Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады хаваюць праўду пра сухоты ў беларускіх турмах


Галіна Абакунчык, Менск 24 сакавіка ў сьвеце адзначаецца Дзень барацьбы з сухотамі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі на сухоты хварэюць 13 тысяч чалавек, што складае 55 асобаў на 100 тысяч насельніцтва. У турмах колькасьць сухотнікаў большая ў некалькі разоў — 623 выпадкі на 100 тысяч зьняволеных. Аднак прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў заяўляюць, што сапраўдныя зьвесткі пра распаўсюд сухотаў у пэнітэнцыярных установах улады замоўчваюць.

Чыноўнікі ад мэдыцыны заяўляюць, што толькі за апошнія сем гадоў колькасьць хворых на сухоты ў турмах скарацілася амаль у 2,5 разу. І гэта дзякуючы таму, што вязьні праходзяць абсьледаваньне, атрымліваюць неабходныя лекавыя прэпараты і ўзмоцненае харчаваньне. Аднак праваабаронцы заяўляюць, што рэальнае становішча ў вязьніцах зусім іншае.

Лідэрка арганізацыі “Праваабарончы альянс” Людміла Гразнова мяркуе пра гэта з уласнага досьведу. Як вядома, яна адбывала адміністрацыйнае пакараньне ў менскім прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Гаворыць Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Няма там ніякіх умоваў. Гэта сучасны канцлягер. Людзі бяруць на сябе віну, каб толькі пакінуць месца папярэдняга зьняволеньня, каб толькі хутчэй сысьці, каб не захварэць. Я выйшла здаровая, але іншым ня так шчасьціць, і пасьля людзі хварэюць. Я ведаю, што такое захворваньне атрымаў адзін з хлопцаў, які праходзіў па справе Марыніча. Ён быў на судзе з павязкай, бо ён быў хворы на сухоты. Трэба крычаць крыкам, трэба патрабаваць, каб улады спынілі гэта”.

Паводле праваабаронцаў, удакладніць праўдзівасьць афіцыйнай статыстыкі ў справе распаўсюду сухотаў у турмах улады не даюць магчымасьці. Але паводле шматлікіх зваротаў вязьняў можна меркаваць, што насамрэч гэтая хвароба сярод зьняволеных масавая, кажа адзін зь лідэраў праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Зьміцер Маркушэўскі.

(Маркушэўскі: ) “У турмах — ці ўлады саджаюць пераважна хворых, ці людзі захворваюць на сухоты менавіта ў зьняволеньні. Падставай для гэтага ёсьць кепская вэнтыляцыя, кепскае харчаваньне. Нават тыя нормы, якія цяпер усталяваныя, яны не выконваюцца, як паказвае практыка. Працягваецца перапоўненасьць турмаў, і пра гэта сьведчаць частыя амністыі, а таксама звароты вязьняў у БХК”.

Як паведаміў спадар Маркушэўскі, маніторынг БХК у справе распаўсюду хваробы паказвае, што сухоты ёсьць хваробаю ВІЧ-інфікаваных, бедных і галоўнае — зьняволеных. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі колькасьць хворых на сухоты штогоду павялічваецца на 8%. Адна тысяча хворых памірае.
XS
SM
MD
LG