Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя завяла крымінальную справу па факце атакі нэанацыстаў на дыскатэцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск 16 сакавіка падчас бойкі, справакаванай нэанацыстамі, быў паранены менскі школьнік Максім Шарыпкін. Ён мяркуе, што 25 сакавіка актывісты нэанацысцкіх груповак могуць спрычыніцца да бойкі з прадстаўнікамі апазыцыі. Наш карэспандэнт запісаў інтэрвію зь юнаком, які знаходзіцца на лячэньні ў Дзіцячым хірургічным цэнтры Менску.

15-гадовы менскі школьнік Максім Шарыпкін належыць да стрэйтэйджэраў. Гэта нефармальнае аб’яднаньне падлеткаў, якія сьвядома не ўжываюць наркотыкаў і алькаголю, ня паляць і выступаюць за мірныя адносіны паміж людзьмі ва ўсім сьвеце. Аднак 16 сакавіка міралюбцу Максіму Шарыпкіну давялося папрацаваць кулакамі. Гэта здарылася пасьля вечарыны ў менскай дыскатэцы “Лео”. Максім распавядае пра гэтае здарэньне, лежачы на ложку 4-й палаты Дзіцячага хірургічнага цэнтру.

(Шарыпкін: ) “Гэта на вуліцы адбылося, пасьля дыскатэкі. Яны напалі на нас, пачалася бойка. Мы пачалі абараняцца. А што гэта былі нэафашысты, мы зразумелі па іх крыках “Зіг хайль!”. Іх было чалавек дваццаць, можа, і трыццаць”.

У той бойцы Максім быў паранены. Яму парэзалі сьпіну і разьбілі галаву. Максім кажа, што нэанацысты былі ўзброеныя нажамі і мэталічнымі прутамі і рабілі ўсё, каб абавязкова ўчыніць бойку.

(Шарыпкін: ) “Яшчэ калі дыскатэка ня скончылася, яны туды спрабавалі прарвацца і выклікалі нас на бойку. А потым, калі нам ужо трэба было сыходзіць, мы выйшлі, і гэтак усё атрымалася”.

Паводле Максіма, калі пачалася бойка, ахоўнікі дыскатэкі адразу выклікалі міліцыю, але міліцыянты зьявіліся толькі праз 10–15 хвілінаў. Такім чынам, без умяшальніцтва міліцыянтаў бойка спынілася з-за таго, што на дапамогу выйшлі ўсе ўдзельнікі дыскатэкі, і нэанацысты пабаяліся колькаснай перавагі.

Ці магчыма, што 25 сакавіка, у Дзень Волі, нэанацысты справакуюць нешта падобнае на вуліцах Менску, пацікавіўся я меркаваньнем Максіма. Ён сказаў, што яшчэ да падзеяў 16 сакавіка бачыў у горадзе ўлёткі пра марш нэанацыстаў, прызначаны на 25 сакавіка. Паводле высноваў Максіма, мясцовых нэанацыстаў у Менску пад некалькіх соцень, а яшчэ могуць прыехаць і зь іншых гарадоў, таму ён сапраўды не выключае нейкіх правакацыяў.

(Шарыпкін: ) “Справакуюць, і пачнецца бойка, як тады. Нават больш сур’ёзная”

Пры гэтым Максім сказаў, што ягоныя сябры і ён сам не баяцца нэанацыстаў. Хлопец лічыць, што ім можна і трэба даваць адпор.

Лекары Дзіцячага хірургічнага цэнтру паведамілі, што паранены Максім Шарыпкін папраўляецца і празь некалькі дзён яго выпішуць дамоў.

Супрацоўніца прэсавай службы менскай міліцыі Анжаліка Гурыновіч паведаміла, што па факце хуліганства 16 сакавіка на дыскатэцы “Лео” заведзеная крымінальная справа. Тры чалавекі былі затрыманыя, зь іх адзін дагэтуль у ізалятары, яму прад’яўленае абвінавачаньне. Пра магчымае шэсьце нэанацыстаў супрацоўніца гарадзкой міліцыі заявіла: “Нашае начальства пра гэта паінфармаванае, міліцыя будзе працаваць, каб спыніць любыя антызаконныя дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG