Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: “Чаму ўлады не выконваюць рашэньня Канстутыцыйнага суду?”


Галіна Абакунчык, Менск Канстутыцыйны суд Беларусі прыняў рашэньне, паводле якога дазвольны штамп на выезд за межы краіны з наступнага году можа быць адменены. Пазнака дзейнічае тэрмінам ад году да пяці, за кожны год неабходна плаціць суму, роўную адной базавай велічыні. У шэрагу зацікаўленых ведамстваў, у тым ліку МУС, КДБ і Камітэце памежных войскаў, заяўляюць, што не гатовыя адмовіцца ад дазвольнага запісу, паколькі не існуе мэханізму, які гэтак жа эфэктыўна дапаможа кантраляваць перамяшчэньне грамадзянаў. Як грамадзяне ставяцца да таго, што праваахоўныя органы не выконваюць рашэньня Канстутыцыйнага суду? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “Натуральна, што гэта незаконна. Таму яны павінныя выконваць рашэньне Канстутыцыйнага суду. Такое маё меркаваньне на гэты конт”.

(Юначка: ) “Канечне, маё стаўленьне адмоўнае. Чаму яны не выконваюць? Павінны выконваць, калі гэта вырашыў найвышэйшы суд і калі гэта на карысьць народу. Бо атрымаць гэты штамп на кожны год ня кожны можа дазволіць сабе ў фінансавым пляне. Акрамя таго, трэба шмат пабегаць, страціць шмат часу. Таму я лічу, што рашэньне Канстутыцыйнага суду павінна выконвацца”.

(Спадар: ) “Я лічу, што патрэбны нейкі дакумэнт, які надаваў бы права на выезд. І найлепшым выйсьцем з гэтага становішча ёсьць асобны пашпарт для выезду за мяжу. Бо як дзяржаве вызначаць тых, хто выехаў за мяжу, абараняць іхныя правы? Для рэгуляваньня такіх пытаньняў гэты дакумэнт абавязковы”.

(Юнак: ) “Я стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна, бо гэта парушае нашую Канстытуцыю і дае моцны штуршок для бюракратыі і карупцыі. Таму праваахоўныя органы ўсё ж такі мусяць падпарадкавацца Канстутыцыйнаму суду”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што калі праваахоўныя органы адмаўляюцца выконваць рашэньне Канстутыцыйнага суду, то для гэтага ў іх ёсьць нейкія прычыны. Думаю, што найперш матэрыяльныя”.
XS
SM
MD
LG