Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны агляд свабоды прэсы пра Беларусь


Іна Студзінская, Менск 22 сакавіка Міжнародны інстытут прэсы апублікаваў Усясьветны агляд свабоды прэсы ў 2004 годзе. У дакладзе пералічаныя шматлікія выпадкі парушэньня правоў журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі. Апошнім часам, так бы мовіць, “зачыстка” дэмакратычных сілаў асабліва выразна праяўляецца ў ціску на незалежныя СМІ.

Галоўны лёзунг Міжнароднага інстытута прэсы, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў СМІ ў 115 краінах, такі: “Свабода слова – гэта права, якое ахоўвае ўсе астатнія правы, і гэтую свабоду неабходна ахоўваць і абараняць”.

Ва Ўсясьветным аглядзе свабоды прэсы адзначана: “У 2004 годзе беларускі ўрад зрабіў усё магчымае, каб у пэрыяд кампаніі перад парлямэнцкімі выбарамі і рэфэрэндумам 17 кастрычніка прымусіць замаўчаць незалежныя сродкі масавай інфармацыі”.

У першы веснавы месяц 2005 году “зачыстка” інфармацыйнага поля (дый астатніх дэмакратычных сіл) працягваецца. Зноў мы чуем пра ўзбуджэньне новых крымінальных справаў супраць грамадзкіх дзеячоў і журналістаў: узгадаю толькі прозьвішчы Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Клімава, Зьмітра Бандарэнкі, Мікіты Сасіма, Яўгена Афнагеля, журналісткі Ірыны Халіп.

Вось меркаваньне старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной:

(Літвіна: ) “Навідавоку ўзмацненьне тэндэнцыі зьнішчэньня – я нават ня буду ўжываць слова апазыцыйнага, але ўсяго таго, што нясе альтэрнатыву ўладзе. У гэтым паходзе на альтэрнатыву прагледжваецца жаданьне канчаткова, цалкам узяць пад кантроль грамадзкую думку. І такім мэтадам кантролю за грамадзкай думкай можна нейкім чынам гарантаваць сабе стабільнасьць, як бы пэўнасьць самой уладзе. Гэта спосаб забесьпячэньня сваёй стабільнасьці”.

З Жаннай Літвіной цяжка не пагадзіцца. Кантраляваць улады хочуць усё. Вось сьвежы прыклад: чыноўнік Міністэрства адукацыі Георгій Бутрым у аўторак паведаміў, што цяпер інтэрнет-клюбы будуць стварацца ў школах, каб пэдагогі маглі сачыць, якімі інтэрнет-рэсурсамі цікавяцца школьнікі.

Якія мэтады ўціску ўжываюць улады супраць СМІ, якія новыя “хітрыкі” прыдумляюць? Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна асабліва адзначае свавольства мясцовых чыноўнікаў у рэгіёнах, нагадваючы, што прымяняюцца і ўсе ранейшыя мэтады ўціску на прэсу.

(Літвіна: ) “Гэта і палітыка эканамічнай дыскрымінацыі, гэта і недасканаласьць заканадаўства ў галіне СМІ. Але апошнім часам больш праяўляецца такая зьява: прэса, асабліва на месцах, канчаткова стала закладнікам чынавенства, закладнікам бачаньня чыноўнікам заканадаўства. Тое, што адбываецца сёньня на Гарадзеншчыне – вельмі яскравы прыклад гэтай зьявы. Сёньня наагул усю Гарадзеншчыну можна назваць небясьпечнай зонай: і арышты, затрыманьні пікетоўшчыкаў, гэта і закрыцьцё “Біржы інфармацыі”, і тое, што адбываецца ў Ваўкавыску вакол “Местной газеты”, гэта і падзеі са смаргонскай газэтай”.

Пазаўчора мы даведаліся пра тое, што з пазовам у суд на журналістку Ірыну Халіп і “БДГ” зьвярнуўся Аркадзь Мар. У Горадні падчас паўторных выбараў парушаліся правы журналістаў. На мінулым тыдні ваўкавыскія ўлады забаранілі прадаваць у мясцовых крамах “Местную газету”. Гарадзенская “Биржа информации” пасьля таго, як была прыпыненая на 3 месяцы, атрымала чарговыя адмовы з друкарняў.

Распавядае супрацоўнік “Биржи информации” Міхал Карневіч:

(Карневіч: ) “Мы зьвярнуліся ў друкарню, каб працягнуць дамову на наступны год і далей працаваць. Друкарня нам адмовіла. Мы зьвярнуліся ў іншыя беларускія друкарні, у менскія. Прычым, і ў дзяржаўныя, і ў прыватныя. І там таксама пад рознымі прычынамі нам адмаўлялі. Сытуацыя цяпер такая, што мы ні з адной друкарняй Беларусі ня можам заключыць дамову на друк. Газэта фактычна мае права выходзіць, але няма магчымасьці гэта зрабіць”.

А на якой стадыі іншыя крымінальныя справы, якія ўзбуджаныя супраць журналістаў – галоўнага рэдактара “Борисовских новостей” Анатоля Букаса, заснавальніка “Новой газеты Сморгони” Рамана Улана?

Што да справы Рамана Улана – ён чакае касацыйную скаргу ў Вярхоўны Суд, чакае перагляду справы. Справа Анатоля Букаса, супраць якога выступае рэдактарка афіцыйнай барысаўскай газэты Вера Пратасевіч, перададзеная ў суд. Анатоль Букас выступіў з сустрэчным пазовам да спадарыні Пратасевіч, таксама за паклёп. Але яго пазоў не прыняты ні барысаўскай гарадзкой пракуратурай, ні пракуратурай Менскай вобласьці. Распавядае Анатоль Букас:

(Букас: ) “Атрымліваецца, што два журналісты паміж сабой не паладзілі. Яна супраць мяне падрыхтавала 4 публікацыі, я адказаў адной. Па сутнасьці справы, пракуратура павінна была даць адказ і ёй, і мне: маўляў, высьвятляйце адносіны ў судзе. Аднак супраць мяне ўзбудзілі крымінальную справу, а супраць яе – не”.

Такім чынам, да аднолькавых, па сутнасьці, дзеяньняў журналістаў улады ставяцца па-рознаму: што дазволена прадстаўніку афіцыйнай прэсы, то не дазволена журналісту незалежнага выданьня. Дарэчы, на “Борисовские новости” таксама ідзе ўціск з боку мясцовых чыноўнікаў: газэту забаранілі прадаваць у крамах.

Якія ж пэрспэктывы ў незалежнай беларускай прэсы? Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннна Літвіна выказала такое меркаваньне:

(Літвіна: ) “Па нашай неафіцыйнай інфармацыі, 1 сакавіка дадзены загад канчаткова зачысьціць інфармацыйную прастору, канчаткова ўзяць яе пад кантроль. І мне падаецца, усе гэтыя падзеі – гэта адзін ланцужок. І за гэтым за ўсім праглядаецца мэта, якая пастаўленая перад выканаўчай уладай”.
XS
SM
MD
LG