Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сакавіка 1716 году была створаная Віленская канфэдэрацыя


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 23 сакавіка

23 сакавіка адзначаецца міжнародны Мэтэаралягічны дзень. Менавіта ў такі дзень у 1950 годзе ўступіў у дзеяньне статут Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі. Гэта міжурадавая спэцыялізаваная ўстанова ААН, створаная для супрацоўніцтва ў галіне назіраньняў за надвор’ем, абмену інфармацыяй. Штаб яе знаходзіцца ў Жэнэве, а аб’ядноўвае яна 159 краінаў, у тым ліку і Беларусь.

23 сакавіка 1716 году была створаная Віленская канфэдэрацыя – саюз беларускай і літоўскай шляхты, накіраваны супраць палітыкі абсалютызму тагачаснага кіраўніка краіны Аўгуста ІІ Моцнага. Трэба заўважыць, што ні да гэтай падзеі, ні пасьля ў гісторыі Беларусі ніколі не было свайго аўтарытарнага кіраўніка, які б захапіў у рукі ўсю ўладу ў краіне. Вялікіх князёў заўсёды выбіраў Сойм. Гэты старажытны парлямэнт таксама вырашаў лёс вялікага князя. Дык вось, калі Аўгуст ІІ паспрабаваў увесьці ў старажытнай Беларусі спадчынную манархію для свайго сына, тады абураная арыстакратыя і стварыла Віленскую канфэдэрацыю. У выніку перамоваў з каралём шляхта дамаглася свайго – каралеўская ўлада была абмежаваная, а правы шляхты – пашыраныя.

23 сакавіка 1918 году дэлегацыя Віленскай Беларускай Рады на чале з Антонам Луцкевічам прыбывае ў Менск. Менскія дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ вагаліся – ці абвяшчаць БНР як цалкам незалежную ад Расеі краіну. І вось прыезд віленчукоў стаў вырашальным. 23 сакавіка Антон Луцкевіч выступіў на паседжаньні Народнага Сакратарыяту – тагачаснага ўраду. Ён гаварыў, што фармальна Беларусь застаецца тэрыторыяй Расеі, бо ні першая, ні другая ўстаўныя граматы не скасоўваюць абвешчанай на І Усебеларускім кангрэсе фэдэратыўнай сувязі з Расеяй. Тым часам падзеі паказалі, што спадзявацца на ўсходняга суседа нельга. Расея зь Нямеччынай, не спытаўшыся ў беларусаў, падзялілі нашу зямлю паміж сабою ў выніку падпісанага бальшавікамі Берасьцейскага міру. Пасьля гэтай прамовы менш чым праз два дні Беларусь будзе абвешчаная незалежнай краінай, вольнай ад якіх-небудзь дзяржаўных сувязяў і саюзаў.

Сярод знакамітых людзей, якія прыйшлі на сьвет 23 сакавіка ў розныя гады, згадаем сёньня францускага пісьменьніка, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Ражэ дзю Гара, амэрыканскага псыхааналітыка Эрыха Фрома, беларускага кампазытара Ісака Любана, які напісаў песьню “Бывайце здаровы”, і знакамітага японскага кінарэжысэра Акіру Курасаву.
XS
SM
MD
LG