Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 сакавіка 1794 году ў Кракаве пачалося паўстаньне Касьцюшкі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 сакавіка

Сёньня – Міжнародны дзень барацьбы з сухотамі. Варта згадаць, што менавіта гэтая хвароба напачатку мінулага стагодзьдзя фатальна навісла над пачынальнікамі новае беларускае дзяржаўнасьці і культуры. Сьмерць ад сухотаў спыніла ў самым росквіце маладых жыцьцёвых і творчых сілаў паэта Максіма Багдановіча, паэта і кіраўніка вайсковай камісіі Беларускай Народнай Рэспублікі Алеся Гаруна, палітыка і галоўнага ініцыятара незалежнасьці Беларусі Івана Луцкевіча.

Напярэдадні заўтрашняга Дня Волі згадкі пра гістарычныя даты пачнём з 1918 году. Акурат тады 24 сакавіка а 8-й гадзіне вечара ў Менску пачалося гістарычнае паседжаньне Рады БНР. У парадку дня стаяла толькі адно пытаньне – абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. У выніку на сьвітаньні 25 сакавіка большасьцю будзе прынятая Трэцяя Устаўная Грамата, якая абвясьціла сувэрэнітэт Беларусі. З тых часоў дзень 25 сакавіка стаў найвялікшым сьвятам беларусаў ва ўсім сьвеце.

У 1996 годзе ў Менску масавыя сьвяткаваньні Дня Волі адбываліся 24 сакавіка. У шэсьці ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Супраць удзельнікаў сьвята быў кінуты спэцназ, было арыштавана болей за 30 чалавек. На праспэкце Скарыны міліцыя і АМОН учынілі пабоішча, зьбівалі жанчын, білі людзей дубінкамі па галаве, без суда трымалі ў зьняволеньні. На менскія вуліцы пралілася першая ў пасьляваенны час кроў. Пачаўся адлік падзеяў, што ўвойдуць у гісторыю пад назвай “Менская вясна”.

Цяпер пра падзеі даўнейшай гісторыі.

24 сакавіка 1794 году ў Кракаве пачалося паўстаньне народаў Рэчы Паспалітай супраць далучэньня да Расейскай імпэрыі. Узначаліў паўстаньне генэрал Тадэвуш Касьцюшка. Неўзабаве, у красавіку вызваленчая вайна пачне разгортвацца на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У першы дзень паўстаньня, 24 сакавіка, Касьцюшка зьвярнуўся з адозвамі “Да арміі”, “Да грамадзянаў”, “Да сьвятарства”, “Да жанчын”, у якіх заклікаў суайчыннікаў бараніць волю й Бацькаўшчыну.

Сярод славутых людзей, што нарадзіліся 24 сакавіка ў розныя гады, згадаем сёньня народнага мастака Беларусі Аляксея Глебава, найбольш вядомая праца якога – помнік Скарыну ў Полацку, і народную артыстку Беларусі Вольгу Галіну, якая была зоркай Купалаўскага тэатру ў Менску.

24 сакавіка ў 1980 годзе памёр народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка.
XS
SM
MD
LG