Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень дзясяты: каля 70 чалавек пратэставалі на Кастрычніцкай плошчы


Альгерд Невяроўскі, Менск На Кастрычніцкай плошчы Менску дзясяты дзень працягваецца акцыя ў абарону беларускіх палітычных вязьняў. Сёньня ў ёй брала ўдзел 70 чалавек. Гэта найбольшая колькасьць людзей з 14 сакавіка – першага дня акцыі. Людзі, што прыйшлі на плошчу, гавораць, што іх абурылі ўчорашнія затрыманьне й арышт удзельнікаў акцыі Зьмітра Бандарэнкі й Мікіты Сасіма. За акцыяй “Уратаваць Міхаіла Марыніча! Свабоду палітвязьням!” назіраў наш карэспандэнт.

Каля 70 актывістаў моладзевага руху супраціву “Зубр”, грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя’97”, арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” ды проста актыўныя людзі прыйшлі 23 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу.

Акрамя партрэтаў Міхаіла Марыніча, лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева і Анатоля Шумчанкі яны трымалі ў руках і партрэты сваіх арыштаваных сяброў Зьмітра Бандарэнкі й Мікіты Сасіма.

Міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя’97” Андрэй Саньнікаў так патлумачыў прычыну таго, што на Кастрычніцкую плошчу 23 сакавіка прыйшло значна больш людзей, чым у папярэднія дні:

(Саньнікаў: ) “Тое, што людзі выходзяць – гэта добрае разьвіцьцё падзеяў. Гэта значыць, што мацнее салідарнасьць людзей. Людзі разумеюць, што павінны быць разам і выказваюць сваю салідарнасьць і падтрымку з тымі, хто прынамсі ўчора быў арыштаваны. Тое, што мы стаім, мы пасылаем мэсыдж, ці пасланьне, якое відавочнае і ўладам Беларусі, і сьвету”.

Удзельнікі акцыі казалі, што яны не баяцца быць арыштаванымі. Ёсьць толькі жаданьне дапамагчы сваім зьняволеным сябрам і калегам. Гаворыць каардынатар моладзевага руху супраціву “Зубр” Андрэй Асмалоўскі:

(Асмалоўскі: ) “Людзі бачаць, што дзеля таго каб адстойваць сваё права жыць вольна ў Беларусі трэба выходзіць. І чым нас будзе болей, тым лепш”.

(Карэспандэнт: ) “А няма такога страху, што і вы, і вашыя калегі могуць быць сёньня арыштаваныя?”

(Асмалоўскі: ) “Няма. Гэта ўжо не ўпершыню. І колькі й чаго можна баяцца? Трэба баяцца за сваіх дзяцей, за сваю будучыню. За тое, што будзе заўтра, а ня сёньня. Сёньня мы павінны быць тут і адстойваць правы нашых сяброў, знаёмых, усіх сумленных людзей Беларусі”.

А на думку актывіста арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Андрэя Шэўчыка, чым больш улады будуць узмацняць рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі ў абарону палітычных вязьняў, тым больш людзей будзе штодня выходзіць на Кастрычніцкую плошчу.

Многія ўдзельнікі ланцугу чакалі, што міліцыя й сёньня будзе затрымліваць апазыцыйных актывістаў, але міліцыянты ўдзельнікам акцыі, якая працягвалася паўгадзіны, не перашкаджалі.
XS
SM
MD
LG