Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большая частка інвэстыцыяў у беларускую эканоміку ідзе з унутраных крыніцаў


Юлія Шарова, Менск Па выніках 2004 году, доля замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку склала ўсяго 3 адсотка ад агульнага аб’ёма інвэстыцыяў. У папярэднія гады гэты паказьнік таксама заставаўся прыкладна ў такіх межах – ад 3 да 5,5 адсоткаў. Сюды ўваходзяць як наўпростыя партфэльныя інвэстыцыі, гэтак і замежныя крэдыты пад гарантыі ўраду.

З чым зьвязваюць спэцыялісты гэткую нізкую актыўнасьць замежных інвэстараў – і ці ня ёсьць гэта вынікам прыняцьця год таму новага ўказу пра “залатую акцыю”? Гэты дакумэнт, нагадаем, значна пашырыў магчымасьць дзяржавы ўмешвацца ў дзейнасьць кампаніі, нават калі яна не зьяўляецца акцыянэрным таварыствам.

Намесьнік міністра эканомікі Леанід Дзямідаў цьвердзіць, што “залатая акцыя” не зьяўляецца прычынай нізкай актыўнасьць замежных інвэстараў. Пэўныя засьцярогі летась былі, аднак цяпер яны зьнятыя, лічыць ён.

(Дзямідаў: ) “Цяпер гэтае пытаньне зусім ня ставіцца. “Залатая акцыя” ня ўводзіцца на наноў створаных замежных прадпрыемствах. У нас інвэстары вельмі спакойна да гэтага ставяцца. Апошнім часам, колькі мы не дачыняліся з замежнымі інвэстарамі, у якасьці прычыны пагаршэньня ўмоваў працы ў Беларусі яны гэта не называюць”.

Спадар Дзямідаў таксама паведаміў, што большая частка інвэстыцыяў ідзе ўсё ж з унутраных крыніцаў. Так, 20 адсоткаў інвэстыцыяў у асноўны капітал прыйшлі з кансалідаванага бюджэту, 7,5 адсоткаў – з рэспубліканскага й 12,5 адсоткаў – зь мясцовых бюджэтаў. Грошы бяруцца таксама з розных фондаў, у выглядзе банкаўскіх крэдытаў і сродкаў фізычных асобаў. Сёлета плянуецца ўсяго прыцягнуць у эканоміку краіны 6,5 мільярды даляраў. Што да замежных крэдытаў пад гарантыі ўраду, то іх, са словаў намесьніка міністра эканомікі, робіцца ня так выгадна браць, бо яны сталі каштаваць даражэй за крэдыты беларускіх банкаў.

Як іншыя спэцыялісты ацэньваюць такую сытуацыю зь інвэстыцыямі? Кіраўнік “Асацыяцыі спрыяньня эканамічнаму разьвіцьцю” Васіль Шлындзікаў лічыць, што спадзявацца на ўнутраныя рэсурсы рызыкоўна. Так, актыўнае крэдытаваньне з айчыннай банкаўскай сыстэмы можа прывесьці да абвалу гэтай сыстэмы, лічыць спэцыяліст, бо на сёньняшні сродкі ўсіх беларускіх банкаў (іх 30) роўныя хіба сродкам аднаго сярэдняга пасьпяховага эўрапейскага банка. Таму замежныя інвэстыцыі неабходныя. Аднак цэлы комплекс праблемаў у эканоміцы і заканадаўстве перашкаджае замежным інвэстарам укладаць свае грошы ў Беларусь, кажа спадар Шлындзікаў.

(Шлындзікаў: ) “Залатая акцыя” – гэта адзін з элемэнтаў. Любы інвэстар разумее: навошта гуляць у гульні зь дзяржавай, якая можа ўвесьці “залатую акцыю”, можа адмяніць рашэньне акцыянэраў, можа пасадзіць дырэктара ў турму з надуманага абвінавачаньня? Тут комплекс праблемаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG