Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сілавыя структуры рыхтуюцца да мітынгу ў Менску 25 сакавіка?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Улада гатовая адрэагаваць “у адпаведнасьці з законам” на дзеяньні людзей, якія 25 сакавіка выйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менску. Удзельнікі сьвяткаваньня Дня Волі мінулых гадоў згадваюць пра свой досьвед таго, што азначае для ўладаў “адрэагаваць у адпаведнасьці з законам”.

Як сілавыя структуры рыхтуюцца да магчымага мітынгу аднадумцаў Андрэя Клімава на Кастрычніцкай плошчы Менску 25 сакавіка? Ва ўправе гарадзкой міліцыі нагадалі, што ў правядзеньні мітынгу былому дэпутату Вярхоўнага Савету адмоўлена, таму адносна тых, хто ўсё ж зьбярэцца, будуць дзеяньні “паводле раней адпрацаваных схемаў”. Пра іх нагадаў прэсавы сакратар гарадзкой міліцыі Алег Сьлепчанка:

(Сьлепчанка: ) “Будзе, хутчэй за ўсё, заклік разысьціся і выявіць памяркоўнасьць. Калі ня будуць парушаць грамадзкага парадку, можа, некалькі словаў ім і дадуць сказаць. А далей усё залежыць ад тых, хто зьбярэцца. Парушаць парадак — значыць, міліцыя будзе рэагаваць у адпаведнасьці з законам”.

Пра гэткую ж пазыцыю заявілі ў прэсавых службах КДБ Беларусі і рэспубліканскай пракуратуры. Ва ўправе ўнутраных войскаў ад камэнтароў адмовіліся, спаслаўшыся на загад зьверху. Што азначае для беларускіх міліцыянтаў “рэагаваць у адпаведнасьці з законам“? Удзельнікі і сьведкі Дзён Волі апошніх гадоў кажуць, што межы гэтага паняцьця акрэсьленыя вельмі пэўна.

У 1996 годзе ўлады ўпершыню надзвычай жорстка абышліся з удзельнікамі сьвяткаваньня Дня Волі, згадвае прафэсар Мікола Савіцкі. Ён быў у невялікай калёне тых, хто сьвяткаваў, якая зь бел-чырвона-белымі сьцягамі рухалася па ходніках праспэкту Скарыны да Галоўнага паштамту. На перакрыжаваньні праспэкту з вуліцай Валадарскага іх сустрэў ланцуг амонаўцаў. Паводле Міколы Савіцкага, менавіта амонаўцы першымі напалі на дэманстрантаў.

(Савіцкі: ) “Ланцугом ішлі, барабанілі ў шчыты, а старэйшы іх, памятаю, лейтэнант з вусікамі, усё крычаў “Біць! Біць! Біць!” Каб разьюшыць іх, даваў каманды. Усе павярнулі, і я павярнуў, а тады мяне ззаду… Спачатку газу пырснулі ў вочы, а потым па галаве палкай як далі, што страціў прытомнасьць. Было страсеньне мозгу, трапіў у шпіталь. Ня дай Бог!”

Але рэкордным годам па колькасьці пацярпелых удзельнікаў Дня Волі стаў 2000 год. Тады былі зьбітыя і затрыманыя больш за 500 чалавек. У тым ліку сярод затрыманых аказаліся супрацоўнікі замежных місіяў, некалькі дзясяткаў беларускіх і замежных журналістаў. Карэспандэнтку расейскага інфармацыйнага агенцтва ІТАР-ТАСС Ларысу Ключнікаву затрымалі разам з калегамі каля штаб-кватэры БНФ на вуліцы Варвашэні. За што яе зьмясьцілі ў міліцэйскі варанок, яна дагэтуль ня ведае.

(Ключнікава: ) “Амонавец быў у шлеме, у бронекамізэльцы. Я спыталася: а якія да мяне прэтэнзіі, але ён нічога не адказваючы (праўда, карэктна), адвёў мяне да варанка. У машыне былі маленькі камэры, у адной зь іх ужо некага трымалі, і мяне зьмясьцілі ў такую камэру, а спачатку паспрабавалі адабраць тэлефон”.

Расейскую журналістку Ларысу Ключнікаву адпусьцілі празь некалькі гадзінаў пасьля ўмяшальніцтва расейскай амбасады. У той дзень з пратэстамі выступілі і некаторыя іншыя замежныя місіі. Празь некалькі дзён ва ўправу менскай міліцыі запрасілі пацярпелых журналістаў, міліцыянты прасілі прабачэньня за “перавышэньне паўнамоцтваў” і частавалі прадстаўнікоў мэдыяў віном і гарэлкай. Між тым, ні ў кога са зьбітых удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі прабачэньня міліцыя гэтак не папрасіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG