Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва”: студэнтку выключылі на пятым курсе за ўдзел у вулічных акцыях


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Цэнтральныя й рэгіянальныя незалежныя выданьні сёньня публікуюць сэрыю матэрыялаў, прысьвечаных 87-й гадавіне абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі і падзеям, зьвязаным з гэтай датай. Так, “Беларуская дзелавая газэта” друкуе інтэрвію зь вядомым палітыкам Андрэем Клімавым, які абвясьціў аб правядзеньні на Кастрычніцкай плошчы ў Менску мірнай масавай акцыі пад назваю “Беларуская рэвалюцыя”. Менгарвыканкам забараніў яе правядзеньне, але спадар Клімаў ні часу, ні месца так званай рэвалюцыі не мяняе й заяўляе, што ўдзел у ёй прымуць каля паўмільёна чалавек.

Газэта “Віцебскі кур’ер” паведамляе, што гадавіну абвяшчэньня БНР актывісты мясцовай моладзевай ініцыятывы “Новая плынь” намерваюцца адзначыць імпрэзай, якая будзе, так бы мовіць, правакацыяй людзей на ўласныя думкі. У прыватнасьці, на галоўных вуліцах Віцебска юнакі й дзяўчаты будуць чытаць вершы, гуляць зь бел-чырвона-белымі балёнікамі й кветкамі, а на адной з плошчаў яны правядуць музычную імпрэзу з раздачай бел-чырвона-белых сьцяжкоў. Апазыцыйныя палітыкі ў гонар Дня Волi мяркуюць зладзіць вулічныя акцыi.

Тыднёвік “Наша Ніва” сёньня друкуе вялікую падборку, прысьвечаную сьвяту дня Волі. У прыватнасьці, ці плянавалі бацькі-заснавальнікі абвясьціць БНР менавіта ў гэты дзень? Дзень Волі супадае з адным з найбольшых хрысьціянскіх сьвятаў: 25 сакавіка – Зьвеставаньне Найсьвяцейшай Панны Марыі, які сьвяткуюць каталікі, пратэстанты й частка праваслаўных цэркваў. Артыкул “Сталіца Волі” прапануе экскурсію па мясьцінах Менску, якія зьвязаныя з гадавінай Беларускай народнай рэспублікі. Падаецца таксама хроніка падзеяў адраджэньня гэтага сьвята й перасьледу прыхільнікаў БНР з боку ўладаў.

У артыкуле “Студэнтку выключылі на пятым курсе” “Наша ніва” распавядае гісторыю актывісткі руху “Зубр” Ірыны Тоўсьцік. Гэтая былая выхаванка беларускага ліцэю была прызнаная адной зь лепшых журналістак свайго курсу, пераможцай унівэрсытэцкага конкурсу “Залатое пяро”. А пацярпела яна за актыўны ўдзел у масавых вулічных акцыях пратэсту.

У артыкуле “Памочнік расьце” Беларуская дзелавая газэта паведамляе, што сын кіраўніка краіны Віктар Лукашэнка звольніўся з прадпрыемства “Агат” і сышоў на дзяржаўную службу ў адміністрацыю свайго бацькі. Паводле некаторых крыніцаў, Лукашэнка-малодшы стаў памочнікам Лукашэнкі-старэйшага па нацыянальнай бясьпецы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG