, што гэта гарбата без заваркі”.

А вось мастоўскія бізнэсоўцы ня могуць пахваліцца такой жа ўвагаю да сваіх праблемаў. Чатыры гады таму выказваньні прадпрымальніка Віктара падаваліся даволі змрочнымі. Ужо тады ён спасылаўся на папярэднія, больш спрыяльныя часы.

(Віктар: ) “Мы працавалі да 10 гадзінаў вечара, і цяжка была своечасова зачыніцца. Гэта значыць, людзі зараблялі грошы, а ў нас быў вялікі прыбытак. Раней якасныя тавары мы набывалі ў Польшчы. Тады была трошкі іншая сытуацыя зь мяжой і растаможкай. Цяпер у Польшчу я ўжо ня ежджу, бо там пачаліся катавасіі з растаможкамі. Заплаціў даляр за тавар — і 3–5 даляраў пакінь на мытні. Мы працуем пад дамоклавым мячом. Кожнага з нас у любы час могуць узяць і “раскруціць” па поўнай праграме. Каб весьці бухгальтэрыю паводле закону, трэба садзіць чалавека і плаціць яму грошы. Але тады сам застанесься без заробку”.

Masty

Мінулі гады, а Віктар працягвае займацца бізнэсам. Гэтым ён можа ганарыцца, бо нямала людзей ужо кінулі справу. Умовы для інтэрвію ўсяго дзьве: не называць прозьвішча і не падаваць інфармацыі, якая дапамагла б вылічыць прадпрымальніка.

(Віктар: ) “Галоўная зьмена ў тым, што ў людзей зьнікаюць магчымасьці зарабіць. Ёсьць праца на заводах, але там ня могуць працаваць усе. А на людзей, якія хочуць зарабіць самастойна, ціснуць. Масты становяцца жаночым горадам — мужчыны ад’яжджаюць на заробкі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці пакупніцкая здольнасьць людзей падвысілася? Яны болей грошай пакідаюць у крамах і на рынку?”

(Віктар: ) “Фармальна грошай у людзей станоівцца болей. Аднак амаль што ўсе яны ідуць на існаваньне, таму пакупніцкая здольнасьць падае”.

(Карэспандэнт: ) “Дачыненьні зь мясцовай уладай. Вам ідуць насустрач? Вы іх падтрымліваеце?”

(Віктар: ) “Такое адчуваньне, што мясцовай уладзе прадпрымальнікі не патрэбныя. Доказам можа быць гісторыя з рынкам. Кірамаш цяпер разьмешчаны ў зручным месцы, у цэнтры гораду. Улады хочуць перанесьці рынак на ўскраек. Прадпрымальнкі зьбіраліся ля райвыканкаму. Ніхто да іх ня выйшаў”.

Абсалютным чэмпіёнам у сэнсе “неабыякавага” стаўленьня да сябе з боку мастоўскагй вэртыкалі ёсьць народны абраньнік у раённы савет Алесь Зарэмбюк. Мяркуйце самі: стаў дэпутатам. Пасьля яго выключылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту. А ён не дае спакою на сэсіях. Калегі па райсавеце запалоханыя да такой ступені, што за руку не здароўкаюцца. Затое на вуліцы вітаецца кожны трэці мінак.

Masty

(Карэспандэнт: ) “Алесь, вынікі вашае працы за час дэпутацтва — чым можаце пахваліцца? Чаго дасягнуць не ўдалося?”

(Зарэмбюк: ) “Шмат чаго зрабіць не ўдалося. Выканаўчая ўлада ня хоча рэагаваць на просьбы маіх выбарйцаў, бо мая пазыцыя па палітычных пытаньнях розьніцца з поглядамі афіцыйнай улады. Што мы зрабілі? Азелянілі акругу, дзе-нідзе атрымалася зрабіць рамонт пад’ездаў, адрамантавалі пяціпавярховы дом, змаглі ўсталяваць дзіцячыя пляцоўкі. На ўладу мы амаль што не разьлічваем, таму што ўвесь час адзін адказ: няма грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Палітычныя настроі ў Мастах. Якая сытуацыя складваецца напярэдадні 2006 году, калі адбудуцца выбары прэзыдэнта?”

(Зарэмбюк: ) “Больш за 50% жыхароў нашага гораду вітаюць дэмакратычныя зьмены. Яны хочуць бачыць пасьля 2006 году новага прэзыдэнта. Але палітычная актыўнасьць тут слабая, бо людзі баяцца. Да 2003 году наш горад быў пад патранажам Ваўкавыскага УКГБ. Цяпер гэтыя спэцслужбы зьявіліся непасрэдна ў Мастах. Гэта ўжо пра нешта кажа — распрацоўваюцца нейкія сцэнары”.

Masty

У Мастоўскім райвыканкаме, як і ў шмат якіх іншых, існуе фармальны лідэр, ёсьць і, так бы мовіць, шэры кардынал — уплывовая асоба знаходзіцца на другіх-трэціх ролях, але залежыць ад яе вельмі шмат, і калегі да такога чалавека ставяцца насьцярожана. Сярод тутэйшых чыноўнікаў такім чалавекам ёсьць Таісія Мурына. Сустрэча зь ёй — фінальны пункт у праграме маёй камандзіроўкі. Цягам папярэдніх сустрэчаў калекцыянаваў пытаньні да прадстаўніка ўлады і марыў атрымаць на іх адказы. Аднак, перайначыўшы вядомае выслоўе, магу канстатаваць: човен маіх мараў разьбіўся аб каменьні шчыльнага раскладу працы намесьніцы старшыні райвыканкаму.

(Мурына: ) “Прабачце, але я зараз вам ніякіх інтэрвію даваць ня буду, бо нас са старшынём чакаюць на сустрэчы ў школе”.

(Карэспандэнт: ) “Я магу падысьці пазьней. Калі вы зьявіцеся?”

(Мурына: ) “Пазьней у мяне таксама заплянаваныя мерапрыемствы”.

(Карэспандэнт: ) “А можа, нехта з вашых падначаленых знайшоў бы для мяне час? Быў бы вельмі удзячны”.

(Мурына: ) “Не. На сёньняшні дзень у нас усё расплянавана”.

(Карэспандэнт: ) “А заўтра?”

(Мурына: ) “І заўтрашні дзень увесь расплянаваны”.

Я разьвітаўся са спадарыняй Мурынай. Дарога да ейнага кабінэту і вяртаньне адтуль — гэта шлях празь міні-будоўлю. У райвыканкаме робіцца шыкоўны рамонт — тынкаваныя сьцены, вісячыя столі ды шклопакеты з жалюзі. Тым часам у гарадзкім музэі “Лес і чалавек” пацёк дах. І цяпер наведнікі акрамя экспазыцыі аглядаюць і цёмныя разводы на сьценах.

Masty

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG