Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада ў Кіргізстане фактычна перайшла да апазыцыі


БІШКЕК: Улада ў Кіргізстане фактычна перайшла да апазыцыі пасьля таго, як каля 20 тысяч прыхільнікаў апазыцыі ўзялі штурмам будынак ураду ў Бішкеку. Кіраўнік створанай Рады народнага адзінства Курманбэк Бакіеў заявіў, што прэзыдэнт Аскар Акаеў пакінуў краіну. Праўдападобна ён з сям’ёю накіраваўся гэлікоптарам ў суседні Казахстан. Кіраўнік ураду Мікалай Танаеў падаў у адстаўку. У той жа час Бакіеў паведаміў, што кіраўнікі сілавых структураў працягваюць працаваць, каб гарантаваць бясьпеку ў краіне. Старшыня Канстытуцыйнага суду Кіргізстану Чалпан Баекава пацьвердзіла адстаўку Мікалая Танаева і заявіла, што Рада народнага адзінства разглядаецца ў якасьці часовага ўраду краіны. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў да міру ў Кіргізстане, пасьля таго, як дэманстранты захапілі дзяржаўныя будынкі ў Бішкеку. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў ўсклаў на АБСЭ адказнасьць за хваляваньні ў Кіргізстане. У выніку сутычак з міліцыяй і прыхільнікамі прэзыдэнта Акаева, каля 30 чалавек паранена. Улады вызвалілі лідэра апазыцыйнай Партыі Годнасьці Фэлікса Кулава. Выступаючы па тэлебачаньні Кулаў заклікаў прэзыдэнта Акаева сустрэцца з апазыцыйнымі лідэрамі і арганізаваць мірную перадачу ўлады. Кулаў заявіў, што прэзыдэнту і ягонай сям’і павінна быць гарантаваная бясьпека. Замест звычайнай праграмы дзяржаўнае радыё пачало перадаваць праграму кіргіскай службы Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG