Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зварот Рады Беларускай Народнай Рэспублікі да беларускага народу


RFE/RL Дарагія суродзічы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам – нашым Днём Волі – Днём 25-га сакавіка.

З сумам канстатую, што афіцыйная Беларусь, у адрозьненьне ад усіх суседніх народаў былой расейскай імпэрыі, дасюль не адзначае абвешчаньня пасьля доўгай няволі незалежнасьці сваёй дзяржавы. Без абвешчаньня Радай БНР незалежнасьці ў 1918 годзе сёньня ўжо беларускай дзяржаўнасьці, магчыма, не было б.

Дарагія суродзічы, шмат гаворыцца і пішацца апошнім часам у сьвеце пра будучыню Беларусі. Але толькі ад беларускага народу – ад нас самых – будзе залежаць, ці Беларусь застанецца другой Кубай на парозе заможнай Эўропы альбо станецца паўнавартасным сябрам эўрапейскай супольнасьці.

Цяпер, як ніколі, нам трэба паказаць сьвету, што мы народ эўрапейскі, што паважаем адзін аднаго і салідарныя ў змаганьні за нацыянальную годнасьць і лепшае жыцьцё.

Палітыкі, якія змагаюцца не за дабро Беларусі, а між сабою за ўладу, ня вартыя нашай увагі. Далучайцеся да радоў тых змагароў, якія ведаюць, што толькі зьяднанымі мы створым вольную і дэмакратычную Беларусь, і што толькі тады наш народ зойме пачэснае месца між народамі сьвету.

Са свайго боку, Рада БНР будзе змагацца пакуль не дасягне гэтай мэты.

Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!

Івонка СУРВІЛА, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
XS
SM
MD
LG