Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Юшчанка гаварыў зь Ніязавым пра газ, пытаньне правоў чалавека не ўздымаў


Аляксей Знаткевіч, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка другі дзень знаходзіцца зь візытам ў Туркмэністане. Ён вядзе перамовы з кіраўніком гэтай краіны Сапармуратам Ніязавым. Пра зьмест перамоваў інфармацыі мала, але чакалася, што асноўнай тэмай для абмеркаваньня будуць пастаўкі туркмэнскага газу ва Ўкраіну. Тым часам туркмэнскія праваабаронцы выказалі недаўменьне тым, што ўкраінскі прэзыдэнт наведвае краіну, дзе склалася катастрафічная сытуацыя з правамі чалавека.

У хуткім часе па прыбыцьці Віктара Юшчанкі ў Ашгабат лідэры Ўкраіны і Туркмэністану выказаліся зь вялікім аптымізмам пра стан туркмэнска-ўкраінскіх адносінаў. Вось адно з выказваньняў украінскага прэзыдэнта.

(Юшчанка: ) “У прысутнасьці нашай дэлегацыі, спадар прэзыдэнт, я выказваю павагу да вас і да вашага народу. Я упэўнены, што нас чакаюць вялікія справы. Я упэўнены, што гэтыя справы вартыя двух вялікіх народаў”.

Сапармурат Ніязаў заявіў, што паміж Ўкраінай і Туркмэністанам няма спрэчных пытаньняў.

(Ніязаў: ) “У нас склаліся асаблівыя стасункі ад часу незалежнасьці. Зь першых дзён незалежнасьці мы пачалі пастаўляць Украіне прыродны газ і пастаўляем цяпер, таксама Туркмэністан пастаўляе тэкстыльныя вырабы і нафтапрадукты”.

Пытаньне паставак газу і цаны на туркмэнскі газ для Ўкраіны стала асноўнай прычынай візыту прэзыдэнта Юшчанкі ў Ашгабат, гаворыць дырэктар туркмэнскай службы Радыё Свабода Вольга Бурак.

Сёлета Туркмэністан падняў гэтую цану з 44 да 58 даляраў за тысячу кубамэтраў. У выніку цяперашніх перамоваў цана застанецца на роўні 58 даляраў, што па-ранейшаму ніжэй за ўсясьветныя рынкавыя цэны.

Пасьля прыходу Віктара Юшчанкі да ўлады некаторыя прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы ў краінах СНД чакалі, што Ўкраіна ў сваіх стасунках з гэтымі краінамі будзе падымаць пытаньне правоў чалавека. Напярэдадні візыту Туркмэнскі Хэльсынскі фонд у абарону правоў чалавека даслаў адкрыты ліст Віктару Юшчанку, заклікаўшы Ўкраіну паспрыяць дэмакратызацыі ў Туркмэністане. Праваабаронцы падкрэсьлілі, што ў гэтай краіне зьнішчаныя практычна ўсе палітычныя свабоды.

Камэнтуючы гэты ліст, Віктар Юшчанка заявіў у Ашгабадзе, што Ўкраіна заўсёды будзе цаніць свабоду і дэмакратыю, бо ёй самой гэтыя дасягненьні даліся вельмі дорага. Аднак, як паведаміў нашаму радыё першы намесьнік міністра замежных справаў Украіны Антон Бутэйка, на перамовах Юшчанкі зь Ніязавым пытаньне правоў чалавека не абмяркоўвалася.

А вось што заявіў у аўторак нашаму радыё прадстаўнік пасольства Ўкраіны ў Ашгабадзе.

(Дыплямат: ) “Туркмэністан вядзе палітыку эканамічнага прагматызму. Украіна таксама. Гэта эканамічна выгадна, ёсьць эканамічнае супрацоўніцтва, ёсьць вынікі, ёсьць абмен. Мы ж ня можам чужую краіну вучыць жыць”.
XS
SM
MD
LG