Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская моладзь пікетуе МЗС, заклікае ігнараваць прапаганду рэжыму Лукашэнкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў сувязі з набліжэньнем угодкаў абвяшчэньня БНР, а таксама апошнімі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, польскія моладзевыя арганізацыі наладзілі пікет каля міністэрства замежных справаў Польшчы з патрабаваньнем выпрацаваць доўгатэрміновую палітыку падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

Каля гмаху МЗС Польшчы сабраліся каля трох дзесяткаў чалавек, якія трымалі бела-чырвоныя сьцягі, а таксама партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў і палітвязьняў, якія сядзяць цяпер у беларускіх турмах.

(Петнічка: ) “Мы прыйшлі сюды, бо беларускае грамадзтва патрабуе цяпер падтрымкі ад грамадзтва польскага, асабліва ад маладых людзей”, – сказаў беларускай Свабодзе Міхал Пятнічка, сябра арганізацыі “Малады Цэнтар”, аднаго з арганізатараў акцыі.

У сваю чаргу Антось Цялежнікаў – намесьнік старшыні “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” – таксама аднаго з арганізатараў пікету, кажа, што сябры ягонай арганізацыі прыйшлі каб выказаць сваё стаўленьне да актывізацыі дзейнасьці беларускай амбасады, якая назіраецца апошнім часам у Польшчы.

(Цялежнікаў: ) “Мы хочам, каб польскія ўлады зразумелі, што гэта ня нейкія дабрачынныя акцыі ці прыязныя крокі, а звычайная прапаганда рэжыму Лукашэнкі”.

Удзельнікі пікету перадалі ў польскі МЗС зварот, у якім, сярод іншага, гаворыцца, што беручы пад увагу пастаянныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, Польшча павінна выпрацаваць доўгатэрміновую палітыку падтрымкі свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG