Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзел між поўднем і поўначчу – важны фактар кіргіскай палітыкі


Ганна Соусь, Прага Вынікі супрацьстаяньня апазыцыі і адміністрацыі Аскара Акаева наўпрост залежалі ад таго, ці атрымае кіргіская апазыцыя падтрымку ў Бішкеку і на поўначы краіны. Найбольшыя пратэсты ў першыя дні пасьля выбараў адбываліся на поўдні Кыргызстану. Аднак у чацьвер масавыя пратэсты перакінуліся і ў Бішкек. Паводле аналітыкаў, падзел паміж поўднем і поўначчу ёсьць істотным фактарам кіргіскай палітыкі. Поўнач і поўдзень Кыргызстану маюць этнічныя, эканамічныя і палітычныя адрозьненьні.

Чаму акцыі пратэсту пасьля парлямэнцкіх выбараў у Кыргызстане пачаліся на поўдні краіны, а не ў сталіцы, як гэта было напрыклад у Тбілісі ці Кіеве? У чым этнічныя і палітычныя адметнасьці падзелу паміж поўднем і поўначчу Кыргызстану? Сытуацыю тлумачыць экспэрт у сярэднеазіяцкім рэгіёне з маскоўскага цэнтру Карнэгі Аляксей Малашэнка:

(Малашэнка: ) “У эканамічным сэнсе, канешне, поўнач больш разьвітая, хаця б таму, што там Бішкек з прамысловымі прадпрыемствамі, якія былі пабудаваныя яшчэ за савецкім часам. Там больш аднароднае насельніцтва. Там болей кіргізаў, натуральна. І там, асабліва ў Бішкеку, найбольшая колькасьць расейцаў”.

Малашэнка дадае, што на поўначы людзі менш прыхільныя да рэлігіі, у той час як поўдзень больш кансэрватыўны і традыцыйны, і людзі тут больш рэлігійныя.

Высокія горы падзяляюць паўночны і паўднёвы Кыргызстан. Адзіная дарога злучае дзьве часткі краіны. І гэты падзел ня толькі геаграфічны. Гаварыць Сяргей Міхееў, аналітык з маскоўскага Цэнтру палітычных тэхналёгій, які некалькі гадоў жыў у Кыргызстане:

(Міхееў: ) “Сам па сабе поўдзень не зьяўляецца маналітным, таму што ў той жа Ошскай вобласьці і ў Джалал-Абадзе значную колькасьць насельніцтва складаюць узбэкі. Напрыклад у горадзе Ош большая палова жыхароў не кіргізы, а узбэкі”.

Аляксей Малашэнка адзначае, што адзін з асноўных аргумэнтаў апазыцыі – гэта незадаволенасьць прэзыдэнтам Акаевым, палітычным дзеячам з поўначы, які кіраваў краінай 15 гадоў.

(Малашэнка: ) “Безумоўна, поўдзень адчувае сябе, я б сказаў, дастаткова ўшчэмленым. Вядома нямала прыкладаў, калі выхадцы з поўдня, у тым ліку паўднёвыя губэрнатары, маглі дасягнуць сваіх пасадаў толькі тады, калі іх так ці інакш падтрымлівалі на поўначы”.

Паводле аналітыкаў, прыналежнасьць да кланаў ёсьць вельмі важным фактарам кіргіскай палітыкі. Паводле Малашэнкі, клан у Кыргызстане азначае пэўны геаграфічны рэгіён, і зусім не абавязкова сям’ю ці роднасныя сувязі.

Сяргей Міхееў таксама падкрэсьлівае важнасьць кланаў. Гістарычна ў Кыргызстане паўднёвы і паўночны кланы заўсёды канкуравалі ў барацьбе за ўладу. Паводле Міхеева, сытуацыя ўскладняецца і тым фактам, што некаторыя вядучыя кіргіскія палітыкі зьяўляюцца этнічнымі ўзбэкамі. Напрыклад, у 1990 годзе ў Ошы ў выніку сутыкненьня этнічных узбэкаў і кіргізаў загінулі некалькі соцень чалавек.

Аналітык Сяргей Міхееў лічыць, што кланы і этнічныя адметнасьці могуць стаць асноўнай перашкодай для аб’яднаньня апазыцыі, аднак такі патэнцыял у апазыцыі ёсьць.

(Малашэнка: ) “Я думаю, што гэтая апазыцыя мае ўсе падставы для таго, каб прэтэндаваць на статус агульнанацыянальнай апазыцыі. Яна ў такім выглядзе ўзьнікла, кансалідаваліся, і гэтыя апазыцыйныя настроі ўсё ж пачыналіся не на аснове поўдня і поўначы”.
XS
SM
MD
LG