Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасудзіўшы, і бацьку ў лоб можна стукнуць


Сяргей Панізьнік, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

У сям’і, бывае, няма злагодзьдзя: то апрыч ядуць, то вяроўкай хлеб рэжуць. Гэта калі бацька клёк страціў, прапашчы, як булька на вадзе, распусьціўся, як старэцкая пуга. Хоць разапніся – расплох у сям’і. Маці гаруе: чым благога мужыка ў хаце мець, то лепш добрую сякеру.

А зэдлік лаве не падчыняецца. Дый старэйшаму сыну шляя трапіла пад хвост. Самы ўзятак быў, а цяпер з бацькам п’е чахон у чахон. Ведама: якое дрэва, такі й клін, які бацька, такі й сын.

Клямкі не падзялілі ў хаце. Але не ўрабелі (не разгубіліся) кемныя чальцы сям’і. Адна дачка кажа: “Як хто хоча, так па сваім бацьку плача”. Другая: “Як хто хоча, так свайго бацьку ругаіць”. А малодшы сын (на ціхага вецер навеіць, а радзівы сам набяжыць), прытуліўшыся да сясьцёр, мовіць: “Пасудзіўшы, і бацьку ў лоб можна стукнуць”.

Глянулі на свой стол, а там і сьпіткі, і зьедкі, усё – да пасьледкі. Хоць шаром пакаці. Усе пагадзіліся: пасудзіўшы, і бацьку ў лоб можна стукнуць.
XS
SM
MD
LG