Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асіповічы (з фотагалерэяй)


Ягор Маёрчык, Асіповічы, Магілёўшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”, эфір 7 сакавіка.

У Асіповічах ёсьць сваё мэтро. Гэта адзіны ў Беларусі горад, дзе ёсьць крыты пераход над рэйкамі чыгуначнай станцыі. За вонкавае падабенства з падземным танэлем яго і называюць “мэтро”. Узімку ад марозу і сьнегу падлога становіцца вельмі сьлізкай. Чым толькі пераход ні пасыпалі — і пяском, і сольлю, аднак нічога не дапамагае. Кроку нельга зрабіць, каб не трымацца за парэнчы. Інакш пасьлізьнесься і мулка прызямлісься. У Асіповічах жартуюць, што ў тутэйшым мэтро на каньках можна коўзацца.

Asipoviczy

Праз шкляныя сьцены надземнага пераходу відаць вуліцу Ленінскую. Над аднапавярховымі хатамі на ёй узвышаецца будоўля — дах і шэрыя бэтонныя сьцены з рыштаваньнямі. Гэта не даўгабуд раённага паштабу. Гэта бажніца Беларускай Эвангельскай царквы. Колішні палітычны вязень, пастар Эрнст Сабіла на сваім восьмым дзясятку будуе малельны дом.

Яшчэ хлопчыкам спадар Сабіла партызаніў і адначасна бегаў у адчыненую за часамі акупацыі пратэстанцкую царкву. У 1951 атрымаў 13 гадоў зьняволеньня паволе артыкулу “антысавецкая агітацыя на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў”.

На будоўлі пастар працуе збольшага ў самоце. Зрэдку дапамагаюць вернікі з Асіповічаў і Менску, якія прыяжджаюць сюды паслухаць казаньні.

(Карэспандэнт: ) “Я хацеў распытацца пра царкву. Дзесяць гадоў яе ўжо будуеце. На якім этапе знаходзіцеся цяпер? І калі яна будзе дабудаваная?”

(Сабіла: ) “Будуецца яна вельмі цяжка і марудна, бо няма сродкаў. Дзесяць гадоў таму я яшчэ адчуваў сілу і ў руках, і ў нагах, і ў целе. Тады я актыўна працаваў на гэтай будоўлі. Будаваў на зэканомленую раней капейчыну. Але сёньня сродкі скончыліся. Ад таго мы і стаім на месцы. Першая палова пад дахам, а другая палова хутка будзе ўжо бурыцца, бо ніяк ня можам накрыць дахам. Засталося скончыць усе ўнутраныя працы — абліцаваць падлогу, сьцены і столь. Мае суседзі па вуліцы называюць гэта будоўляй стагодьдзя”.

Asipoviczy

(Карэспандэнт: ) “Спадар Сабіла, за той час пакуль будуецца царква, вы ў якіх умовах жывяце?”

(Сабіла: ) “Я жыву ў звычайным хляву. Гэтыя ўмовы горшыя, чым некалі былі ў бальшавіцкім канцлягеры: чатыры сьцяны, прымітыўны дах і буржуйка. І так ужо дзесяць гадоў”.

Нагодаю для знаёмства з Тацянаю Барэль стаў ёйны ліст на Радыё Свабода. Спадарыня працуе пэдыятаркай у тутэйшым шпіталі. Разам мы вандруем па калідорах мэдычнай установы.

(Карэспандэнт: ) “Пісалі вы нам ліст на “Свабоду” пра праблему, што ад 1999 году няма гарачай вады”.

(Барэль: ) “Цяпер праблема ліквідаваная. У мяне ў хаце тры гады не было ацяпленьня. А летась да нас пасялілася дачка адстаўнога міліцыянта. У яго былі сувязі. Ён пайшоў у райвыканкам — і ўся праблема вельмі хутка вырашылася. І ад мінулай зімы ў нас ёсьць цяпло. Аднак гарачай вады мы ня маем да гэтае пары. Мы рады, што ў нас ёсьць ацяпленьне і спыніліся на гэтым. Вырашылі не хадзіць і не марнаваць дарэмна час і нэрвы”.

Asipoviczy

(Карэспандэнт: ) “Які стан шпіталю?”

(Барэль: ) “Гэта перадваенная пабудова. У палатах па дванаццаць чалавек ляжыць. Маладыя людзі ляжаць побач з тымі, хто памірае. У цывілізаваных краінах цяжка хворыя адасобленыя, за імі адмысловы нагляд. І іншыя пацыенты не глядзяць на такі жудасны стан сваіх суседзяў. Цяжка ня дужа хвораму чалавеку глядзець на таго, хто памірае. Стары шпіталь перапоўнены, і людзі ляжаць нават на калідорах. Ім там на калідорах нават кропельніцы ставяць. У нас пачалі будаваць новы шпіталь, але гэтую справу закінулі, і цяпер тыя сьцены развальваюцца. Зьвярталіся ўсюды і вельмі шмат подпісаў сабралі за тое, каб у нас быў новы шпіталь, але пытаньне да гэтуль ня вырашанае”.

Як і паўсюль у райцэнтрах, улада месьціцца ў будынку выканаўчага камітэту. Асіповічы ў гэтым сэнсе адметныя тым, што тут райвыканкам займае ажно два корпусы.

Алег Кулакоўскі на пасадзе намесьніка старшыні крыху болей за месяц. Прызнаецца, што яшчэ не пасьпеў да канца зарыентавацца ва ўсіх праблемах. Аднак пра гаротны стан шпіталю ведае.

(Кулакоўскі: ) “Гэтая праблема не аднаго дню. Пытаньне вырашаецца не праз будаўніцтва новага шпіталю. Мы вырашылі рэканструяваць стары будынак. На сёньня пытаньне гэтае вырашаная канчаткова. Вельмі шпаркія тэмпы, і да ліпеня шпіталь мусіць быць рэканструяваны. Управа аховы здароўя вобласьці бярэ на сябе фінансаванье гэтага. Я вам магу прывесьці іншыя зьвесткі. Падведзеныя вынікі спаборніцтва. Наш раён стаў адным з трох самых моцных у Магілёўскай вобласьці. Практычна ўсе паказьнікі выкананыя. І гэта адчуваецца. Вы да гэтага можаце па-рознаму ставіцца, але, насамрэч, гэта факт”.

(Карэспандэнт: ) “Прадстаўнікі суполак палітычных партыяў, якія ў вас ёсьць, кажуць, што вельмі цяжка атрымаць юрыдычны адрас і памяшканьне пад офіс. Яны наракаюць на тое, што пакояў не даюць, альбо даюць толькі з дазволу райвыканкаму. Калі ласка, растлумачце гэтую сытуацыю”.

(Кулакоўскі: ) “Давайце сустрэнемся з гэтымі арганізацыямі! Хто ім перашкаджае сустрэцца са мной? Літаральна на тым тыдні ў мяне была сустрэча з прадстаўнікамі Таварыства інвалідаў — таксама па праблеме перасяленьня. Ніякіх перашкодаў мы ня творым”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, праблемаў няма?”

(Кулакоўскі: ) “Я не магу казаць, ёсьць праблема ці не. Я зь імі яшчэ не сустракаўся”.

Asipoviczy

Гісторыя з памяшканьнямі цягнецца ня першы год. Актывісты БНФ і АГП жадаюць зарэгістраваць суполкі: атрымаць афіцыйны статус і юрыдычны адрас. Першае немагчыма без другога, а другое вымагае першага. Карацей, паводле старшыні Рады дэмакратычных сілаў Асіповіцкага раёну Альберта Яўменава, атрымліваецца замкнёнае кола.

(Яўменаў: ) “Яны ўсё робяць для таго, каб выключыць нас з грамадзкага жыцьця. Ня даць магчымасьцяў разьвівацца. Хай любое з грамадзкіх аб’яднаньняў паспрабуе зарэгістраваць юрыдычную асобу. Адразу будзе адмова. І таму для нас цяпер самае набалелае пытаньне — мець нейкую сваю хаціну”.

Запіс гэты зроблены тры гады таму. З тых часоў памянялася толькі тое, што спадар Яўменаў болей не жыве ў Асіповіцкім раёне. Цяпер ён вахтавік. Працуе на будаўніцтве падзямельнага гораду на пляцы Незалежнасьці ў Менску. А памяшканьняў як не было, так і няма. Вольныя пакоі пад офісы ёсьць у бізнэсоўцаў. Але тыя заламваюць такя кошты, што грамадзкія актывісты вымушаныя адмаўляцца.

І яшчэ адзін голас з архіву. Кіраўнік Асіповіцкага інфармацыйнага цэнтру Ігар Сімбіроў згадвае прэзыдэнцкую кампанію 2001 году.

(Сімбіроў: ) “7 верасьня перад выбарамі мяне затрымліваюць на чыгуначным прыпынку. Здымаюць зь цягніка з газэтамі й кажуць, што я падазраюся ў незаконным гандлі наркотыкамі. Гэта каб скампрамэтаваць чалавека. Ніякіх наркотыкаў у мяне не было. Але пайшла такая пагалоска, што Сімбіроў — наркаман, і што ўсе ў асіповіцкай апазыцыі толькі гэтым і займаюцца”.

Цягам сёлетняй камандзіроўкі ў Асіповічы я сустрэўся са спадаром Сімбіровым. На наркамана ён абсалютна не падобны.

Asipoviczy

Цяпер я знаходжуся ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка побач з помнікам Уладзімеру Леніну. І разам са мной тут стаіць дырэктар Асіповіцкага прадстаўніцтва Фонду памяці ахвяраў сталінізму Ігар Сімбіроў.

(Сімбіроў: ) “Вельмі цудоўная гісторыя атрымалася з гэтым месцам. Справа ў тым, што ў свой час старшыня Фонду Валянцін паборцаў зьвярнуўся за мясцовых уладаў, каб усталяваць помны знак. Улады доўга думалі і вырашылі, што гэта павінен быць парк і выдзелілі нам тут невялічкую пляцоўку. Унікальнасьць гэтага парку ў тым, што ў цэнтры стаіць Уладзімер Ленін, які рукой паказвае шлях ад начной крамы са сьпіртовымі напоямі на гарадзкія могілкі. І мы шчыра разьлічвалі, што Леніна зьмятуць, але насамрэч ніхто не зьбіраўся гэтага рабіць. І нам прапанавалі зрабіць знак літаральна за 70 мэтраў ад помніка. Мы на гэта не пагадзіліся”.

(Карэспандэнт: ) “Ігар, а грамадзкая дзейнасьць не перашкаджае? Вы ніколі не адчувалі на сабе ціск, альбо нейкія папрокі? Праблемаў на працы не было?”

(Сімбіроў: ) “Я паводле адукацыі актор тэатру лялек, музыка, а ў зімовы пэрыяд працую... Скажу рамантычна — машыніст кацельных установак. Папросту кажучы, качагарам. Нічога іншага мне не прапаноўваюць”.

Апроч стандартнага набору з хлеба- і маслазаводу прамысловасьць Аісповічаў адметная фабрыкаю канцтавараў і рубэроідным заводам. Тры гады таму ў праграме “Палітычная геаграфія” ўдзельнічала супрацоўніца прадпрыемства “Камунмаш” Ала Шышкавец.

(Шышкавец: ) “Мы так доўга падалі, што здаецца, далей ужо няма куды. Значыць, штосьці зьменіцца. На нашым заводзе панічныя настроі”.

Asipoviczy

З Алай Шышкавец я гутару ў 2005 годзе. Заўважаю, што добрага настрою ў ейным голасе паболела.

(Карэспандэнт: ) “Што зьмянілася за тры гады ў нашым жыцьці і на “Камунмашы”?”

(Шышкавец: ) “Усё кардынальна зьмянілася і ў маім асабістым жыцьці, і ў жыцьці прадпрыемства. Прадпрыемства выпускала камунальную тэхніку — пескараскідвальнікі і сьмецьцезборнікі, кантэйнэры і вэнтылятары…”

(Карэспандэнт: ) “Нібыта такая тэхніка запатрабаваная ў кожным населеным пункце...”

(Шышкавец: ) “Запатрабаваная, але ў прадпрыемства было ўсё меней магчымасьцяў закупіць камплектныя высокай якасьці. Амаль заўсёды спазьняліся з тэрмінамі. Справы там усё больш пагаршаліся. І, як вынік, прадпрыемства амаль развалілася. У Менску ёсьць інстытут “Жылкамтэхніка”. Завод зь імі аб’ядналі”.

(Карэспандэнт: ) “Як зьмяніліся справы на прадпрыемстве?”

(Шышкавец: ) “Зьмяніліся непазнавальна. Амаль на траціну скарацілася колькасьць працоўных. Было 140, а цяпер, можа, чалавек 40–50. Як скарацілі? Падпісалі кантракт. Дамова заканчваецца ў красавіку. І яны будуць вольныя”.

(Карэспандэнт: ) “А вашыя ўласныя вынікі за тры гады?”

(Шышкавец: ) “Я цяпер на тым прадпрыемстве болей не працую. Пайшла на закрытае акцыянэрнае таварыства “Алцімэд”. Вырабляем пратэзы тазавых костак, плыты і шурупы для змацаваньня костак”.

За тры гады жыцьцё ў Асіповічах сапраўды зьмянілася. Людзі калі і хваляцца, то толькі пэрсанальнымі вынікамі. А пра ўсёагульнае падвышэньне дабрабыту і пра ўпэўненасьць у будучыні можна пачуць адно з вуснаў чыноўнікаў райвыканкаму.
XS
SM
MD
LG