Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе жыць у Драздах і якім коштам?


Ігар Карней, Менск Праектам указу Аляксандра Лукашэнкі “Аб унясеньні зьменаў у Генэральны плян гораду Менску” значная частка ляндшафтнай тэрыторыі сталіцы, якая дагэтуль прызначалася пад паркавыя зоны, будзе аддадзеная пад забудову. У прыватнасьці, гэта тычыцца так званай “зоны 46”, больш вядомай як “Дразды”, дзе цягам апошняга часу актыўна ўзводзіцца катэджавы пасёлак для высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

У незалежнай прэсе неаднаразова ўздымалася праблема забудовы ў раёне комплексу “Дразды”. Чаму падобнае будаўніцтва стала магчымым увогуле? Генэральны плян Менску быў зацьверджаны указам Аляксандра Лукашэнкі ў 2003 годзе, і так званая “зона 46” значылася як “ляндшафтна-рэкрэацыйная” зь сярэдняй і нізкай нагрузкай. Іншымі словамі – з забаронай на будаўніцтва жылых аб’ектаў.

Аднак яшчэ да прыняцьця Генпляну ў ваколіцах “Драздоў” пачалося масавае будаўніцтва катэджаў, гаспадарамі якіх неўзабаве стане не адзін дзесятак вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. І менавіта пад іх, як шмат хто лічыць, праектам указу ствараецца легальная заканадаўчая база. Паводле адкарэктаванага Генпляну, цэлы шэраг ляндшафтных тэрыторый выводзіцца па-за паркавую зону, і на гэтых месцах узаконяцца будаўнічыя працы.

У адпаведнасьці са зьменамі ва ўказе, карэктуюцца і межы паркавага комплексу “Дразды”, зь якога выводзіцца надзел плошчай без малога 80 гектараў. І калі праект указу будзе падпісаны (а чакаецца, што гэта будзе зроблена неўзабаве), зона стане жылой на законных падставах. Дагэтуль, праўда, былі спадзяваньні, што, магчыма, Лукашэнка забароніць будаўніцтва, але вось што апавядае журналіст “Белорусской деловой газеты” Валерый Ляўкоў, які пільна сочыць за гісторыяй вакол “Драздоў”:

(Ляўкоў: ) “Спачатку наіўна спадзяваліся, што калі інфармацыя дойдзе да Лукашэнкі, то, магчыма, гэта спыніць будоўлю, каб яна хоць далей не разьвівалася. Але зараз зьявіліся непадмацаваныя сьведчаньні, што насамрэч там будуецца і старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, і таму спадзявацца, што будоўля будзе спыненая, не выпадае. Прэзыдэнт у курсе ўсяго; я ведаю, што яму пра ўсё дакладвалі, і ён толькі адказаў: што ж вы за гаспадары такія, калі ня можаце сабе дамы збудаваць…”

Хто з вышэйшых беларускіх чыноўнікаў мае намер будавацца ў “Драздах” – дакладнай інфармацыі няма, паколькі такія сьведчаньні параўнальныя зь дзяржаўнай таямніцай і разгалошваць іх ніводзін чыноўнік не асьмеліцца. Між тым, інфармацыя ўсё роўна выходзіць на паверхню. Так, акадэмік Аляксандар Вайтовіч у бытнасьць старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу таксама атрымаў прапанову на будаўніцтва ад тагачаснай кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай.

(Вайтовіч: ) “Спачатку Жураўкова прапаноўвала ўсім аднолькава: як яна казала, абыдзеццца будаўніцтва тысячаў па 70 даляраў. Гэта толькі сьцены паставіць, а ўнутраныя працы – асобна. Я спачатку паглядзеў адзін варыянт больш-менш танны, але ў мяне і тых грошай не было. Хоць і кажа Лукашэнка, што “Войтович проворовался”, але грошай няма. Альбо, можа, ля карыта дрэнна “рохкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Магчымых суседзяў сваіх вы ведалі?”

(Вайтовіч: ) “Канечне, ведаў. Усе высокія чыноўнікі: Папоў, Навіцкі, Сідорскі, Канаплёў, Паўлаў, Пракаповіч. І Лукашэнка ў тых сьпісах быў. Адны чыноўнікі, прычым высокапастаўленыя”.

Зь іншых крыніцаў стала вядома, што на пачатку, апроч Вайтовіча, адмовіўся ад будаўніцтва і старшыня камітэту Дзяржкантролю Анатоль Тозік – таксама засумняваўся ў сваёй платаздольнасьці. Аднак потым ці то сродкі зьявіліся, ці яго ўгаварылі, але зараз Тозік таксама будуецца. Ёсьць зьвесткі, што прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі атрымаў пазыку ў банку і цяпер яго надзел пад банкавым закладам. Апроч таго, як кажуць, актыўна забудоўваюць свае надзелы намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў і, нягледзячы на адлучэньне ад улады, Урал Латыпаў.

Як мы ўжо чулі, былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова прапаноўвала Аляксандру Вайтовічу пабудавацца за 70 тысячаў даляраў. Дык вось, спадар Вайтовіч дагэтуль не разумее: якім чынам гэта можа сабе дазволіць чыноўнік нават высокага рангу?

(Вайтовіч: ) “Я паглядзеў, што пры заробках, якія атрымліваюць чыноўнікі (а майго ўзроўню гэта чыноўнік высокі), то катэдж пабудаваць немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж, верагодна, прапаноўвалі на будаўніцтва крэдыты?”

(Вайтовіч: ) “Крэдыты прапаноўвалі. Але я і крэдыты палічыў (я ж лічыць умею), і гэта немагчыма. Для мяне з маёй зарплатай старшыні Савету рэспублікі такое будаўніцтва пацягнуць немагчыма. Таму ўзьнікае адразу пытаньне (нават не пытаньне, а перакананьне), што, значыць, у людзей ёсьць грошы – большыя, чым заробкі”.

Заказчыкам катэджавага пасёлку выступае трэст “Промстрой”, які будуе ня толькі для чыноўнікаў, але і для “шырокіх масаў”. Пры гэтым жаданьне ў забудоўшчыкаў цалкам лягічнае – акупіць будоўлю, бо кошты катэджаў для чыноўнікаў нават пры вялізных на першы погляд сумах істотна заніжаныя. Таму суседзямі кіраўнікоў краіны могуць стаць і звычайныя, але багатыя, людзі.

І попыт на катэджы, мяркуючы па ўсім, апярэджвае тэмпы ўласна будаўніцтва. Я затэлефанаваў у адно з менскіх агенцтваў нерухомасьці, якое спэцыялізуецца на элітным жытле, каб пацікавіцца: якія варыянты маюцца ў наяўнасьці зараз?

(Супрацоўніца агенцтва: ) “Гэта вы наконт “Драздоў” цікавіцеся? Зараз, хвіліначку, пагляджу, але, па-мойму, няма ўжо варыянтаў… Так, няма…”

І гэта пры тым, што кошт катэджаў, як кажуць, “у голым выглядзе” (без унутранага аздабленьня) ў “Драздах” на продаж стартуе ад 150-200 тысячаў даляраў. Дарэчы, цікавы факт: новыя забудовы ўжо атрымалі адпаведныя назвы вуліцаў, ухваленыя сталічнымі ўладамі (усе ў расейскім варыянце): вуліца Золотая, Серебряное кольцо, а таксама завулкі Изумрудный і Агатовый. Назвы, як кажуць, у адпаведнасьці з публікай.
XS
SM
MD
LG