Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 сакавіка стануць вядомыя імёны ўсіх прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата


Уладзімер Глод, Менск 25 сакавіка заканчваецца збор заявак на вылучэньне адзінага кандыдата ад палітычнай апазыцыі ў прэзыдэнты Беларусі. Да канца дня патэнцыйныя прэтэндэнты мусяць перадаць свае пісьмовыя заявы аб удзеле ў працэдуры абраньня адзінага кандыдата ў сакратарыят выбарчай кампаніі. Дарэчы, першымі гэта зрабілі ў сераду старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

А колькі ўсяго можа быць прэтэндэнтаў? Канчатковы агульны сьпіс кандыдатаў абяцаюць абнародаваць у панядзелак, 28 сакавіка. Аднак старшыня сакратарыяту Ўладзімер Страх не выключае, што кандыдаты на адзінага прэтэндэнта могуць зьявіцца і пазьней:

(Страх: ) “Тэрмін вызначаны – 25 сакавіка. Але бываюць усялякія форс-мажорныя сытуацыі. Напрыклад, Мікалай Статкевіч актыўна ўдзельнічае ў гэтым працэсе, і, на мой погляд, зьяўляецца адным з рэальных прэтэндэнтаў. Але зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе, яго могуць судзіць і, паводле заканадаўства, ён проста ня будзе мець права ўдзельнічаць у выбарчай гонцы. Таму, магчыма, замест яго будзе вылучаная нейкая іншая кандыдатура. Але, паўтаруся, гэта, перадусім, магчыма толькі пры нейкіх надзвычайных сытуацыях”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі, на Ваш погляд, можа быць прэтэндэнтаў у сьпісе, які будзе аб’яўлены 28 сакавіка?”

(Страх: ) “Я думаю, можа быць восем – можа больш, а можа менш”.

Сталая рада аб’яднанай апазыцыі на гэтым тыдні апублікавала парадак вылучэньня свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэты дакумэнт выпрацоўваўся шляхам кампрамісу цягам чатырох месяцаў. Паводле яго, адзінага кандыдата ў прэзыдэнты павінны абраць таемным галасаваньнем на Нацыянальным кангрэсе дэмакратычных сілаў. Мяркуецца, што на гэтым форуме зьбяруцца 750 дэлегатаў, вылучаных рэгіянальнымі сходамі дэмакратаў, дэлегаваных палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі і незалежнымі прафсаюзамі.

Дэлегатамі кангрэсу стануць і былыя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту. Дарэчы, у сераду стала дзеючая нарада дэмакратычных сілаў зацьвердзіла графікі правядзеньня рэгіянальных канфэрэнцыяў і квоты ад палітычных партыяў на Нацыянальны кангрэс. Адзіна што пакуль невядома, дзе яго будуць праводзіць. Арганізатары сумняваюцца, што афіцыйныя беларускія ўлады дадуць адпаведны дазвол, таму ёсьць вялікая верагоднасьць, што форум пройдзе ў адной з суседніх зь Беларусьсю краінаў.

Праўдападобна, што акрамя адзінага кандыдата ад апазыцыі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявяць і іншыя вядомыя асобы: напрыклад, той жа Аляксандар Казулін, Валеры Фралоў, Пётр Краўчанка ці нехта яшчэ іншы. Ці не перашкодзіць вылучэньне адзінага кандыдата стварэньню вялікай кааліцыі ўсіх незадаволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі?

Наколькі я ведаю, ні Аляксандар Казулін, ні Пётр Краўчанка, ні Ўладзімер Парфяновіч, як верагодныя ўдзельнікі будучых выбараў, пакуль не зьбіраюцца падаваць свае заявы ў сакратарыят кампаніі. Так, былы рэктар БДУ спадар Казулін у інтэрвію нашаму радыё на гэтым тыдні казаў пра тое, што апазыцыйныя партыі, якія ўваходзяць у “дзясятку”, маюць невысокі рэйтынг і ня ведаюць, як схіліць на свой бок большасьць грамадзтва. На ягоную думку, вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі яшчэ нічога не вырашае і не забясьпечвае пасьпяховы вынік выбарчай кампаніі.

Уладзімер Парфяновіч, зь якім я размаўляў учора ўвечары, таксама ўпэўнены, што акрамя адзінага кандыдата ў барацьбу за прэзыдэнцкую пасаду ўступяць іншыя асобы. І нават ні адна. Нашая гутарка пачалася з пытаньня: ці магчымае супрацоўніцтва паміж кандыдатам ад “дзесяткі” і іншымі прэтэндэнтамі, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў?

(Парфяновіч: ) “Я думаю, павінна быць. Павінна”.

(Карэспандэнт: ) “А ня будзе паміж імі нейкай рэўнасьці?”

(Парфяновіч: ) “Можа і будзе. Ня ведаю. Бо парлямэнцкія выбары паказалі, што такога супрацоўніцтва там не было”.

(Карэспандэнт: ) “Маецца на ўвазе 52-я акруга?”

(Парфяновіч: ) “52-я і ўсе 110 акругаў. Размаўлялі пра адно, а атрымалася зусім іншае. Не было ніякага аб’яднаньня. Усе працавалі так, як прапанавала ўлада. Пад яе дудку працавалі й танцавалі”.
XS
SM
MD
LG