Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лунінец (з фотагалерэяй і аўдыё)


Ягор Маёрчык, Лунінец, Берасьцейшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. (эфір 10 сакавіка)

Лунінеччына геральдызуецца. У 1999 годзе Лунінец сьвяткаваў 550-я ўгодкі ад першай згадкі, тады ж у гораду зьявіўся герб. У 2001 на просьбу карэспандэнта Радыё Свабода выяву расшыфроўваў супрацоўнік тутэйшага краязнаўчага музэю Вадзім Жылка:

(Жылка: ) “На шчыце блакітнага колеру тры срэбнага колеру сымбалі. Уверсе карона — сымбаль манаршай улады часоў ВКЛ. Потым — дзьве перакрыжаваныя стралы, якія сымбалізуюць рух. І ўнізе лілея, таму што на Белым возеры недалёка ад гораду ёсьць унікальныя водарасьці — лябэлія дортман”.

Luniniec

За шэсьць гадоў Лунінец прыдбаў і свой сьцяг. Да гімну справа яшчэ не дайшла, але хваля вынаходніцтваў не спынілася. З гораду мода перакінулася на цэнтры сельсаветаў. Ізноў Вадзім Жылка. Сьвежы запіс — 2005 год.

(Жылка: ) “Цяпер пайшла геральдызацыя сельскіх саветаў. Ва ўсіх дванаццаці прынятыя гербы. Карацей кажучы, у нас, як у тых сярэднявечных рыцараў, кожны селянін мае свой герб. З аднаго боку, гэта ўсё крыху штучнае. Зь іншага — калі расцэньваць гэта як эмблему, хай будзе — гэта ня самае страшнае ў нашым жыцьці”.

(Карэспандэнт: ) “Калі пафантазаваць, празь дзясяткі, сотні гадоў, якімі экспанатамі можна было б адзначыць жыцьцё Лунінца ў 2005 годзе?”

(Жылка: ) “Сфатаграфаваць кантрасты нашага часу: неблагія іншамаркі на вуліцах — і побач жабрацкага выгляду бабкі з кіёчкамі. Будынкі, які рамантуюцца, і адначасна разбураныя пабудовы. Натуральна, туды ўвойдзе сымболіка сучаснай Беларусі, тыя ж партрэты нашых дзяржаўных дзеячаў. Праз сто год яны будуць цікавыя тагачасным жыхарам. Яны будуць зь цікавасьцю думаць пра тое, як мы жылі напачатку ХХІ стагодьдзя”.

У Лунінцы хапае прыхільнікаў Беларускага Народнага Фронту, КХП і Сацыял-дэмакратычнай партыі. Гэтыя групы я наўмысна не называю суполкамі, каб людзей не падстаўляць, каб адвесьці ад іх абвінавачаньні ў парушэньні законаў. Філіі сапраўды існавалі. Зарэгістраваныя яны былі на хатніх адрасах актывістаў. Міністэрства юстыцыі загадала пераехаць у паўнавартасныя офісы. Сябры партыяў пастановы гэтай ня выканалі, і суполкі аўтаматычна зьліквідаваліся.

З чальцом Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — зубным тэхнікам і безь пяці хвілінаў пэнсіянэрам Генадзем Ліберманам мы гутарым пра палітычныя настроі й пра прэзыдэнцкую кампанію 2006 году.

(Ліберман: ) “Наступіла пэўная стомленасьць. Людзі пакуль што ня бачаць альтэрнатывы. Адпаведна, яны проста ня ведаюць, што ім рабіць. Зразумела, што пэўныя антыпатыі даўно высьпелі, і яны ёсьць. Публічна гэта не праяўляецца. Толькі моладзь можа напісаць на сьцяне “Жыве Беларусь!” ці “Зубр”. Нічога іншага не відаць. Але справа ў тым, тыя палітычныя сілы, якія ўваходзяць у апазыцыю цяперашняй уладзе, яны ня надта прыкмечаныя ў глыбінцы. Зь іхнага боку няма ніякіх памкненьняў — сходы ў нас ня ладзяць, і яны наагул не прыяжджаюць. Таму ўвесь гэты патэнцыял застаецца без арганізатара”.

У Лунінцы выходзіць незалежны тыднёвік “Інфарм-Вандроўка”. Гэта каляровае выданьне на дваццаці стронках распаўсюджваецца па ўсім Лунінецкім раёне, у Пінску і Століне. Агульны наклад блізу 9 тысяч асобнікаў.

Luniniec

Голас галоўнага рэдактара Андрэя Вышынскага мы яшчэ пачуем. А пакуль на мае пытаньні адказвае супрацоўнік рэдакцыі Віктар Карповіч.

(Карэспандэнт: ) "Што перашкаджае пашырэньню наклада і бавелічэньню аўдыторыі?"

(Карповіч: ) “Нам трошкі перашкаджае ўлада тым, што прапагандуе сваю раёнку “Лунінецкія навіны”. Цана ейная ніжэйшая за кошт таго, што яна датуецца. Творчага спаборніцтва няма: у нас розныя мэты, і мы па-рознаму працуем. Мы працуем на чытача, а яны працуюць крыху зь іншай мэтай”.

(Карэспандэнт: ) “Пра рэакцыю на газэту дзяржаўных чыноўнікаў. Як яны да вас ставяцца?”

(Карповіч: ) “Збольшага людзі рэагуюць нармалёва. Але былі выпадкі, калі ідэалягічныя структуры пішуць у пракуратуру лісты, каб нас на нейкі час прыпынілі. Але там разумныя людзі сядзяць. Яны ўразумелі, што такіх падставаў няма. Ад нас адчапіліся. Ёсьць праблема. Новы кіраўнік нашага раёну ў вуснай форме загадаў не даваць інтэрвію і зьвестак. Але мы знаходзім”.

(Карэспандэнт: ) “У мінулай праграме гучала такая цікавая акалічнасьць: офіс рэдакцыі месьціўся побач з “Лунінецкімі навінамі”. Што зьмянілася?”

(Карповіч: ) “Мы цяпер выкупілі частку будынка, дзе разьмяшчаюцца органы — суд і пракуратура. Адным словам, лепш стала”.

(Карэспандэнт: ) “І як вам такое суседзтва?”

(Карповіч: ) “Супрацоўнічаем. Бярэм у іх інтэрвію”.

Сустрэцца з галоўным рэдактарам незалежнага тыднёвіка “Інфарм-Вандроўка” Андрэем Вышынскім мне ня выпала. Застаецца толькі скарыстаць архіўны запіс.

(Вышынскі: ) “Тыя парасткі рынкавай эканомікі, што былі на пачатку 1990-х, зьніклі. І дзяржаўныя, і недзяржаўныя прадпрыемствы ў такія ўмовы трапілі, што далей разьвівацца ня могуць — на новыя тэхналёгіі і абсталяваньне сродкаў няма. І гэта асноўная нашая бяда — эканоміка сама сябе “зьядае”. Прадпрыемствы скарачаюць людзей, плацяць мізэрныя заробкі”.

Luniniec

Такімі словамі пяць гадоў таму спадар Вышынскі апісваў стан тутэйшай прамысловасьці. Самым, бадай, праблемным прадпрыемствам лічыўся Лунінецкі дрэаваперапрацоўчы камбінат. Адно толькі сьведчаньне — за пазыкі ДОКу не аднойчы абразілі электрычнасьць. Цяпер прадпрыемства стала прыватным. Там новы гаспадар, які на свой лад адраджае вытворчасьць. Выжываць жыхарам Лунінеччыны дапамагае глеба пад нагамі. Яна надта добра родзіць трускаўкі. Гэта ўлетку. А з халадамі мужчынскай насельніцтва падаецца на заробкі ў Расею.

Сяргей Сахвон некалі працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, а цяпер — на вольным хлябе.

(Сахвон: ) “Самае буйное прадпрыемства “Палесьсеэлектрамаш”. Там адвечныя даўгі за электрычнасьць. Ад пачатку году ён ужо пасьпеў прыпыніцца, бо не было працы. На заводзе адбываюцца скарачэньні. Прыкладам, быў такі цэх №6. Там палову людзей скарацілі. Было дзьве зьмены, а зрабілі адну. Я працаваў у гэтым цэху. Патрапіў пад скарачэньне і цяпер беспрацоўны. Крыху пахадзіў па арганізацыях. Нічога такога не знайшоў. Апошнія паўгоду сядзеў у Расеі. Улетку давядзейцца ехаць ізноў”.

Як за некалькі месяцаў змарнаваць 16 мільярдаў беларускіх рублёў? Рэцэпт ведае намесьнік старшыні Лунінецкага райвыканкаму Аляксандар Цяльпук. Ён адказны за тэрміновы рамонт гораду. А вэрхалу прычына такая: у кастрычніку Лунінец будзе сталіцаю абласных Дажынак.

(Цяльпук: ) “Да Дажынак мы пачалі рыхтавацца яшчэ ў мінулых годзе. Тады былі вызначаныя асноўныя мерапрыемствы ў справе падрыхтоўкі жыльлёвага фонду, рамонту вуліцаў і ходнікаў. На дадзены момант вельмі цяжка казаць пра суму, якая будзе выдаткаваная. Гэта будзе блізу 16 мільярдаў беларускіх рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць такая зьява — пазабюджэтнае фінансаваньне. Гэта калі прыцягваюцца дадатковыя сродкі, якія не прапісаныя ў бюджэце. Вы ўжо выходзілі з прапановаю да вашых бізнэсоўцаў дапамагчы?”

(Цяльпук: ) “Безумоўна. Досьвед такі ў нас ёсьць. Летась мы прыцягвалі фінансавыя сродкі ня толькі бізнэсоўцаў, але і насельніцтва. І сёлета гэтая крыніца будзе пастаянна прапрацоўвацца. На бліжэйшым сходзе прадпрымальніцаў — а іх у нас болей за тысячу — плянуецца зварот выканкаму да прадпрымальнікаў з тым, каб выбаршыць гэтыя пытаньні”.

(Карэспандэнт: ) “Пра недабудаваны шпіталь. Дажынкі неяк закрануць той даўгабуд? Альбо рэканструкцыя закране толькі цэнтральную частку Лунінца?”

(Цяльпук: ) “Сёньня дапрацаваны праект канцэпцыі сканчэньня будаўніцтва гэтага аб’екту. Калі яго зацьвердзіць Міністэрства аховы здароўя, будзе адпаведнае карэктаваньне. Калі гэта зробяць хутка, працы пачнуцца ўжо сёлета”.

Luniniec

Новы раённы шпіталь будуецца ўжо ня першы дзясятак год. Мясцовыя ўлады неаднойчы зьвярталіся да міністаркі аховы здароўя Людмілы Пастаялкі. Тая абяцала аднавіць будаўніцтва, аднак ад словаў да справы пакуль не дайшло.

З удзельнікаў першай праграмы “Палітычная геаграфія — Лунінец” мне так і не ўдалося адшукаць неназванага спадара, які ўвесну 2001-га зьбіраў пад вокнамі райвыканкаму недапалкі. Тады карэспандэнт “Свабоды” запытаўся ў яго: ці лепшыя райвыканкамаўскія недапалкі за сабраныя ў іншым месцы? Адказ быў такі:

(Чалавек, што зьбірае недапалкі: ) “Канечне, лепшыя, тут жа чыноўнікі працуюць. А наагул, я ня так часта гэтым займаюся”.

Luniniec

Узімку недапалкі асабліва не пазьбіраеш: бычок шпурнулі, а ён прызямліўся ці то ў сумёт, ці то ў лужыну. Карацей, загубілі яго. Іншая справа вясною ці ўлетку — на вуліцы суха дый ня так халодна. Атрымліваецца, што сэзон збору недапалкаў не за гарамі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG