Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вінцук Вячорка сустрэўся са старшынём чэскага Сэнату


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня ў Прагу прыбыў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, які правёў шэраг палітычных спатканьняў, у тым ліку са старшынём Чэскага сэнату. Пра сустрэчы – крыху пазьней, а пакуль я зьвяртаюся да спадара Вячоркі з просьбай пракамэнтаваць апошнія навіны з Кіргізстану.

(Вячорка: ) “Я думаю, калі параўноўваць з той жа Украінай – чым менш дэмакратыі было ў краінах, якія патрапілі пад рэвалюцыйныя зьмены – тым больш кантрастнай, чорна-белай была рэвалюцыя. Кіргізстан традыцыйна лічыўся больш лібэральным, чым ягоныя сярэднеазіяцкія суседзі. І наагул, рэвалюцыя прабівала сабе шлях там, дзе існавалі магчымасьці для інфармаваньня людзей”.

(Абламейка: ) “Спадар Вінцук, давайце пяройдзем да Вашых сёньняшніх спатканьняў. Вы сустракаліся са старшынём чэскага сэнату Пшэмыслам Собаткам. Пра што ішла размова?”



(Вячорка: ) “І зь ім, і зь іншымі я стараўся акцэнтаваць увагу, што Беларусь належыць да эўрапейскай прасторы, і наяўнасьць цяперашняга лукашэнкаўскага рэжыму супярэчыць лёгіцы.

Мы размаўлялі пра крокі, якія магла б рабіць чэская ўлада для прыцягненьня ўвагі да пытаньняў Беларусі. Абмяркоўвалася магчымасьць правядзеньня сэнацкіх слуханьняў ў справах парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і свабоды сродкаў масавай інфармацыі”.

(Абламейка: ) “Вы спатыкаліся таксама і з сэнатарам Томашам Ірсам і дэпутатам парлямэнту Пэтрам Брацкім, якія займаюцца пытаньнямі мясцовага кіраваньня... Чаму гэтая тэма важная для БНФ?”

(Вячорка: ) “У нас ёсьць мясцовыя дэпутаты, якія ў пэрспэктыве павінны будуць пераняць рэгіянальную ўладу. Сэнатар Ірса адначасна зьяўляецца мэрам гарадку Глубака над Влтавай, а дэпутат Брацкі ўзначальваў адзін з раёнаў Прагі, і абодва маюць карысны досьвед. Мы дамовіліся, што накіруем нашых маладых пэрспэктыўных палітыкаў на рэгіянальныя стажы ў чэскія мясцовасьці”.

(Абламейка: ) “І, нарэшце, пра падпісаньне партнэрскае дамовы з партыяй ОДС (Грамадзянска-дэмакратычнай партыяй)”.

(Вячорка: ) “Мы падпісалі дамову пад чэскім і бел-чырвона-белым сьцягамі. Падчас падпісаньня Старшыня партыі Мірэк Топаланэк сказаў, што “Беларусь ня проста мае абсалютнае права быць часткай Эўропы – Беларусь ўжо зьяўляецца часткай Эўропы. Але Беларусь мае права быць часткай агульнаэўрапейскага працэсу, агульнапарлямэнцкага і паўночна-атлянтычнага працэсу.

Дадам, што ва ўсіх сустрэчах разам са мной бралі ўдзел прадстаўнікі Рады БНР”.



Фотаздымкі фонду “Чалавек у бядзе” (http://belcentrum.org/)
XS
SM
MD
LG