Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна гаварыць аб прарыве беларускіх тавараў на эўрапейскім накірунку?


Уладзімер Глод, Менск Прэм’ер Сяргей Сідорскі аб’явіў падзяку тром беларускім амбасадарам за павелічэньне зьнешнегандлёвага абароту і экспарту беларускіх тавараў па выніках мінулага году. Кіраўнік ураду адзначыў працу Ўладзімера Грыгор’ева – амбасадара ў Расеі, Паўла Латушкі – у Польшчы, і Валянціна Вялічкі – ва Ўкраіне. Узьнікае пытаньне: ці ёсьць гэта сапраўдны прарыў беларускай эканомікі, ці проста адбыўся зьбег спрыяльных для яе фактараў?

Як сьведчаць вынікі працы ў мінулым годзе, гандлёва-эканамічны абарот Беларусі з усімі ўзгаданымі Вамі, Віталь, трыма краінамі сапраўды значна павялічыўся. Прыкладам, Беларусь і Расея дасягнулі рэкорднага паказчыка ў 17,5 мільярда даляраў, ёсьць значны прагрэс і ў гандлёвых стасунках з Польшчай, зафіксаваныя пэўныя зрухі ў гандлі з Украінай.

За кошт чаго гэта адбылося? Адзін з адзначаных – амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка – сказаў мне, што падмуркам такога значнага павялічэньня гандлёвага абароту і аб’ёмаў экспарту беларускіх тавараў стаў эканамічны рост у абедзьвюх краінах. Добра паўплывала на вынікі і зьніжэньне мытаў намэнклятуры беларускага экспарту зь 5% (да ўступленьня Польшчы ў Эўразьвяз) да 1% пасьля 1 мая 2004 году.

Акрамя гэтага, амбасадар называе й іншыя фактары:

(Латушка: ) “У нашым экспарце зьявілася 85 новых пазыцыяў з агульнай лічбы ў 340 экспартных пазыцыяў Беларусі на польскім рынку. Адбылося ўмацаваньне польскага злотага да даляра ЗША, што таксама спрыяла росту экспарту беларускіх тавараў. Мы здолелі захаваць пастаўкі беларускага хлоркалія на рынак Польшчы ў мінулым годзе. Таксама мы адзначалі значны рост зацікаўленасьці беларускіх і польскіх прадпрымальнікаў да супрацоўніцтва.

Канкрэтныя факты сьведчаць, што мы здолелі павялічыць і рост вырабаў складанай тэхнічнай прамысловасьці. Напрыклад, летась на польскім рынку прадалі 3011 камплектаў Менскага трактарнага заводу, адбылося павелічэньне больш чым у два разы. Мы пачалі прадаваць беларускія матацыклы. Пасьля двухгадовага перапынку мы прадалі 14 БелАЗаў. Спрыялі разьвіцьцю адносінаў і рэгіянальныя кантакты”.

Гэта афіцыйны пункт гледжаньня беларускага чыноўніка. А як ацэньваюць сытуацыю незалежныя экспэрты? Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, зь якім я размаўляў на гэтую тэму, не адмаўляе фактаў павелічэньня гандлёва-эканамічнага абароту і экспарту беларускіх тавараў у некаторыя дзяржавы. Але ён лічыць, што пакуль яшчэ рана казаць пра сапраўдны посьпех. Магчыма, гэта толькі, так бы мовіць, разавая акцыя, і няма ніякіх гарантыяў, што прагрэс у гэтай справе будзе назірацца й далей, гаворыць Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Я ня бачу стратэгіі продажу альбо ўваходу на эўрапейскі рынак. Безумоўна, калі існуе маржа паміж далярам і эўра ў памеры 30%, дык і беларускія тавары становяцца канкурэнтаздольнымі. Таму, я лічу, росту моцна дапамагла розьніца паміж далярам і эўра. Але іншыя фактары сьведчаць, што гэта, хутчэй, такі кароткатэрміновы посьпех, адзін стрэл, а не тэндэнцыя альбо стратэгія, за якую можна было б сапраўды даваць падзякі.

14 БелАЗаў – гэта ня тыя колькасьці тавараў, якія б сьведчылі пра тое, што ўжо можна фіксаваць прарыў на эўрапейскім накірунку. Калі аналізуеш гандлёвы балянс, дык бачыш, што некаторыя краіны адзін год маюць, прыкладам, 100 адзінак тавару, а ў наступны – ужо нічога. І толькі калі мы ўбачым на працягу пяці гадоў, што існуе дынаміка росту, дык тады толькі можна сказаць: гэта вось сапраўды заслуга…”

Падобна, што пакуль прагрэс у гандлі Беларусі, перадусім з Расеяй, выглядае часовым. У матэрыяле “Аб выніках зьнешнегандлёвай дзейнасьці Рэспублікі Беларусь у студзені 2005 году”, які разьмешчаны на інтэрнэт-сайце МЗС Беларусі, гаворыцца, што беларускі гандаль з Расеяй зьнізіўся аж на 27%. А агенцыя “Інтэрфакс” паведаміла, што па выніках першых двух месяцаў 2005 году Расея ужо ня ёсьць галоўным гандлёвым партнэрам прамысловых прадпрыемстваў Гомеля: яна саступіла першыя два месцы Нідэрляндам і Нямеччыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG