Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: “Цяпер на чарзе Беларусь”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Шэраг польскіх экспэртаў і публіцыстаў лічаць, што пасьля рэвалюцыі ў Кыргызстане чарга зьмену ўлады – не ў Арменіі, Азэрбайджане ці Казахстане, а менавіта ў Беларусі.

“Першай была Грузія, пазьней Украіна. Цяпер на чарзе Беларусь, якой кіруе Аляксандар Лукашэнка”, піша вядомы публіцыст Славамір Папоў у сёньняшнім нумары штодзёньніка “Rzeczpospolita”. Паводле спадара Папова, пытаньне не гучыць “ці”, але “калі” і хто будзе наступны.

У гэтай жа газэце ў артыкуле “Перасьцярога для дыктатараў” Ежы Хашчыньскі адзначае, што апошнія падзеі у Кыргызстане, “дзе перамаглі людзі, змучаныя ад беднасьці і абураныя фальсыфікацыяй выбараў, павінны быць перасьцярогай для ўсіх лідэраў, якія маюць дыктатарскія замашкі. Службы бясьпекі зусім ня хочуць за іх паміраць, і таму іх значна лягчэй скінуць, чым яшчэ нядаўна падавалася”.

У сваю чаргу ў “Gazecie Wуborczej” Войцех Ягельскі піша, што дагэтуль рэвалюцыі адбыліся ў краінах, дзе кіравалі найбольш лібэральныя лідэры на постсавецкай прасторы, такія “як Леанід Кучма, які пераканаў усіх, што Ўкраіна гэта не Расея і, нягледзячы на шэраг памылак, не заслужыў параўнаньня з суседам зь Беларусі”.

Між тым кіраўнік варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Яцэк Ціхоцкі, прамаўляючы ўчора ў адной з тэлепраграмаў, заявіў, што на ягоную думку, падзеяў у Кіргізіі мусяць баяцца перадусім беларускія ўлады.
XS
SM
MD
LG