Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбылося ў Кіргізстане і якія ўрокі рэвалюцыі для Беларусі?


RFE/RL За падзеямі ў Кіргізстане сачыў з Прагі аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст.

(Карэспандэнт: ) “Што можна сказаць пра характар кіргіскай апазіцыі, хто гэтыя людзі, ці гэта ісламісты, ці былыя намэнклятуршчыкі? Хто яны?”

(Дракахруст: ) “Там, зразумела, ёсьць розныя людзі, але калі браць постаці, якія на слыху , на авансцэне – то гэтыя людзі ў пэўным сэнсе “палітычныя дзеці” Аскара Акаева. Курманбэк Бакіеў, які ўзначаліў часовы ўладны орган – Каардынацыйную Раду нацыянальнага адзінства – былы прэм’ер-міністар, Роза Атынбаева – былы міністар замежных справаў, Фелікс Кулаў, вызвалены сёньня зь вязьніцы – былы міністар нацыянальнай бясьпекі.

Калі прыгадаць, хто стаяў на чале грузінскай і ўкраінскай рэвалюцыяў, праглядаецца пэўная заканамернасьць – уладара хаваюць ягоныя былыя паплечнікі.

Праўда, асаблівасьцю кіргіскай рэвалюцыі ёсьць той, што ў ёй няма выразнага лідэра, няма свайго Юшчанкі ці Саакашвілі. Але кіргіскі досьвед паказвае, што перамога можа быць здабытая і бяз гэтага”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, у чым яшчэ кіргіская рэвалюцыя адрозьнівалася ад грузінскай і ўкраінскай , а ў чым Вы б адзначылі падабенства?”

(Дракахруст: ) “Адрозьненьні – усе так бы мовіць не на карысьць кіргізаў: няма адзінага апазіцыйнага лідэра, працэс пачаўся не ў сталіцы (шмат хто выказваў меркаваньне, што ён не перакінецца на поўнач).

На жаль, падзеі ў Кіргізстане не былі зусім ўжо бяскроўнымі, кроў пралілася, гвалт меў месца. Але і народ аказаўся дастаткова мудрым і лідэры апазіцыі дастаткова мудрымі і галоўнае – аўтарытэтнымі, каб лякалізаваць гэтыя праявы гвалту.

Я б адзначыў прыватную, але вельмі высакародную дэталь – першае, што сказаў Фелікс Кулаў, які выйшаў зь вязьніцы, дзе Акаеў трымаў яго 5 гадоў – што ён гарантуе бясьпеку прэзыдэнту і ягонай сям’і.

Вельмі важнай асаблівасьцю мне падаецца стварэньне паралельных органаў улады ў Ошы і Джэлалабадзе, зьява якой не было ані ва Ўкраіне, ані ў Грузіі.

Сярод асаблівасьцяў кіргіскай рэвалюцыі я б адзначыў адсутнасьць, так бы мовіць, геапалітычнага чыньніка – лёзунгі вызваленьня ад ўплыву Расеі, ад прарасейскага кіраўніцтва там адсутнічалі.

Падабенства – імгненны абвал ўлады, не знайшлося літаральна нікога, хто пайшоў бы абараняць кіраўніка, які ўчора здаваўся ўсемагутным. Размах пратэсту быў нечаканым для саміх апазіцыянераў, пра што сёньня шчыра сказаў Курманбэк Бакіеў.

(Карэспандэнт: ) “Юры, на Ваш погляд у чым урокі кіргіскай рэвалюцыі для Беларусі, ці можа ў Беларусі адбыцца нешта падобнае?”

(Дракахруст: ) “Прыгадваецца, што яшчэ пару тыдняў таму прэзыдэнт Акаеў запэўніваў усіх, што аранжавая рэвалюцыю ў Кіргізстане немагчымая. Тое самае, як заклінаньне , паўтарае зараз Аляксандар Лукашэнка.

Досьвед Кіргізстану, параўнаньне яго з Украінай і Грузіяй, паказвае, што галоўнае – гэта сасьпеласьць народу, ягоная прага пераменаў, ступень масавай незадаволенасьці несправядлівасьцю ўладаў.

Ані моц і структураванасьць апазыцыі, ані наяўнасьць адзінага лідэра апазіцыі, ані ўплыў у сталіцы не з’яўляюцца вырашальнымі фактарамі – імклівыя перамены могуць адбывацца і бяз гэтага.

Зь іншага боку кіргіскі досьвед, магчыма, умацуе беларускую ўладу ва ўпэўненасьці, што галоўны сродак прадухіліць рэвалюцыю – гэта зьнішчыць усе магчымыя структуры грамадзянскай супольнасьці, а галоўны сродак спыніць, калі яна ўжо пачалася – гэта рашуча ўжываць сілу.

І Шэварднадзе, і Кучма, і зараз Акаеў былі шчодрымі на слоўныя пагрозы, але і ў самы разгар крызісу паўтаралі , што ня хочуць крыві і не пральюць крыві.

Аднак як раз кіргізскі досьвед сьведчыць пра тое, што “зачыстка” – не панацэя ад рэвалюцыяў. Кіргізская апазыцыя на працягу шмат гадоў выглядала сабой, ізаляванай і раз’яднанай, сетка недзяржаўных арганізацыяў там была значна больш рэдкай, чым у Грузіі ці ва Ўкраіне.

Што да рашучасьці і гатоўнасьці ўтрымліваць уладу любымі сродкамі, то тут якасьці кіраўніка, ягоная воля, здольнасьць без ваганьняў аддаць самы жорсткі загад сапраўды адыгрываюць не апошнюю ролю. Але сілавікі – і самыя высокапастаўленыя , і шараговыя – гэта частка самога народу.

Пытаньне ў тым, ці выканаюць яны ў крызіснай сітуацыі такі загад. Прызначаны ў аўторак новы міністар унутраных справаў Кіргізстану адразу ж публічна заявіў, што для аховы парадку міліцыя будзе ўжываць усе сродкі, у тым ліку і зброю, а ў сераду гэтая міліцыя бяз бою здала апазыцыі Бішкек.

Гл. таксама • Фотарэпартаж зь Бішкеку
XS
SM
MD
LG