Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэтэаролягі паабяцалі канец маразоў і паводкі


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Ад сёньняшняга дня маразы ў Беларусі, як прадказваюць мэтэаролягі, пойдуць на спад. Але доўгачаканае пацяпленьне нясе ў сабе пагрозу такога прыроднага катаклізму як вясновая паводка. Калі чакаць яе і якіх маштабаў? Адказ на гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

Паводка ўжо пачалася. Як паведамілі мне ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў, пакуль яна не нясе вялікай бяды. Назіраецца падвышэньне ўзроўню вады ў рэках Прыпяць, Нёман, Бярэзіна, Сож і іх прытоках.

У прыватнасьці, на Меншчыне ўжо выйшлі зь берагоў Сьвіслач і Шаць. Ад гэтага разьліву ў вёсцы Шацк Пухавіцкага раёну церпіць мясцовая крама. Вось што паведаміла яе загадчыца Настасься Насарноўская:

(Насарноўская: ) “З боку складу ў нас няма ганку і ўся вада сьцякае ў склад”.

(Карэспандэнт: ) “А што ляжыць у складзе?”

(Насарноўская: ) “Перад гэтым там ляжаў камбікорм. Цяпер яго перанесьлі, каб туды вада ня трапляла”.

Ад паводкі на Меншыне пацярпеў ужо падворак жыхара вёскі Цецяравец Мікалая Кандрацені, што ў Клецкім раёне. Вось што паведаміў пра сваю бяду сам пацярпелы:

(Кандраценя: ) “Затапіла. Два разы выцягвала пажарная. Прыехалі, ваду выкачалі з хлява, з каморкі – адусюль. Ды паехалі. А калі паехалі, мы толькі крыху бульбы набралі як зноў заліло. І цяпер поўна. Вядром выліваем. Выбралі бульбу на падвал”.

Гэта пакуль адзінкавыя выпадкі. Найбольшая пагроза затапленьня чакаецца на поўдні Беларусі. Паводле апэратыўных зводак міністэрства надзвычайных сытуацыяў, небясьпечныя ўзроўні вады ў рэках маюць месца ў Петрыкаўскім, Мазырскім, Лельчыцкім, Столінскім ды іншых раёнах. Напрыклад, фігуруе ў гэтых зводках столінская вёска Кароцічы. Вось якія падрабязнасьці паведаміў адзін з жыхароў Кароцічаў Валеры Халімончык:

(Халімончык: ) “Зараз у нас сытуацыя яшчэ спакойная. Вады патрошку прыбывае. Думаем, што калі вада прыйдзе з Украіны, то яе ўтрымаюць. Бо калі прарве дамбы, то дзясяткі, сотні гектараў зямлі затопіць. У нас была моцнай паводка ў 1999 годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG