Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 сакавіка – 100 гадоў зь дня нараджэньня навукоўца і паэта Алеся Вечара


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 25 і 26 сакавіка

25 сакавіка – найважнейшая дата ў гісторыі незалежнай Беларусі. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе ў Менску была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. З тых часоў і да сёньня 25 сакавіка – найважнейшае нацыянальнае сьвята сьведамых беларусаў ва ўсім сьвеце. У гэты дзень праводзяцца ўрачыстыя набажэнствы і акадэміі, а ў Менску ды іншых гарадах Беларусі апошнія 10 гадоў людзі выходзяць на сьвяточныя дэманстрацыі і мітынгі.

Таксама 25 сакавіка адзначаюць свой Дзень незалежнасьці Грэцыя і Кіпр. Ва Ўкраіне сёньня Дзень службы бясьпекі, а ў Латвіі – Дзень памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

У каталіцкім календары сёньня – Дабравесьце, а ў праваслаўным – Рыгор. “На Рыгора ідзе зіма ў мора”, казалі людзі, маючы на ўвазе крыгаход на рэках.

25 сакавіка 1905 году на Случчыне нарадзіўся незвычайны чалавек – Аляксандар Вечар. З аднаго боку – біяхімік, акадэмік, дасьледнік плястыдаў і стваральнік новых тэхналёгіяў атрыманьня каратыну з морквы, а зь іншага боку – беларускі паэт, аўтар зборнікаў вершаў “Кола дзён“ і “Зварот да слова“. Сёньня Алесю Вечару спаўняецца 100 гадоў.

І цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

Гістарычныя даты 26 сакавіка па-ранейшаму зьвязаныя з падзеямі вакол сьвяткаваньня Дня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтак, 26 сакавіка 1944 году ў Менску пад нямецкай акупацыяй у гарадзкім тэатры на сьвяточным канцэрце пасьля ўрачыстае акадэміі, прысьвечанай сьвяту 25 Сакавіка, адбылася прэм’ера опэры “Ўсяслаў Чарадзей” кампазытара Міколы Шчаглова-Куліковіча на вершы Натальлі Арсеньневай.

А ўначы з 25 на 26 сакавіка ў 1996 годзе пасьля сьвяткаваньня Дня незалежнасьці лідэры БНФ Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык таемна пакідаюць Беларусь праз украінскую мяжу. Супраць гэтых палітыкаў за іхныя погляды ўзбуджаная крымінальная справа.

26 сакавіка 2000 году Ўладзімер Пуцін быў першы раз абраны прэзыдэнтам Расеі.

26 сакавіка ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскія літаратары Робэрт Фрост і Тэнэсі Ўільямс, а таксама італьянскі кінарэжысэр, стваральнік эратычных фільмаў Цінта Брас.
XS
SM
MD
LG