Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі камэнтуюць праект рэзалюцыі Крыстафэра Сьміта


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія ўлады пакуль вывучаюць ініцыяваны кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам праект рэзалюцыі амэрыканскага парлямэнту па Беларусі з заклікам да афіцыйнага Менску спыніць парушэньні правоў чалавека і неадкладна вызваліць палітзьняволеных. Палітыкі і родныя палітвязьняў гэты дакумэнт заўважылі.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі пакуль не выступаюць з ацэнкамі ініцыятывы кангрэсмэна Сьміта, ягоны праект вывучаецца, паведамілі ў прэсавай службе МЗС. У Палаце прадстаўнікоў да ініцыятывы новай рэзалюцыі Кангрэсу па Беларусі ставяцца пераважна нэгатыўна, але ёсьць там і больш памяркоўныя думкі. У прыватнасьці, дэпутат Вольга Абрамава лічыць прапановы Крыстафэра Сьміта адэкватнымі сытуацыі ў Беларусі:

(Абрамава: ) “У цэлым беларускае заканадаўства і судовая правапрымяняльная практыка выклікае шмат нараканьняў і падазрэньняў у тым, што многія справы зьяўляюцца палітычна матываванымі”.

На думку Вольгі Абрамавай, заклік амэрыканскіх кангрэсмэнаў пачуты беларускімі ўладамі ня будзе і не паўплывае на паводзіны афіцыйнага Менску.

(Абрамава: ) “Усё, што сёньня будзе зыходзіць з ЗША, ня будзе ўспрымацца ў нейкай форме, асабліва калі гэта робіцца публічна і дэкляратыўна”.

Адзінае, што беларускія ўлады могуць разглядаць пазытыўна, дык гэта магчымыя інвэстыцыі са Злучаных Штатаў, перакананая Вольга Абрамава.

Сын аднаго з палітвязьняў, вызваленьня якога патрабуе кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, Уладзімер Леванеўскі вітае гэтыя намаганьні:

(Леванеўскі: ) “Я лічу, што ў любым выпадку гэта дасьць свой вынік, я ня ўпэўнены, наколькі моцны будзе эфэкт, але ў любым выпадку рады, што такія заявы робяцца”.

Уладзімер Леванеўскі нядаўна наведаў у Івацэвіцкай калёніі свайго бацьку — прадпрымальніцкага лідэра Валерыя Леванеўскага, і той выказаў праз сына падзяку ўсім, хто дамагаецца ягонага вызваленьня.

Ініцыятыва Крыстафэра Сьміта грунтавалася на сьведчаньнях ў Кангрэсе лідэра БНФ Вінцука Вячоркі.

(Вячорка: ) “Ініцыятыва кангрэсмэна Сьміта якраз скіраваная на тое, каб стаўленьне Злучаных Штатаў да лукашэкаўскага рэжыму было завершаным, і “Акт аб дэмакратыі” меў неабходныя мэханізмы для выкананьня”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць ініцыятыву спадара Сьміта палітычнай падзеяй:

(Лябедзька: ) “Гэта яшчэ раз прыцягвае ўвагу кангрэсмэнаў з ЗША да беларускай праблематыкі. Калі пытаньне не гучыць часта ў Канрэсе — малая верагоднасьць прыняцьця як і палітычных дакумэнтаў, гэтак і таго, што мы называем рэсурсам”.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што пэрспэктывы прыняцьця новай рэзалюцыі па Беларусі Кангрэсам ЗША рэальныя, улічваючы пазытыўныя вынікі нядаўняй паездкі ў Вашынгтон групы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.
XS
SM
MD
LG