Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя патрабуе больш увагі да вэтэранаў вайны


Валер Каліноўскі, Менск Лідэры апазыцыйных партыяў накіравалі зварот у Савет Міністраў Беларусі з прапановай да ўраду выступіць ініцыятарам падрыхтаванага вэтэранамі законапраекту, які адмовіліся падтрымаць у адміністрацыі прэзыдэнта. Вэтэраны прапануюць сыстэматызаваць у адным законе палажэньні ўказаў, загадаў міністра абароны, іншых ведамасных распараджэньняў, прысьвечаных захаваньню памяці пра вайну і клопату аб яе ўдзельніках. Акрамя іншага, яны прапануюць ўпарадкаваць сыстэмы матэрыяльнай падтрымкі вэтэранаў, догляду помнікаў і мэмарыялаў, заснаваць сьвяткаваньне Дня герояў, увесьці адказнасьць за гандаль узнагародамі Вялікай Айчыннай вайны.

Зварот да ўраду падпісалі лідэры АГП, БНФ, ПКБ, БСДГ, жаночай партыі “Надзея”. Апазыцыянэры дамагаюцца, каб урад выкарыстаў сваё права заканадаўчай ініцыятывы ў парлямэнце наконт законапраекту “Аб увекавечаньні Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Ініцыятарам яго разгляду ў рамках “пяцёркі” апазыцыйных партыяў была ПКБ, праект падрыхтаваны грамадзкім аб’яднаньнем па сувязях з гарадамі-героямі “Пераможцы”. Гаворыць намесьнік старшыні гэтай арганізацыі, распрацоўшчык дакумэнта Станіслаў Акружко:

(Акружко: ) “На вялікі жаль, мы тройчы зьвярталіся ў адміністрацыю прэзыдэнта, а пры ёй была створаная рэспубліканская камісія ў справе падрыхтоўкі да 60-годзьдзя Перамогі. Двойчы нам не адказвалі, а трэці раз літаральна на мінулым тыдні адказалі, што практычна ўсё, што мы прапануем у гэтым законапраекце, існуе ў падзаконных актах”.

Спадар Акружко перакананы, што трэба замацаваць гэтыя палажэньні менавіта ў законе, як гэта было нядаўна зроблена ва Ўкраіне.Сакратар ПКБ Алена Скрыган зазначыла, што апазыцыя пагадзілася з такім падыходам:

(Скрыган: ) “Мы вырашылі, што абавязаны падтрымаць вэтэранаў і выказаць сваю думку, што такі закон неабходны. У праекце закону прадугледжана, што гэта будзе сыстэматычная работа, што павінны быць мэтавыя праграмы ня толькі да юбілеяў”.

Алена Скрыган кажа, што ёсьць у законапраекце і арыгінальныя прапановы, якія ніяк не адлюстраваныя ў падзаконных актах. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што апазыцыянэры маюць маральны абавязак патрабаваць ад улады большай увагі да вэтэранаў.

(Лябедзька: ) “Мы лічым, што і з маральнага пункту гледжаньня, і з палітычнага такі падыход правільны. Чаму не? Вось у мяне за адзін дзень дзед загінуў, два дзядзькі загінулі… І ўвесь час слухаючы Лукашэнку, які абразьліва гаворыць пра апазыцыю, чаму мы ня можам ад яго патрабаваць гэтага, дзеці і ўнукі тых, хто загінуў”.

Аднак спадар Лябедзька нагадвае, што папярэдні досьвед кантактаў АГП з Саўмінам і прэзыдэнцкай адміністрацыяй ня меў вялікага плёну. Тым ня меней, прадстаўнік вэтэранскай арганізацыі Станіслаў Акружко мяркуе, што падтрымка іх законапраекту з боку апазыцыйных партыяў не павінна істотна зашкодзіць ягонаму прыняцьцю парлямэнтам.

(Акружко: ) “І тут, калі разумны чалавек сядзіць наверсе, ён ня мае маральнага права падыходзіць зь меркай “хто ты і каго прадстаўляеш”.
XS
SM
MD
LG