Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Дзень Волі ў Беларусі і ў сьвеце?


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёлета большасьць палітычных партыяў Беларусі адмовіліся ад традыцыйных вулічных дэманстрацыяў да Дня Волі. Пазыцыя тлумачыцца непазьбежным жорсткім сутыкненьнем зь міліцыяй і малалікасьцю патэнцыйных удзельнікаў: стомай грамадзтва ад гвалту ўладаў. Тым ня менш, Дзень Волі адзначаюць у шматлікіх грамадзкіх і прыватных асяродках па ўсім сьвеце. Як сьвяткавалі і як сьвяткуюць 25 сакавіка Беларусі і ў замежжы? Што згубілася, а што сталая традыцыяй?

24 сакавіка ў менскай сядзібе Партыі БНФ а 18 гадзіне пачнецца вечарына да Дня Волі. Сярод удзельнікаў мастакі, паэты і сьпевакі: Яўген Гучок, Рыгор Сітніца, Леў Талбузін, Уладзімер Крукоўскі, які рэпрэзэнтуе выставу сваіх плякатаў, а скончыцца імпрэза выступам Касі Камоцкай.

Зрэшты, урачыстасьці да Дня Волі пачаліся ўжо на мінулым тыдні. Так, у Польшчы і ЗША ў беларускіх асяродках зладзілі шэраг канфэрэнцыяў і канцэртаў. Бадай, найбольшай адметнасьцю сёлетняга Дня Волі ў Злучаных Штатах можна назваць шэраг сольных акустычных канцэртаў Лявона Вольскага:

(Вольскі: ) “Было шмат маладых людзей, якія прыехалі з усёй Амэрыкі. І гэта было вельмі адметна. Таму што на такіх акцыях беларускіх, каб столькі моладзі зьехалася, такога папросту не было”.

Лідэр беларускай рок-сцэны ўражаны вялікай колькасьцю маладых Беларусаў, якія эмігравалі ў ЗША за апошнія тры-чатыры гады. Рок-музыка яднае беларусаў на вялікія сьвяты і ў Польшчы. Распавядае Вольга Мазярская-Гардзечык, якая ўзначальвае ў Варшаве грамадзкае таварыства пад назвай “Інбелкульт”:

(Гардзейчык: ) “Штогод стараліся рабіць нейкія канцэрты. Пераважна канцэрты, таму што перад пачаткам заўсёды можна штосьці распавесьці, што гэта за сьвята: для людзей, якія ня ведаюць. Для моладзі, якая падрастае, і для палякаў, якія прыходзяць штогод”.

Яшчэ сем-восем гадоў таму рок-канцэрты былі галоўнай адметнасьцю Дня Волі ў Менску. Але паступова іх выціснулі дэманстрацыі пратэсту супраць рэжыму, якія жорстка разганяліся. Сёньня ў беларускім грамадзтве паменшала аптымізму.

Гутару зь івянчуком, старшынём суполкі БНФ Валожынскага раёну Вінцэнтам Солтанам:

(Солтан: ) “Уздымаю бел-чырвона-белы сьцяг над хатай, віншую ўсіх сваіх сяброў... Энтузіязм неяк тухне. Тухне нават у маіх сяброў”.

Падобная сытуацыя, напрыклад, у Воршы, дзе раней культурнае таварыства імя Ўладзімера Караткевіча ладзіла сьвяточныя мерапрыемствы. Кажа Генадзь Шэпелеў:

(Шэпелеў: ) “Ну, зьбіраемся, пасядзім у офісе, пагаворым... А так, каб нешта большае, то не”.

Сьпявачка Кася Камоцкая падкрэсьлівае, што ня любіць афіцыёз і патас. Тым ня менш, апошнія пятнаццаць гадоў яна рэгулярна выступае на 25 сакавіка:

(Камоцкая: ) “Я лічу, што дзень заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі мусіць сьвяткавацца на ўзроўні дзяржавы. Я не сьвяткую дзяржаўныя сьвяты. Я буду сьвяткаваць гэты дзень, пакуль ён будзе апазыцыйным”.

На мінорным фоне стомленасьці грамадзтва паўстала адна акалічнасьць, якая розьніць сытуацыю ад пачатку 1990-х: нарадзіліся і гадуюцца дзеткі тых нацыянальна арыентаваных юнакоў і дзяўчат, якія ў 1990-х хадзілі на канцэрты і дэманстрацыі да сьвята 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG