Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сухоты – хвароба ВІЧ-інфікаваных, бедных і зьняволеных


Сьвятлана Курс, Менск 24 сакавіка – Сусьветны Дзень барацьбы з тубэркулёзам. У гэта дзень у 1882 годзе Робэрт Кох адкрыў ўзбуджальніка сухотаў, што дазволіла стварыць вакцыну. Людзі амаль перасталі паміраць ад сухотаў. Аднак напрыканцы ХХ стагодзьдзя тубэркулёзная палачка ізноў пайшла ў наступ. У Беларусі другі год працягваецца рост захворваньняў на сухоты на 7-8%.

Як выглядае праблема тубэркулёзу ў Беларусі? З афіцыйных зьвестак, з 1998 па 2002 год захворвальнасьць зьнізілася амаль на траціну. І раптам у 2003 годзе ўзрасла на 7%. І сёлета рост захворвальнасьці склаў каля 8%. Цяпер паказьнік захворвальнасьці ў Беларусі – каля 55 чалавек на 100 тысячаў асобаў. Захворвальнасьць дзяцей – больш за 4 чалавекі на сотню тысячаў. У суседняй Расеі гэты паказьнік большы ажно ў чатыры разы.

А вось як выглядае статыстыка ў сьвеце: у Беларусі – 55 чалавек на 100 тыс., у Брытаніі – 12 чалавек, у Польшчы – 31, у Расеі – 115, ва Ўкраіне – 132 чалавекі на 100 тысячаў. Беларусь і Эстонія маюць найлепшую статыстыку з краінаў постсавецкай прасторы, аднак значна адстаюць ад Захаду.

Найгоршая сытуацыя ў Афрыцы, бо сухоты – хвароба ВІЧ-інфікаваных і бедных. Аднак выканаўца абавязкаў дырэктара НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі Беларусі Генадзь Гурэвіч лічыць, што рост тубэркулёзу ў Беларусі не зьвязаны з пагаршэньнем сацыяльна-эканамічнага становішча.

(Гурэвіч: ) “Тут дзьве прычыны: мы сталі лепей выяўляць сухоты пры прафіляктычных аглядах. І другая – пэўны працэнт прыросту даюць ВІЧ-інфікаваныя асобы”.

Вядома, што вялікі прырост захворваньняў даюць турмы. Зьняволеныя сталі хварэць на 9% меней, аднак паказьнікі ўсё адно дрэнныя: 328 чалавек на 100 тысячаў, то бок, зьняволеныя беларусы хварэюць амаль у 6 разоў часьцей. Самі вязьні, мяркуючы са скаргаў у праваабарончыя арганізацыі, прычынамі лічаць бедную ежу, цеснату, адсутнасьць сьвежага паветра. МУС сьцьвярджае, што зьняволеныя-сухотнікі атрымоўваюць дастатковую мэдычную дапамогу.

Усясьветная арганізацыя здароўя падае, што за наступную дзесяцігодку ў сьвеце захварэюць на сухоты 90 млн. чалавек, зь якіх траціна памрэ. Як сталася, што амаль пераможаная ў ХХ ст. хвароба зноў пайшла ў наступ? Спэцыялісты тлумачаць гэта беднасьцю, СНІД і мутацыяй узбуджальніка сухотаў. Вось думка кіраўніка НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі Генадзя Гурэвіча:

(Гурэвіч: ) “Асноўная прычына – палачка адаптавалася да вядомых нам лекавых прэпаратаў. Другая прычына – зьяўленьне СНІДу”.
XS
SM
MD
LG