Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары Францыі і Нямеччыны наведалі Берасьце


Алег Супрунюк, Берасьце Акрамя ўдзелу ў афіцыйных мерапрыемствах, замежныя дыпляматы сустрэліся з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.

Фармальна візыт амбасадара Францыі Стэфана Шмялеўскага і амбасадара Нямеччыны Марціна Хэкера на Берасьцейшчыну быў прымеркаваны да адкрыцьця дзён Франкафоніі у гэтым беларускім рэгіёне.

Але ў часе свайго знаходжаньня ў Берасьці абодва амбасадары мелі шмат іншых як афіцыйных, так і неафіцыйных сустрэчаў. У прыватнасьці, спадар Хэкер наведаў рэдакцыю незалежнай газэты "Брестский курьер" і сустрэўся са старшынём мясцовага гарвыканкаму.

Жаданьне прыехаць у гэты беларускі горад амбасадар Нямеччыны патлумачыў наступным чынам.

(Хэкер: ) "Берасьце ёсьць вельмі важным горадам, які паводле свайго геаграфічнага становішча глядзіць у Эўропу. Для нас важна, каб тут не ўзьнікала пачуцьцё таго, што Эўрапейскі Зьвяз хоча ізалявацца ад вас".

Кіраўнікі дыпляматычных установаў Францыі і Нямеччыны ў Беларусі наладзілі таксама супольную сустрэчу з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў берасьцейскага рэгіёну.

Францускі амбасадар Стэфан Шмялеўскі патлумачыў гэта неабходнасьцю давесьці да грамадзкіх лідэраў інфармацыю пра захады краін Эўразьвязу ў дачыненьнях зь Беларусьсю. У прыватнасьці, у часе такой сустрэчы былі абмеркаваныя вынікі нядаўняй міжнароднай канфэрэнцыі ў Вільні, на якой абмяркоўваліся шляхі, што спрыялі б разьвіцьцю беларускіх няўрадавых арганізацыяў.

Паводле словаў кіраўніка берасьцейскага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту Ігара Маслоўскага, візыт амбасадараў быў вельмі патрэбным.

(Маслоўскі: ) “Безумоўна, важна тое, што сёньняшні прыезд двух амбасадараў – францускага і нямецкага – гэта своеасаблівая маральная падтрымка. Гэта паказвае іхнюю эўрапейскасьць, дыпляматычнасьць і культуру, калі сустракаюцца і з уладамі, і з апазыцыяй, і асабліва – з грамадзкімі лідэрамі. З тымі людзьмі, якія маюць уплыў на грамадзкасьць у канкрэтным рэгіёне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG