Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Кіргізстане працягваюцца, ЗША заклікае да мірнага вырашэньня


Юры Дракахруст, Прага На якія саступкі апазыцыі гатовы кіргіскія ўлады? У чым адрозьненьне падзеяў у Кіргізстане ад аксамітных рэвалюцыяў у Грузіі і ва Ўкраіне? Якую міжнародную рэакцыю выклікае кіргіскае супрацьстаяньне?

Пад кантролем апазыцыі застаецца значная частка поўдня Кіргізстану, найперш гарады Ош і Джэлалабад. Сёньня ў Ош на гелікоптары для сустрэчы з апазыцыяй прыляцела ўрадавая дэлегацыя. Аднак напярэдадні прэм’ер-міністар Мікалай Танееў вызначыў умовы, на якіх улады гатовыя пайсьці на дыялёг.

(Танееў: ) “Патрабаваньне ў іх адно – гэта адстаўка кіраўніка дзяржавы і ўраду. Я кажу адназначна – пакуль яны не адновяць дзяржаўныя структуры, мы за стол перамоваў зь імі не сядзем”.

Сёньня прэзыдэнт Акаеў звольніў кіраўніка МУС і генэральнага пракурора. Прычына адставак – няздольнасьць гэтых чыноўнікаў прадухіліць забурэньні. Новым генпракурорам стаў шэф службы бясьпекі прэзыдэнта, МУС узначаліў кіраўнік сталічнай міліцыі Кэнэшбэк Душэбаеў.

Пра новыя прызначэньні гаворыць кіргіская журналістка Заміра Сідзікава:

(Сідзікава: ) “Што тычыцца прызначэньня Душэбаева, я не ўпэўненая, што ён будзе дзейнічаць больш мякка, бо ён вядомы як агрэсіўны палітык. Што тычыцца генэральнага пракурора, то ён вядомы як памяркоўны дзеяч і наўрад ці ён будзе дзейнічаць на злом галавы, даючы налева і направа санкцыі на арышт”.

У панядзелак прэзыдэнт Акаеў казаў пра магчымасьць разгляду скаргаў наконт парушэньняў падчас парлямэнцкіх выбараў. Менавіта гэтыя парушэньні і сталіся штуршком для выступаў пратэсту. Але ўчора датэрмінова была скліканая першая сэсія новага парлямэнту.

Адкрываючы сэсію, старшыня Цэнтрвыбаркаму абвясьціў, што вынікі галасаваньня прызнаныя сапраўднымі ў 69 з 75 акругаў. Ня выключана, што розьніца ў 6 месцаў – гэта тое, што ўлада гатовая саступіць апазыцыі. Аднак лідэры пратэсту зараз заяўляюць, што іх патрабаваньні – адстаўка прэзыдэнта і новыя парлямэнцкія выбары.

Шмат хто параўноўвае кіргіскі палітычны канфлікт з рэвалюцыяй ружаў у Грузіі і аранжавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне. Але існуе істотнае адрозьненьне – у Кіргізстане ўжо пралілася кроў, удзельнікі акцыяў пратэсту выкарыстоўваюць сілу для дасягненьня сваіх мэтаў.

Лідэры апазыцыі сьцьвярджаюць, што яны кантралююць сваіх прыхільнікаў. Гаворыць адзін з апазыцыйных лідэраў Эміль Аліеў:

(Аліеў: ) “Мы кантралюем гэта працэс. І як толькі пачалі зьяўляцца сыгналы, нават ня факты, а толькі сыгналы, што магчыма такое, мы накіравалі загады ва ўсе вобласьці, сказалі нашаму актыву, заклікалі народ, каб не было марадзёрства і гвалту”.

Праўда, намесьніца кіраўніка Народнага Руху Кіргізстану Ішэнгул Байджэрава гаворыць, што часам стрымліваць людзей цяжка.

(Байджэрава: ) “Можа ўзьнікнуць сытуацыя, калі нават лідэры ня здолеюць кантраляваць людзей, бо людзі вельмі раззлаваныя той ілжой, якая ільецца з ўрадавых радыё і тэлебачаньня. Гэтыя пратэсты супраць ілжы могуць дасягнуць крытычнай масы”.

Прадстаўнік АБСЭ ў Кіргізстане Маркус Мюлер заявіў сёньня, што на поўдні краіны склалася небясьпечная сытуацыя, бо не функцыянуе ўлада, не працуе міліцыя. Мюлер заявіў, што апазыцыя нясе поўную адказнасьць за парадак на кантраляваных ёй тэрыторыях.

(Мюлер: ) “Галоўная задача зараз – паспрабаваць аднавіць парадак, аднавіць працу адміністрацыі, сілаў бясьпекі – каб прадухіліць эскаляцыю гвалту. А цэнтар павінен у першую чаргу заклікаць да дыялёгу”.

Міжнародная рэакцыя на падзеі ў Кіргізстане – значна больш стрыманая і асьцярожная, чым была на грузінскую і ўкраінскую рэвалюцыю.

Суседнія дзяржавы заклікаюць бакі канфлікту не даводзіць справу да крыві, суседні Ўзбэкістан закрыў мяжу з Кіргізстанам. Прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Адам Эрэлі сфармуляваў пазыцыю Злучаных Штатаў наступным чынам.

(Эрэлі: ) “Мы недвухсэнсоўна асуджаем гвалт. Я мяркую, што наш пасол у Кіргізстане і найвышэйшыя службовыя асобы ў Вашынгтоне, робяць ціск на ўлады і апазыцыю, каб яны хутчэй сустрэліся і вырашылі супярэчнасьці і наконт парлямэнцкіх выбараў, і наконт разьвіцьця дэмакратыі, і наконт Канстытуцыі.

Аднак сказанае – зусім не індульгенцыя на захоп і разбурэньне ўрадавых будынкаў, не ўхвала забурэньняў. Вы можаце дэманстраваць ваш пункт гледжаньня, не ўжываючы гвалт, і менавіта такое самавыражэньне павінна адбывацца ў Кіргізстане”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG