Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэры спэцпрыёмніка папоўніліся палітвязьнямі


Любоў Лунёва, Менск На 10 сутак арыштавалі каардынатара ініцыятывы “Хартыя-97” Зьмітра Бандарэнку і актывіста моладзевага руху “Зубр” Мікіту Сасіма. Іх затрымалі ў часе правядзеньня акцыі пратэсту супраць зьняволеньня Міхаіла Марыніча і абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Аляксей Бычко разглядаў справы Мікіты Сасіма і Зьмітра Бандарэнкі больш за тры гадзіны. Затрыманыя не адмаўляліся ад удзелу ў акцыі. У іх выклікала абурэньне абвінавачаньне ў дробным хуліганстве. Амонаўцы казалі, што Мікіта Сасім нецэнзурна лаяўся і чапляўся да мінакоў.

Нягледзячы на тое, што міліцыянты блыталіся ў паказаньнях, спасылаючыся на кепскую памяць, а сьведкі з боку Мікіты абвяргалі паказаньні міліцыянтаў, судзьдзя вынес пастанову арыштаваць хлопца на 10 сутак.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Мікіта Сасім паведаміў Радыё Свабода, што іншага выніку суду і не чакаў.

(Сасім: ) “Я выйду, а хтосьці сядзе. Магчыма, той, што мяне судзіў. Мяне арыштавалі, каб не дапусьціць маёй прысутнасьці на акцыях, якія цяпер адбываюцца і будуць адбывацца ў падтрымку палітзьняволеных. Я ўжо ня першы раз сяджу”.

Супраць Максіма Сасіма вядзецца яшчэ і крымінальная справа.

Яго абвінавачваюць у тым, што ён зрабіў надпісы: “Свабоду Марынічу!”, якія нанесьлі істотны матэрыяльныя страты жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. На 1 мільён рублёў гарадзкія ўлады ацанілі зафарбоўку надпісу ля ўваходу ў мэтро насупраць будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Столькі ж нібыта каштавалі бюджэту надпісы на будынку БРСМ і трыбуне на Кастрычніцкай плошчы.

Зьміцер Бандарэнка хадайнічаў, каб заслухалі сьведкаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі і былі відавочцамі затрыманьня. Ён аргумэнтаваў гэта тым, што быў разам з жонкай і ня лаяўся на мінакоў, як сьведчаць амонаўцы. Больш за тое, сьведкі абвінавацілі міліцыянтаў у тым, што яны паводзілі сябе груба і штурхалі жанчын так, што тыя ледзь ня падалі. Але судзьдзя даволі хутка абвясьціў прысуд — арышт на 10 сутак. Зьміцер Бандарэнка пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода. Ён не выключае, што адміністрацыйны арышт можа мець нэгатыўныя наступствы.

(Бандарэнка: ) “Магчыма, яны палохаюцца 25 сакавіка. Магчыма, нехта перагледзеўся навінаў з Кіргістану. Ня справа выставіць нас хуліганамі, а справа выключыць нас з грамадзкага жыцьця. Маё адчуваньне, што гэта не апошнія мае 10 сутак. Магчыма, да мяне ўжывуць нешта падобнае да таго, што зрабілі з Шумчанкам. Адразу заяўляю, што нікога біць не зьбіраюся, парушаць нічога не зьбіраюся. Ёсьць адчуваньне, але гэта ня толькі інтуіцыя, але і пэўная інфармацыя”.

Такім чынам, у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна цяпер знаходзіцца пяць актыўных удзельнікаў вулічных акцыяў: Максім Вінярскі, Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Бандарэнка і Мікіта Сасім. Упершыню ўлады ня сталі ўжываць да затрыманых артыкул наконт парушэньня грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавай акцыі. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
XS
SM
MD
LG