Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сёлета паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднём такая адлегласьць?


Галіна Жарко, Менск У нядзелю каталікі будуць сьвяткаваць Вялікдзень, а сёньня – чысты чацьвер. У гэты дзень да ўсходу сонца стараліся памыцца ў лазьні й прыбіралі ў хаце.

Галоўным момантам падрыхтоўкі сьвяточнага стану душы да Вялікадня ў вернікаў зьяўляецца найперш пост, а таксама й чысты чацьвер. Прыбіралі хату й двор, засьцілалі сьвяточныя посьцілкі, вешалі чыстыя або новыя ручнікі на абразы й партрэты памерлых родзічаў… Гэтая традыцыя, прыбраць менавіта ў чацьвер, захоўваецца й цяпер. У пятніцу гаспадыні ўжо пачнуць пячы велікодныя булкі й фарбаваць яйкі.

Уваскрасеньне Хрыстова ў нядзелю сьвяткуюць ня толькі каталікі, але й часткова грэка-каталікі, а таксама, напрыклад, праваслаўныя фіны сьвяткуюць разам з каталікамі, колькасьць якіх перавышае мільярд. А беларускія пратэстанты будуць сьвяткаваць разам з праваслаўнымі. Бо прадстаўнікоў праваслаўнай канфэсіі ў Беларусі больш, чым каталіцкай. Ім яшчэ доўга – да 1 траўня – чакаць сьвята.

Чаму сёлета паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднём такая вялікая адлегласьць? Дата важнейшага сьвята ўсіх хрысьціянаў – Уваскрасеньня Хрыстовага – вызначаецца па сонцы й месяцы: гэта першая поўня пасьля дня сонечнага раўнадзенства. Але праваслаўныя не прызнаюць Грыгарыянскі каляндар, а працягваюць карыстацца Юльянскім.

Апроч таго, яны абавязкова адзначаюць Пасху толькі пасьля таго, як адсьвяткуюць габрэі. Хрыстос зьявіўся ў Іерусаліме якраз на сьвята Пэсах. Можна перачытаць Міхаіла Булгакава: “...раніцаю 14 чысла веснавога месяца Нісана”. Понцій Пілат умыў рукі, і Хрыста ўкрыжавалі.

Сёлета габрэі пачнуць сьвяткаваць Пэсах 23 красавіка. Сьвяткаваньне доўжыцца 8 дзён і завершыцца 1-га траўня. Якраз ізноў будзе поўня й тады, паводле царкоўных канонаў, можна будзе разгавецца праваслаўным. Вось што кажа айцец Сяргей Гардун:

(а. Сяргей: ) “За стагодзьдзе было 15 такіх гадоў, калі каталіцкая Пасха была раней за юдэйскую. А гэта старажытнымі канонамі забаронена. І праваслаўная царква гэтага новаўвядзеньня не прымае. Не згаджаецца. Чакаем юдэйскай пасхі й поўні месяца, і тады будзе праваслаўная Пасха”.

У самы раньні пэрыяд хрысьціянства таксама былі дзьве даты сьвяткаваньня. У горадзе Эфэсе хрысьціяне сьвяткавалі Пасху разам зь юдэямі; Александрыя, Антыахія й Рым – абавязкова пасьля юдэйскай Пасхі. На першым Ўсяленскім саборы ў 325 годзе Пасху пагадзіліся сьвяткаваць у адзін дзень. Гэтак і было, пакуль у 1582 годзе Папа Рымскі Грыгорый ня ўвёў новы каляндар.

Існуюць спробы дамовіцца па гэтым і шмат якіх пытаньнях: іх зьдзяйсьняе экумэнічны рух, які ўтварыўся напачатку 20-га стагодзьдзя ў Эўропе пад крылом Рыма. Вось што кажа выпускнік гістарычнага факультэта БДУ, спэцыяліст у галіне рэлігіязнаўства Цімафей Акудовіч:

(Акудовіч: ) “Працэс экумэнізму – аб’яднаньня двух цэркваў, каб узяць і з той, і з гэтай царквы лепшае. Але ні адна, ні другая царква на сур’ёзныя саступкі ня йдзе. Тут прысутнічае сьвята вясновага раўнадзенства, чыста язычніцкае сьвята, якое адзначалася ўсімі народамі. Сонцу пакланяліся па-сутнасьці ўсе.

Юдэі дасягнулі высокага ўзроўню разьвіцьця: у іх гэтае сьвята Пасха хоць і язычніцкае было, але мела гістарычны сэнс – сэнс вызваленьня ад прыгнёту эгіпэцкага. Ва ўсіх астатніх народаў, і ў нас у тым ліку, гэта сьвята прыходу вясны. Вельмі шмат агульнага – адраджэньне прыроды й нараджэньне Хрыста”.

Нездарма ў беларускай мове слова “Вялікдзень” убірае ў сябе й хрысьціянскі, й язычніцкі зьмест сьвята. Ну і яшчэ такая адметнасьць: шмат у якіх беларускіх сем’ях ізноў адсьвяткуюць два разы, бо нехта – з каталікоў, нехта – з праваслаўных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG