Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацоўваюцца новыя эфэктыўныя лекі супраць сухотаў


Ганна Соусь, Прага 24 сакавіка – Сусьветны дзень барацьбы з сухотамі. Гэта сьмяротная хвароба, але сухоты магчыма вылечыць. Праблема палягае ў тым, што курс лячэньня цяпер займае каля шасьці месяцаў, і многія людзі не вытрымліваюць яго цалкам. Але цяпер распрацоўваюцца новыя лекі, і навукоўцы спадзяюцца, што зь іх дапамогай можна будзе ў карацейшыя тэрміны і больш эфэктыўна вылечыць тубэркулёз.

Многія рэчы адбываюцца выпадкова, як у выпадку з адкрыцьцём бэльгійскіх навукоўцаў. Хімік з фармацэўтычнай кампаніі “Johnson&Johnson” вырабіў рэчыва, склад якога не адпавядаў чаканаму выніку. І ён захаваў гэтае рэчыва ў гэтак званай “хімічнай бібліятэцы” кампаніі. Гэты прэпарат там знаходзіўся да таго часу, пакуль іншыя навукоўцы не выявілі ў ім унікальныя і абсалютна нечаканыя характарыстыкі. Гаворыць кіраўнік дасьледчай групы кампаніі “Johnson&Johnson” Кэн Андрыс.

(Андрыс: ) “Калі наш прэпарат скамбінавалі зь некаторымі з існуючых лекаў супраць сухотаў, то мы зь яго дапамогай здолелі вылечыць сухоты ў мышэй у два разы карацей, чым, калі ўжывалі сталую камбінацыю прэпаратаў, якая выкарыстоўваецца цяпер. Калі паспрабаваць такі прэпарат для людзях, то мы маглі бы скараціць час лячэньня з шасьці да трох месяцаў, і гэта будуць фантастычныя перавагі.”

Прэпарат R207910 называюць самым пэрспэктыўным лекам супраць сухотаў за 40 гадоў. Ягонае ўзьдзеяньне адрознае ад існуючых цяпер прэпаратаў. Ён фактычна перакрывае энэргію сухотнай бацылы, якая неабходная ёй для існаваньня. Але гэта не адзіны новы прэпарат, які цяпер распрацоўваецца. Індыйскія навукоўцы летась паведамілі, што адкрылі новую малекулу Sudoterb, якая магла бы зрабіць лячэньне сухотаў больш простым і эфэктыўным. Ёсьць і іншыя прэпараты.

Гаворыць лекарка Аміна Джындані зь Лёндану, спэцыяліст у клінічных дасьледаваньнях сухотаў.

(Джындані: ) “Вы згадалі два прэпараты, пра якія ўжо абвешчана, аднак ў працэсе падрыхтоўкі яшчэ шмат лекаў. І усе яны ў перадклінічнай стадыі выглядаюць надзвычай пэрспэктыўнымі.”

Аднак навукоўцы працуюць ня толькі над лекамі супраць сухотаў, яны займаюцца і сродкамі прафіляктыкі. У Бэрлінскім інстытуце Макса Плянка навукоўцы працуюць над новай вакцынай, таму што тая, што выкарыстоўваецца цяпер, абараняе ад сухотаў толькі ў дзяцінстве. А ў сталым узросьце, калі імунітэт паслабляецца, існуе рызыка захварэць на сухоты. А новая вакцына можа дапамагчы прадухіліць хваробу ў любым узросьце.

Сухоты вылечныя, аднак штогод на іх хварэюць каля 8 мільёнаў чалавек, і яшчэ каля 2 мільёнаў чалавек паміраюць праз гэтую хваробу.

Цяперашні шасьцімесячны курс антыбіётыкаў дапамагае вылечыць сухоты. Аднак Аміна Джындані лічыць, што больш кароткі курс лячэньня быў бы больш эфэктыўным. Да таго ж існуюць штамы сухотаў, стойкія да антыбіётыкаў, і ў такім выпадку традыцыйныя мэтады лячэньня не заўсёды дапамагаюць. Такім чынам пэрспэктыўныя новыя прэпараты вельмі чаканыя. Нават, калі яны з’явяцца на фармацэўтычным рынку праз пяць-шэсьць гадоў, гэта дае надзею многім хворым на сухоты.
XS
SM
MD
LG