Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка замацаваў дэкрэтам, тое што казаў вусна: ПДВ плаціць прыйдзецца ўсім


Міхал Стэльмак, Менск Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра новыя ўмовы працы дробных бізнэсоўцаў, у якім пацьверджаная неабходнасьць уплаты імі падатку на даданую вартасьць (ПДВ). На думку сяброў грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, ігнараваньне іхных патрабаваньняў прывядзе да палітызацыі прадпрымальніцкага асяродзьдзя.

Паводле ўказу Лукашэнкі, плаціць падатак на даданую вартасьць мусяць усе індывідуальныя прадпрымальнікі. У выпадку няўплаты гэтага падатку, бізнэсоўцаў чакаюць эканамічныя санкцыі. Як вынікае з дакумэнту, увядзеньне гэтых санкцыяў адтэрміноўваецца да 20 ліпеня. Паводле сяброў грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, указ ігнаруе патрабаваньне ўдзельнікаў нядаўняга агульнанацыянальнага страйку, якія выступалі за адмену падатку на даданую вартасьць.

Гаворыць лідэр дробных бізнэсоўцаў Наваполацку й Полацку Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Тое, на што спадзяваліся прадпрымальнікі, калі яны зьвярталіся да ўлады, не адбылося. Вельмі вялікі адсотак уплаты падатку на даданую вартасьць, ён застаўся. Ён будзе непамерным грузам для прадпрымальнікаў рэгіёнаў у першую чаргу. І мы ўбачым у наступныя месяцы як скароціцца колькасьць прадпрымальнікаў”.

Адмоўнае стаўленьне да ўказу выказваюць бізнэсоўцы ня толькі з рэгіёнаў, але і ў Менску. Андрэй Шэўчык, сталічны актывіст “Пэрспэктывы” мяркуе, што дакумэнт скіраваны супраць усіх прадстаўнікоў такой галіны як дробны бізнэс.

(Шэўчык: ) “На прадпрымальніках прэзыдэнт паставіў крыж. Гэта частка прэзыдэнцкай ідэалёгіі. Тое, што яны арэнду зьменяць, гэта ўсё фікцыя”.

Згаданы ўказ, паводле актывістаў “Пэрспэктывы”, справакуе новы рост пратэстных настрояў у прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Пагроза банкруцтва, на іх думку, актывізуе гандляроў больш актыўна змагацца за свае правы. І найперш, як лічыць лідэр барысаўскіх бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў, тую частку, якая брала пасіўны ўдзел у агульнанацыянальным страйку:

(Гарбачоў: ) “Прадпрымальнікі зразумеюць, што іх падманулі. Я мяркую, што гэта апошняя вера. Усялякія далейшыя перамовы бессэнсоўныя. Пачнуць штрафаваць, канфіскоўваць, пачнуць апісваць маёмасьць. І народ зразумее, што ўсё залежыць ад палітыкі”.

Мяркуе Віктар Гарбачоў, лідэр прадпрымальнікаў Барысава. Паводле актывістаў “Пэрспэктывы”, ужо бліжэйшым часам варта чакаць палітызацыі прадпрымальніцкага асяродзьдзя. На іх думку, каб выжыць, прадстаўнікі дробнага бізнэсу мусяць змагацца за дэмакратызацыю краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG