Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ніва": "у Берасьці вельмі цяжка купіць газэту на беларускай мове"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 24 сакавіка ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

На першай паласе “Ніва” зьмяшчае вялікі матэрыял пра арганізаваную напярэдадні ў Беластоку студэнтамі-палякамі і студэнтамі-беларусамі канфэрэнцыю “Польшча-Беларусь”. У межах канфэрэнцыі адбылася таксама сустрэча зь вядомым пісьменьнікам Сакратам Яновічам, які, сярод іншага, наступным чынам акрэсьліў, што гэта значыць “быць беларусам”: “Быць беларусам гэта значыць стацца нармальным чалавекам – без комплексаў і геройскай адчайнасьці, часам з памежжа псыхічнай хваробы”. Быць беларусам, паводле Яновіча, немагчыма без культурнасьці, без чытаньня. Нацыянальнасьць, як кажа пісьменьнік, гэта лёс, і ад яго не ўцячэш. Асыміляцыя нясе з сабой інтэлектуальную і маральную дэградацыю, марнаваньне грамадзкай энэргіі.

“25 сакавіка – мы народ” такі загаловак мае артыкул галоўнага рэдактара “Нівы” Яўгена Вапы. Спадар Вапа піша: “Без гістарычнай памяці няма народа. Сьвяткуючы чарговыя ўгодкі абвяшчэньня БНР, мы даказваем, што мы – народ. Народ, які мае свае ідэалы, мары, памкненьні, пройгрышы і выйгрышы. Няважна тады, дзе каму прыйдзецца жыць – на Бацькаўшчыне ці ў далёкай Аўстраліі, Амэрыцы ці, як нам, беларусам Беласточчыны, выпала жыць у Польшчы. Вядома, было б лягчэй, калі б сёньняшняя Беларусь была беларускай дзяржавай, а не краінай, дзе беларускасьць выціскаецца – на гэта няма нашай згоды”, напісаў Яўген Вапа.

І яшчэ адзін матэрыял – пра Берасьце. Аўтар, прафэсар Яўген Мірановіч, сярод іншага, адзначае: “У адрозьненьні ад Гародні ці Менску, у Берасьці вельмі цяжка купіць газэту на беларускай мове... Зь нейкім задавальненьнем прадаўцы ў крамах адказваюць: “Нет у нас белорусских газет”. Беларускую мову ўсе там ведаюць, але ўспрымаюць так, як у нас на Беласточчыне – каб выгодна і бясьпечна жыць, лепш яе забыць”, напісаў у апошнім нумары “Нівы” Яўген Мірановіч.
XS
SM
MD
LG