Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгараецца канфлікт паміж Масквой і Варшавай з-за... назваў вуліц


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Узмацняецца канфлікт паміж Варшавай і Масквой у справе... назвы аднаго з кальцавых скрыжаваньняў польскай сталіцы, якому Рада Варшавы напярэдадні дала імя першага прэзыдэнта Чачэніі Джахара Дудаева. У адказ, як паведаміла газэта “Время новостей” маскоўская гарадзкая Дума хоча назваць адну з вуліцаў імём генэрала Мураўёва, якога і ў Польшчы і Беларусі добра ведаюць пад мянушкай “вешальнік”.

Пасьля таго, як дэпутаты варшаўскай гарадзкой Рады вырашылі назваць кальцавое скрыжаваньне вуліцаў Ерусалімскай алеі і Папулярнай імем Джахара Дудаева, расейскі МЗС, а таксама дума і мэрыя Масквы выказалі абурэньне гэтым крокам ды назвалі яго “правакацыяй”.

Між тым, мэр Варшавы Лех Качыньскі заявіў, што гэта ня справа расейцаў, а выключна палякаў, як ім называць свае вуліцы, плошчы і паркі.

Як паведамляе “Время новостей”, дэпутаты маскоўскай думы доўга вырашалі, як адпомсьціць палякам за памяць пра Дудаева, ды спынілі свой выбар на тым, каб, калі варшавяне не адмовяцца ад свайго рашэньня, даць адной з вуліцаў каля польскай амбасады ў Маскве імя генэрала Мураўёва.

Мураўёў-вешальнік крывава задушыў антырасейскае паўстаньне 1863-1864 гадоў, якое шырока вядомае ў Беларусі як паўстаньне Кастуся Каліноўскага.

На загады Мураўёва былі забітыя і сасланыя ў Сібір тысячы беларусаў.
XS
SM
MD
LG