Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец таксама мусіў даць падпіску аб нявыезьдзе


Любоў Лунёва, Менск Лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча і лідэра Маладога фронту Паўла Севярынца ўлады абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў пасьля рэфэрэндуму. Між тым Статкевіч лічыць справу фарсам: “Палітычная замова гэтай справы відавочная, хаця б таму, што няма пацярпелых. Нават грамадзкі транспарт не спыняўся”. Знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы прызначылі на Дзень волі – 25 сакавіка.

Павал Севярынец у часе допыту атрымаў афіцыйнае абвінавачваньне ў крымінальнай справе. Ён даў сьледчым падпіску аб нявыязьдзе зь Віцебску, дзе ён прапісаны ў кватэры бацькоў.

Крымінальную справу распачаў сьледчы камітэт пасьля падзеяў 18 і 19 кастрычніка 2004 года. Тады на Кастрычніцкую плошчу выйшлі каля 5 000 чалавек на знак пратэста супраць фальсіфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў. 18 кастрычніка ўдзельнікі несанкцыянаванага мітынгу прайшлі шэсьцем да будынку КГБ.

У той дзень затрыманьняў не было. На наступны дзень, калі зьехалі міжнародныя назіральнікі, амонаўцы жорстка разагналі вулічную дэманстрацыю. Затрымалі каля сотні чалавек. Непаўнагадовых адпусьцілі, а каля паўсотні чалавек арыштавалі на розныя тэрміны. Усіх арыштаваных вазілі на допыты ў сьледчы камітэт і дапытвалі ў якасьці сьведкаў. Напярэдадні 25 сакавіка допыты аднавіліся.

22 сакавіка сьледчыя прад’явілі абвінавачваньне лідэру сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевічу, а сёньня лідэру Маладога фронту Паўлу Севярынцу.

Сьледчыя паведамілі, што азнаёміцца з шасьцю тамамі крымінальнай справы яны могуць у другой палове дня, менавіта тады, калі пачнецца апазыцыйная акцыя на Кастрычніцкай плошчы. Павал Севярынец не выключае, што ў выніку судовага разьбіральніцтва ён можа апынуцца за кратамі.

(Севярынец: ) “У часе, калі мы чакалі адваката, мне на мабільны тэлефон патэлефанаваў кэгэбіст, які мяне дапытваў на Акрэсьціна пасьля падзеяў 18 і 19 кастрычніка, і прапанаваў сустрэцца. Тэлефанаваў тройчы. Я яму адказаў, што, натуральна, ніякай сустрэчы не будзе. Сам факт характэрны. Я цудоўна разумею, што справа фактычна ня носіць юрыдычнага характару. Справа палітычная, палітычная замова. Гэта боязь уладаў вулічных выступаў, тых, хто можа арганізаваць гэтыя выступы. Баяцца самой тэмы аксамітнай рэвалюцыі. Баяцца вясны, таму й намагаюцца нэўтралізаваць актыўных удзельнікаў вулічных акцый.”

Мікола Статкевіч крымінальную справу называе фарсам. Днямі ён вызначыцца, ці будзе знаёміцца з матэрыяламі справы і даваць паказаньні ў судзе.

(Статкевіч: ) “Палітычная замова гэтай справы відавочная, хаця б таму, што няма пацярпелых. Нават грамадзкі транспарт не спыняўся. Ну, магчыма, будуць зараз палохаць прадаўшчыц у крамах, бо напісана, што заміналі працы крамаў, каб яны казалі, што менш пакупнікоў было. Але відавочна, што гэта будзе судовы фарс, бо незалежнай судовай творчасьці няма. Відавочна, што рашэньне будзе прымаць не судзьдзя. Зараз я разважаю, што рабіць – удзельнічаць у судовым фарсе і адказваць на пытаньні, ці папросту паставіцца да гэтага ўсяго менавіта як да фарсу. Буду яшчэ раіцца з калегамі, буду думаць. Але прыходжу да высновы, што чытаць гэтыя 6 тамоў і адказваць на пытаньні ў судзе сэнсу няма”.

Калі суд прыме рашэньне максымальна пакараць апазыцыянэраў, яны могуць апынуцца за кратамі тэрмінам на тры гады.
XS
SM
MD
LG