Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вэтэраны НХЛ згуляюць у Менску зь “лепшай аматарскай камандай сьвету”


Ігар Карней, Менск 24 сакавіка ўвечары ў менскім Палацы спорту адбудзецца хакейны матч паміж былымі гульцамі Паўночна-Амэрыканскай хакейнай лігі, вэтэранамі клюбу НХЛ “Дэтройт Рэд Уінгз”, і беларускай камандай на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. На Беларускім тэлебачаньні матчу папярэднічала вялікая рэклямная кампанія, у якой каманда прэзыдэнта Беларусі называецца “мацнейшай аматарскай камандай сьвету”.

Зрэшты, такое цьверджаньне не далёкае ад ісьціны. Як сьведчыць статыстыка, цягам пяці гадоў існаваньня каманды яна ніводнага разу не прайграла. У пасіве клюбу, дзе, апроч Лукашэнкі, гуляе досыць стракатая публіка – ад прафэсійных у мінулым футбалістаў да міністраў і бізнэсоўцаў – толькі адна нічыя. Гэтая “недарэчнасьць” – на сумленьні спарынг-партнэра расейскага форварда Паўла Бурэ, які гасьцяваў у Менску з асабістага запрашэньня Лукашэнкі ў канцы 1990-х.

Напрыканцы мінулага году свой “непераможны статус” прэзыдэнцкая каманда пацьвердзіла ў Калядным хакейным турніры, па чарзе “разьбіўшы” усе запрошаныя ў Беларусь зборныя, якія, дзеля справядлівасьці, не маглі пахваліцца гучнымі імёнамі ў сваіх складах. Ці ўдасца сёньня гэтак жа лёгка “разабрацца” з зоркамі НХЛ, якія ў нядаўнім мінулым складалі эліту ўсясьветнага хакею?

Вось толькі некалькі прозьвішчаў заяўленых на сустрэчу экс-“энхаэлаўцаў”: Дэйв Льюіс – больш за тысячу гульняў у НХЛ, уладальнік трох Кубкаў Стэнлі, цяперашні галоўны трэнэр “Дэтройту”; Джо Кочур – 820 гульняў у НХЛ, 4 Кубкі Стэнлі; Ігар Ларыёнаў – 921 гульня, тры Кубкі Стэнлі; Майк Крушальніцкі – 897 гульняў, 4 Кубкі Стэнлі. А таксама – Грэг Адамс (1056 гульняў), Дэніс Хэкстал (681), Джон Агроднік (928) ды іншыя. Як кажуць у атачэньні кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка скіраваны толькі на перамогу. Пра настроі амэрыканцаў не паведамляецца.
XS
SM
MD
LG